Пошук

07.08.2017 17:55   ekai.pl / Catholic.by

Усё больш блізкай становіцца кананізацыя благаслаўлёнага Паўла VI, Біскупа Рыма ў 1963-1978 гг., якога тры гады таму беатыфікаваў папа Францішак. 20 чэрвеня Пантыфік падчас свайго візіту ў Боццала пацвердзіў сваю волю абвясціць святым Паўла VI.

Пра гэта паведамляе а. Адрыяна Б’янкі, рэдактар дыяцэзіяльнага выдання La Voce del Popolo ў Брешыа. Менавіта з гэтай дыяцэзіі паходзіць Джавані Батыста Манціні, будучы папа Павел VI.

Ужо больш года даследуецца цуд праз заступінцтва благаслаўлёнага Паўла VI. Гаворка ідзе пра невытлумачальнае і нечаканае аздараўленне дзяўчынкі, якая нарадзілася 25 снежня 2015 года. Гэта былі вельмі заўчасныя роды, у якіх, акрамя ўсяго, рана разарваўся плодны пузыр, з-за чаго жыццё дзіцяці было пад пагрозай.

Мама дзяўчынкі, Вана Піраната, малілася аб аздараўленні дачкі, просячы аб гэтым праз заступніцтва благаслаўлёнага Паўла VI, бо яна ведала: цуд, які стаўся да яго беатыфікацыі, таксама быў звязаны са складанай цяжарнасцю. Пастулатар працэсу а. Антоніа Марацца выбраў выпадак пра яшчэ ненароджанае тады дзіця на пачатку 1990-х гадоў у Каліфорніі.

У маладой цяжарнай жанчыны ўрачы выявілі сур’ёзныя праблемы з плодам і, улічваючы наступствы для мозгу дзіцяці, якія з’яўляюцца ў такім выпадку, прапанавалі ёй спыніць цяжарнасць. Аднак маці не пагадзілася і вырашала данасіць дзіця да яго нараджэння, давяраючыся пры гэтым — як сама вызнала — заступніцтву Паўла VI, які, у прыватнасці, у 1968 годзе абнародаваў энцыкліку Humanae vitae (Аб пераказванні чалавечага жыцця). Дзіця нарадзілася здаровым, але з прадстаўленнем справы чакалі некалькі гадоў, каб канчаткова пацвердзіць адсутнасць якіх-небудзь праблем з перыяду цяжарнасці, і тым самым мець магчымасць пацвердзіць цудоўнае аздараўленне.

Гаворка ідзе пра «выпадак сапраўды звышнатуральны, які адбыўся дзякуючы заступніцтву Паўла VI», — сказаў у 2012 годзе на Ватыканскім радыё айцец Марацца. Пастулатар звярнуў увагу, што гэтае аздараўленне ўпісваецца ў «лінію навучання» папы Манціні, які даў свету вышэйзгаданую энцыкліку, а гэты цуд звязаны з «абаронай жыцця, пра якую гаворыцца ў гэтым дакуменце, а таксама з абаронай сям’і, бо ў энцыкліцы гаворыцца і пра сужэнскую любоў, а не толькі пра зачацце жыцця».

У гаміліі падчас беатыфікацыйнай Імшы папа Францішак падкрэсліў, што яго папярэднік «кіраваў з дальнабачнай мудрасцю». «Адносна гэтага вялікага Папы, адважнага хрыціяніна і нястомнага апостала, перад Богам мы можам сказаць толькі простае слова, але адначасова шырокае і важнае: дзякуй! (...) За тваю пакору і прароцкае сведчанне любові да Хрыста і Яго Касцёла!»

6 жніўня прыпала 39-я гадавіна смерці Паўла VI.

Абноўлена 07.08.2017 18:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця