Пошук

31.08.2017 14:39   be.radiovaticana.va / Catholic.by

«Усім добра вядома, наколькі важнае месца сярод святых сучаснай эпохі займае Тэрэза з Калькуты, асабліва за вытрывалую працу і самаадданасць, з якой яна несла дапамогу бедным і слабым», — напісаў папа Францішак у лісце да свайго спецыяльнага пасланніка на кансэкрацыю касцёла Маці Тэрэзы ў Прышціне, сталіцы Косава.

Урачыстасці пройдуць 5 верасня, а прадстаўляць Пантыфіка на іх будзе албанскі кардынал Эрнэст Сымані. 89-гадовы іерарх з’яўляецца жывым сімвалам пакутаў албанскіх хрысціян у эпоху камуністычнага пераследу. Прэзбітэрскае пасвячэнне ён атрымаў патаемна ў 1956 г. У вігілію Божага Нараджэння 1963 г. быў арыштаваны і асуджаны на смерць. Пазней гэтае пакаранне было заменена 18 гадамі турэмнага зняволення, на працягу якіх ён працягваў займацца душпастырствам сярод вязняў. На свабоду святар выйшаў у 1990 г. Папа Францішак падчас свайго візіту ў Албанію ў верасні 2014 г. быў глыбока крануты яго сведчаннем, а ў 2016 г. надаў яму кардынальскую годнасць.

У лісце да свайго легата Пантыфік падкрэсліў, што новы касцёл Маці Тэрэзы з Калькуты ў Прышціне з’яўляецца знакам пашаны да годнасці і дзейснасці гэтай выдатнай постаці. Адначасова ён павінен паспрыяць евангелізацыі сярод мясцовых жыхароў і развіццю дабрачынных ініцыятыў на іх карысць. Праз свайго пасланніка папа Францішак перадаў усім удзельнікам кансэкрацыйнай урачыстасці сваё благаслаўленне і пажаданне духоўнага абнаўлення.

Абноўлена 01.09.2017 12:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.