Папа Францішак выказаў шкадаванне з нагоды нападу на касцёл у Нігерыі і забойства хрысціян у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы.
«Я глыбока засмучаны бойняй, якая адбылася ў мінулую нядзелю ў Нігерыі, у касцёле, дзе былі забітыя невінаватыя людзі. І, на жаль, сёння раніцай прыйшла інфармацыя пра забойства хрысціянаў у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы. Няхай спыніцца любая форма нянавісці і насілля. Няхай больш не будзе так агідных злачынстваў, здзейсненых у месцах культу, дзе вернікі збіраюцца на малітве. Падумаем пра нашых братоў і сясцёр у Нігерыі і Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы», — сказаў Папа 9 жніўня на заканчэнне агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане.
Узброеныя людзі ўварваліся 6 жніўня ў каталіцкі храм св. Філіпа ў Осубулу ў штаце Анамбра ва ўсходняй частцы Нігерыі і пачалі страляць у сабраных там вернікаў. У храме знаходзілася больш за 100 чалавек, якія бралі ўдзел у ранішняй святой Імшы. Паводле паведамленняяў СМІ, ёсць 12 смяротных ахвяр.
Сітуацыя ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, дзе ўжо больш за два з паловай гады ідуць сутыкненні хрысціянскіх і мусульманскіх груповак, абвастрылася пасля звяржэння прэзідэнта Франсуа Бозізэ, які знаходзіўся на чале краіны з 2003 года, і прыходу да ўлады самаабвешчанага прэзідэнта-мусульманіна Мішэля Джатодзіі.