Пошук

24.04.2017 09:23  

«Міласэрнасць адчыняе дзверы розуму для лепшага разумення таямніцы Бога і нашага асабістага існавання», — азначыў папа Францішак 23 красавіка падчас малітвы «Уладарка неба» на плошчы Святога Пятра.

Дарагія браты і сёстры, дзень добры!

Вядома, што ў кожную нядзелю мы ўзгадваем уваскрасенне Пана Езуса, але ў велікодны перыяд гэтае значэнне нядзелі становіцца яшчэ больш яскравым. У традыцыі Касцёла гэтую нядзелю, першую пасля Пасхі, прынята было называць «белай» — in albis. Што гэта азначае? Гэты выраз павінен быў нагадваць пра абрад, які завяршалі тыя, хто прыняў хрост у Пасхальную вігілію. Кожнаму з іх уручалася белае адзенне: alba — белае, што сведчыла пра новую годнасць Божых дзяцей. Гэта робіцца і сёння: нованароджаным даюць маленькае сімвалічнае адзенне, а дарослыя яго апранаюць сапраўды і як мае быць, як мы гэта бачылі на Пасхальнай вігіліі. І гэтае белае адзенне ў мінулым насілі на працягу тыдня, да гэтай нядзелі, і адсюль паходзіць назва in albis deponendis, што азначае нядзелю, у якую здымаецца белае адзенне. І так, зняўшы белае адзенне, неафіты распачыналі сваё новае жыццё ў Хрысце і ў Касцёле.

Ёсць яшчэ адна рэч. На Юбілей 2000 года святы Ян Павел ІІ устанавіў, што гэтая нядзеля павінна быць прысвечана Божай Міласэрнасці. Сапраўды, гэта была добрая задума: сам Святы Дух натхніў яго на гэта. Усяго некалькі месяцаў таму мы завяршылі надзвычайны Юбілей Божай Міласэрнасці, і гэтая нядзеля запрашае нас зноў з моцаю прыняць ласку, якая паходзіць з Божай Міласэрнасці. Сённяшняе Евангелле распавядае пра з’яўленне ўваскрослага Хрыста вучням, сабраным у Вячэрніку (гл. Ян 20, 19–31). Святы Ян піша, што Езус, прывітаўшы сваіх вучняў, сказаў ім: «„Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас“. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і сказаў: „Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца“» (пар. Ян 20, 21–23). Вось у чым сэнс міласэрнасці, які раскрываецца менавіта ў дзень уваскрасення Езуса як прабачэнне грахоў. Уваскрослы Езус перадаў свайму Касцёлу ў якасці першага задання сваю ўласную місію несці ўсім канкрэтную вестку пра прабачэнне. Гэта — першае заданне: абвяшчаць прабачэнне. Гэты бачны знак Ягонай міласэрнасці нясе з сабою супакой сэрца і радасць новай сустрэчы з Панам.

У святле Пасхі міласэрнасць дае сябе адчуць як сапраўдная форма пазнання. Гэта важна: міласэрнасць — гэта сапраўдная форма пазнання. Мы ведаем, што можна пазнаваць у розных формах. Мы пазнаем з дапамогаю пачуццяў, пазнаем з дапамогаю інтуіцыі, з дапамогаю розуму і яшчэ ў іншых формах. Так, можна пазнаваць таксама з дапамогаю досведу міласэрнасці, таму што міласэрнасць адчыняе дзверы розуму для лепшага разумення таямніцы Бога і нашага асабістага існавання. Міласэрнасць дае нам зразумець, што насілле, злапамятнасць, помста не маюць ніякага сэнсу і што іх першая ахвяра — гэта той, хто жыве такімі пачуццямі, таму што ён пазбаўляе сябе ўласнай годнасці. Міласэрнасць таксама адчыняе дзверы сэрца і дазваляе выказаць блізкасць перадусім да тых, хто самотны і адкінуты, таму што схіляе да таго, каб успрымаць іх як братоў і дзяцей аднаго Айца. Яна спрыяе прызнанню тых, хто мае патрэбу ў суцяшэнні, і дапамагае знайсці адпаведныя словы, каб аказаць падтрымку.

Браты і сёстры, міласэрнасць саграе сэрца і робіць яго чулым да патрэбаў братоў дзякуючы дзяленню і ўдзелу. Міласэрнасць, наогул, усіх абавязвае быць прыладамі справядлівасці, паяднання і міру. Ніколі не будзем забывацца, што міласэрнасць — гэта краевуголны камень у жыцці веры і канкрэтная форма, у якой мы робім бачным уваскрасенне Хрыста.

Няхай Марыя, Маці Міласэрнасці, дапаможа нам верыць і з радасцю жыць усім гэтым.

Пасля малітвы «Уладарка неба»:

Дарагія браты і сёстры,

учора ў Аўеда, у Іспаніі, быў абвешчаны благаслаўлёным святар Луіс Антоніо Роза Арм’ерэс. Ён жыў у дзевятнаццатым стагоддзі і прысвяціў свае шматлікія чалавечыя і духоўныя здольнасці служэнню справе адукацыі, дзеля чаго заснаваў Кангрэгацыю сясцёр Анёла Ахоўніка. Яго прыклад і заступніцтва няхай дапамагаюць асабліва тым, хто працуе ў навучальных установах і на ніве адукацыі.

Ад усяго сэрца вітаю вас, рымскія вернікі і пілігрымы з Італіі і з розных краінаў, асабліва брацтва святога Себасцьяна з Керкрадэ (Нідэрланды), Нігерыйскі каталіцкі сакратарыят і парафію Маці Божай з Бохальта (Германія).

Вітаю польскіх пілігрымаў і выказваю высокую ацэнку ініцыятыве «Карытас» Польшчы ў падтрымку шматлікіх сем’яў у Сірыі. Асаблівае прывітанне тым, хто ўшаноўвае Божую Міласэрнасць, якія сёння сабраліся ў касцёле Святога Духа ін-Сасія, а таксама ўдзельнікаў «Забегу дзеля міру» — эстафеты, якая сёння вырушыць з гэтай плошчы і накіруецца ў Вітэнберг у Германіі.

Вітаю шматлікія групы юнакоў, асабліва канфірмаваных і якія рыхтуюцца да канфірмацыі — вас так шмат! — з дыяцэзій П’ячэнца-Бобіо, Трэнто, Кунэо, Мілана, Лодзі, Крэмоны, Бэргамо, Брэшы і Вічэнцы. А таксама школы імя Мазаччо з Трэвізо і інстытута Сан-Карпофоро з Комо.

Нарэшце, я дзякую ўсім тым, хто ў гэты час даслаў мне велікодныя віншаванні і пажаданні. Я сардэчна віншую ўзаемна, просячы для кожнага з вас і для ўсіх сем’яў ласкі Уваскрослага Пана. Усім добрай нядзелі і, калі ласка, не забывайцеся маліцца за мяне. Смачнага абеду і да пабачэння!

Дк. Мікола Гракаў

Абноўлена 23.08.2017 14:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.