Пошук

06.09.2017 16:03   be.radiovaticana.va / Фота: © Osservatore Romano (KNA) / Catholic.by

Папа Францішак распачаў падарожжа ў Калумбію. 6 верасня ў 11.00 па рымскім часе самалёт італьянскай авіякампаніі Alitalia з Пантыфікам на борце вылецеў з аэрапорта Fiumicino ў напрамку Багаты.

Палёт працягнецца больш за дванаццаць гадзін і будзе даўжэй, чым планавалася спачатку. У сувязі з ураганам у рэгіёне Карыбскага мора Папа праляціць не толькі над тэрыторыяй Італіі, Францыі, Іспаніі, Партугаліі (Азорскія астравы), ЗША (Пуэрта-Рыка), Нідэрландскіх Антыльскіх астравоў, Венесуэлы і Калумбіі, але таксама над Барбадосам, Грэнадай і Трынідад і Табага.

Вечарам 5 верасня Святы Айцец наведаў базыліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе памаліўся ў інтэнцыі свайго падарожжа перад абразом Маці Божай Апякункі рымскага народа.

Просьбу аб малітве ён таксама скіраваў праз свой профіль у сацыяльнай сетцы Twitter. «Дарагія сябры, прашу, маліцеся за мяне і ўсю Калумбію, куды накіруюся ў падарожжа пад знакам паяднання і супакою», — напісаў Папа.

Пілігрымка будзе працягвацца да 11 верасня і стане 20-м міжнародным падарожжам папы Францішка і пятым у Лацінскую Амерыку. Раней у гэтай частцы свету Пантыфік наведваў Бразілію, Эквадор, Балівію, Парагвай, Кубу і Мексіку.

Візіт будзе насіць душпастырскі характар. Яго дэвіз — «Зробім першы крок» — з’яўляецца заклікам да прымірэння, якога калумбійскі народ патрабуе пасля больш чым 50-гадовай грамадзянскай вайны.

Аб рашэнні Папы наведаць гэтую краіну было абвешчана 10 сакавіка 2017 г., або праз дзевяць месяцаў пасля падпісання ў Гаване мірнага пагаднення паміж галоўнымі бакамі супрацьстаяння — уладамі і групоўкай «Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калумбіі» (FARC).

Абноўлена 06.09.2017 16:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.