Пошук

01.12.2020 13:35   Svjazep.org
Айцец Віталь Быстроў. Фота: https://carkva-gazeta.by

30 лістапада грэка-каталіцкі святар айцец Віталь Быстроў быў асуджаны ў Івацэвічах да арышту на 10 сутак паводле арт. 23.34 КаАП.

У сувязі з гэтым на старонцы грэка-каталіцкай парафіі святога і праведнага Язэпа ў Мінску Svjazep.org з’явілася Паведамленне прэс-службы курыі Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі.

Як паведамляецца, святар Віталь Быстроў жыве ў Івацэвічах, працуе на свецкай працы і нясе сацыяльнае служэнне на тэрыторыі ўсёй Брэсцкай вобласці. Ён не прыпісаны да кліра Івацэвіцкай грэка-каталіцкай парафіі.

Адказваючы на абвінавачанне ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, а. Віталь не прызнаў сваёй віны. Ён растлумачыў, што падчас самастойнага шпацыру па вул. Савецкай меў некалькі размоў з мінакамі. Падчас знаходжання ў натоўпе ён таксама меў гутарку з супрацоўнікамі МУС, падчас якой прадставіўся і растлумачыў, адкуль ён. Ніякай актыўнасці, якую можна было кваліфікаваць як удзел у масавай акцыі, а. Віталь, паводле ягонага сведчання, не праяўляў.

Не заглыбляючыся ў глыбокія юрыдычныя спрэчкі, лічым неабходным адзначыць, што суб’ектыўна складу правапарушэння ў дзеяннях а. Віталя Быстрова не бачым, бо вуліца Савецкая з’яўляецца месцам, дзе амаль заўсёды прысутнічае шмат людзей.

Пасля гэтых падзей, яшчэ да з’яўлення інфармацыі пра распачацце адміністрацыйнага працэсу супраць а. Віталя, грэка-каталіцкая парафія Маці Божай Жыровіцкай атрымала папярэджанне з матывіроўкай «за ўдзел святара ў несанкцыянаваных мерапрыемствах».

У нас выклікае здзіўленне паспешнасць, з якой было вынесена папярэджанне, яшчэ да прызнання а. Віталя Быстрова вінаватым.

Не меншае здзіўленне выклікае факт вынясення папярэджання парафіі ў Івацэвічах за дзеянні, якія адбываліся ў Брэсце. Асобна варта падкрэсліць, што а. Віталь не прыпісаны да кліра Івацэвіцкай парафіі, што яшчэ больш паглыбляе абсурднасць сітуацыі.

Засмучае таксама факт вынясення папярэджання парафіі за дзейнасць фізічнай асобы, што мае прыкметы ўвядзення практыкі калектыўнай адказнасці.

Прэс-служба курыі Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі

Мінск, 1 снежня 2020 г.

Абноўлена 01.12.2020 13:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа