
17 верасня біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка здзейсніў кананічную візітацыю ў парафіях Івацэвіч, Косава і вёскі Волька.
Візітацыя распачалася з самай раніцы вітаннем шаноўнага госця вернікамі парафіі Святой Тройцы ў Косаве і яе пробашчам кс. Адамам Страчынскім, які ўжо не першы год нясе служэнне ў гэтым касцёле, а таксама ў Івацэвічах і Вольцы.
Біскуп цэлебраваў святую Імшу, падчас якой у гаміліі звярнуў увагу на прыклад церпячага Езуса Хрыста і Яго Маці, на хрысціянскае значэнне крыжа і цярпення. Таксама іерарх падкрэсліў важнасць вялікай ахвяры Езуса Хрыста для кожнага чалавека.

Пасля Імшы пінскі ардынарый сустрэўся з касцёльным камітэтам і вернікамі. Затым іерарх наведаў парафіяльныя могілкі, каб памаліцца за памерлых.
Апоўдні пастыра Пінскай дыяцэзіі сустракалі парафіяне касцёла свв. Пятра і Паўла ў Івацэвічах. Падчас урачыстай святой Імшы біскуп удзяліў сакрамэнт канфірмацыі шматлікім кандыдатам. У гаміліі іерарх звярнуў увагу на значэнне і важнасць гэтага сакрамэнту.
Пасля Імшы арцыпастыр сустрэўся з касцёльным камітэтам, міністрантамі і парафіянамі. Завяршылася кананічная візітацыя наведваннем парафіяльнай супольнасці ў вёсцы Волька, дзе іерарх узначаліў святую Імшу.
