Кожную нядзелю папа Францішак звоніць у аргенцінскую турму строгага рэжыму «Эсэйса», што ў прыгарадзе Буэнас-Айрэса. Пра гэта Пантыфік прыгадаў у сваім відэапасланні да маладых людзей, якія вучацца ва ўніверсітэцкім цэнтры Эсэйса і супрацоўнічаюць з гэтай карнай установай.
У турме студэнты стварылі «прастору працы, культуры і развіцця, якая з’яўляецца знакам чалавечнасці». Святы Айцец адзначыў, што гэтая справа — заслуга як універсітэцкай супольнасці ў Буэнас-Айрэсе, так і зняволеных і наглядчыкаў.
Папа Францішак нагадаў, што зняволеныя «адбываюць пакаранне за ўчыненыя памылкі». «Не будзем забываць, што, каб гэтае пакаранне было плённым, яно павінна мець гарызонт надзеі, у адваротным выпадку яно будзе выключна прыладай катавання, якая не прыносіць плёну. Плённым жа з’яўляецца пакаранне з надзеяй, з надзеяй на вяртанне ў грамадства, і таму гэта павінна быць грамадская фармацыя, позірк у будучыню», — сказаў Пантыфік.
На заканчэнне відэапаслання Святы Айцец паўтарыў, што праблем сапраўды шмат, але надзея большая за праблемы.
Запіс папскага паслання прыводзіць партал ilsismografo.blogspot.it на іспанскай і італьянскай мовах.