Пошук

01.09.2017 15:55   be.radiovaticana.va / Catholic.by

«Наша чалавечая годнасць і дабрабыт глыбока злучаны з нашым клопатам аб стварэнні», — падкрэслілі папа Францішак і Патрыярх Барталамей І у апублікаваным 1 верасня сумесным пасланні на Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння.

«Апавяданне пра стварэнне сусвету дае нам панарамнае бачанне свету. Святое Пісанне адкрывае, што “напачатку” Бог задумаў, каб чалавецтва супрацоўнічала ў абароне і ахове прыроднага асяроддзя. Напачатку, як чытаем у кнізе Быцця, “яшчэ не было на зямлі ніякага палявога куста і не расла яшчэ ніякая палявая трава. Бо Пан Бог не пасылаў дажджу на зямлю, і не было чалавека, каб апрацоўваць зямлю” (Быц 2, 5). Зямля была нам даверана як найвышэйшы дар і спадчына, за якую мы ўсе адказныя пакуль “напрыканцы” ўсё на небе і на зямлі не будзе абноўлена ў Хрысце (пар. Эф 1, 10). Наша чалавечая годнасць і дабрабыт глыбока злучаны з нашым клопатам аб стварэнні», — гаворыцца ў дакуменце.

Адзначаецца, што зараз гісторыя свету паказвае цалкам іншую сітуацыю. «Яна дэманструе нам сцэнарый маральнага заняпаду, дзе нашае стаўленне і паводзіны ў адносінах да стварэння засланяюць нашае пакліканне як супрацоўнікаў Бога. Наша схільнасць да разбурэння кволых і збалансаваных экасістэм свету, няўтольнае жаданне маніпуляваць і кантраляваць абмежаваныя рэсурсы планеты, прагнасць здабыцця бязмежнай выгады на рынках — усё гэта адлучыла нас ад першапачатковай задумы стварэння. Мы больш не паважаем прыроду, як супольны дар; замест гэтага лічым яе прыватнай уласнасцю. Мы больш не сябруем з прыродай, каб падтрымліваць яе; замест гэтага мы пануем над ёй, каб умацоўваць нашы структуры», — падкрэслілі кіраўнікі Цэркваў.

Паводле Папы і Патрыярха, наступствы гэтага альтэрнатыўнага бачання трагічныя і доўгатрывалыя. «Чалавечае і прыроднае асяроддзе падлягаюць адначасоваму знішчэнню, а знішчэнне планеты становіцца цяжарам для найбольш безабаронных яе жыхароў. Наступствы кліматычных зменаў у першую чаргу ўплываюць на людзей, якія жывуць у беднасці ва ўсіх частках свету. Наш абавязак адказнага карыстання дарамі зямлі азначае прызнанне і павагу да ўсіх людзей і ўсіх жывых стварэнняў. Тэрміновы выклік і пакліканне да клопату аб стварэнні з’яўляюцца заклікам да ўсяго чалавецтва, каб прыкласці намаганні на карысць устойлівага і інтэгральнага развіцця», — напісана ў дакуменце.

Кіраўнікі Цэркваў скіравалі заклік да ўсіх людзей добрай волі, каб прысвяцілі 1 верасня малітве ў інтэнцыі навакольнага асяроддзя.

«З гэтай нагоды мы жадаем скласці падзяку любячаму Стварыцелю за цудоўны дар стварэння і абавязацца бараніць і ахоўваць яго дзеля дабра будучых пакаленняў. Мы ведаем, што наша праца дарэмная, калі Пан не на нашым баку (пар. Пс 126-127), калі малітва не знаходзіцца ў цэнтры нашых разважанняў і цэлебрацыі. Канешне, мэтай нашых малітваў з’яўляецца змена разумення свету, каб змяніліся нашы адносіны да яго. Мэтай нашых прапановаў з’яўляецца заахвочванне да адвагі ў прыняцці большай прастаты і салідарнасці ў нашым стылі жыцця», — гаворыцца ў пасланні.

Папа Францішак і Барталамей І заклікалі ўсіх, хто мае адказнасць у грамадскай, эканамічнай, палітычнай і культурнай сферах, каб пачулі вокліч зямлі і заняліся патрэбамі маргіналізаваных асобаў, а перш за ўсё, каб адказалі на мальбу мільёнаў людзей і падтрымалі глабальны кансэнсус на карысць аздараўлення параненага стварэння. «Мы перакананыя, што не можа быць шчырага і трывалага вырашэння экалагічнага крызісу і кліматычных змен без узгодненага і супольнага адказу на яго, без сумеснай і супольнай адказнасці, без надання прыярытэту салідарнасці і служэнню», — адзначылі кіраўнікі Цэркваў.

Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле з 2015 г. Папа Францішак устанавіў яго, падтрымаўшы ініцыятыву праваслаўных хрысціян, якія адзначаюць гэты Дзень з 1989 г. Ён патлумачыў сваю ініцыятыву жаданнем вызнаўцаў Хрыста «зрабіць свой унёсак у перамогу над экалагічным крызісам, які перажывае чалавецтва» і заклікаў да сапраўднага «экалагічнага навяртання».

Абноўлена 01.09.2017 15:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.