Пошук

14.04.2017 15:18  

13 красавіка ў ватыканскай базыліцы святога Пятра адбылася Імша Хрызма з удзелам Папы Рымскага Францішка. Звяртаючыся да святароў з гаміліяй, Святы Айцец засяродзіўся тым, што такое радасная Вестка.

На прыкладзе св. Тэрэзы з Калькуты, а таксама на вобразах Марыі і Хрыста папа Францішак метафарычна нагадаў святарам пра тры мяхі, у якіх радасная Вестка добра захоўваецца — «не ператвараецца ў воцат і льецца ў дастатку».

«Без Багародзіцы мы не можам ісці наперад у нашым святарстве...»

«Усё тое, што абвяшчае Езус, а таксама і мы, святары, — гэта радасная Вестка, — адзначыў папа Францішак. — Радасная Вестка можа здавацца проста іншым назвай «Евангелля», як «Добрая Навіна», або «добрая Вестка». І ўсё ж яна мае ў сабе штосьці, што абагульняе ў сабе ўсё астатняе: радасць Евангелля».

Радасная Вестка — гэта каштоўная пярліна Евангелля. Гэта не рэч, гэта — місія. Гэта ведае той, хто адчувае «салодкую і суцяшальную радасць абвяшчаць Евангелле» (пар. Апостальская адгартацыя Evangelii gaudium, 10).

Радасная Вестка нараджаецца з Намашчэння. Першае «вялікае святарскае намашчэнне» Езуса было здзейснена Святым Духам ва ўлонні Марыі.

Радасці Евангелля — цяпер я кажу пра іх у множным ліку, таму што іх шмат і яны розныя ў залежнасці ад таго, як Дух жадае прамаўляць у кожную эпоху, да кожнай асобы ў кожнай асобнай культуры, — гэта асаблівыя радасці. — заўважыў Святы Айцец. — Іх трэба змяшчаць у новыя мяхі, пра якія кажа Пан, каб выказаць навізну свайго пасылу».

Тры мяхі для радасці. Якія?

«Я дзялюся з вамі, дарагія святары, дарагія браты, трыма вобразамі новых мяхоў, у якіх радасная Вестка добра захоўваецца — яе неабходна захоўваць, — не ператвараецца ў воцат і льецца ў дастатку», — заўважыў Папа.

Першы вобраз радаснай Весткі — гэта каменныя збаны з вяселля ў Кане. Евангелле кажа, што «напоўнілі іх аж да верху».



«Я ўяўяляю сабе, як хтосьці са слугаў глядзеў на Марыю, каб бачыць, ці столькі будзе дастаткова, і што Яна жэстам паказала дадаць яшчэ адно вядро, — адзначыў Папа. — Марыя — гэта новы мех паўнаты, што перадаецца іншым. Але дарагія мае, без Багародзіцы мы не можам ісці наперад у нашым святарстве!»

Другі вобраз радаснай Весткі, паводле Папы Рымскага, гэта той збан, які разам з драўлянай чарпалкай пад пякучым сонцам несла на галаве самаранка.

Поўны тэкст гаміліі папы Францішка

Хрыстус не меў прылады, каб зачарпнуць вады і выпіць некалькі глыткоў. Тады самаранка чарпалкаю ўзяла вады са свайго збана і наталіла смагу Пана. Як падкрэсліў Святы Айцец, «націснуўшы на мех душы гэтай самаранкі, з якой праз край лілася міласэрнасць, Святы Дух праліўся ва ўсіх жыхароў гэтай невялікай вёскі, якія запрасілі Пана спыніцца ў іх».

Святарская чуласць — «уменне дакранацца рукамі да ранаў»

Новы мех з гэтай унутранай канкрэтыкай Пан падараваў у душы «самаранцы», якой стала Маці Тэрэза з Калькуты. Ён паклікаў яе і сказаў: «Прагну».

«Маленькая мая, прыйдзі, занясі Мяне ў дзіры беднякоў. Прыйдзі, будзь маім святлом. Я не магу ісці сам. Яны не ведаюць Мяне і таму Мяне не хочуць. Занясі Мяне ім». І яна са сваёй усмешкай і сваім уменнем рукамі дакранацца да ранаў, занесла радасную Вестку ўсім.

«Уменне дакранацца рукамі да ранаў: святарская чуласць да хворых, да тых, хто ў роспачы. Святар — чалавек чуласці. Канкрэтнасць і чуласць!» — заўважыў папа Францішак.
Трэці вобраз радаснай Весткі — влізны Мех прабітага Сэрца Пана: маўклівая, пакорная і бедная цэласнасць, якая ўсіх прыцягвае да сябе.

«Абвяшчаць радасць бедным можна толькі з павагай і пакораю»

«У Яго мы павінны навучыцца, што абвяшчаць вялікую радасць тым, хто вельмі бедны, немагчыма ніяк інакш, як толькі з павагай і пакораю, ажно да прыніжэння», — дадаў Святы Айцец.

Евангелізацыя не можа быць напышлівай, чысціня праўды не можа быць жорсткай, таму што праўда сталася целам, сталася чуласцю, сталася дзіцем, сталася чалавекам, сталася грахом на крыжы.

Дух абвяшчае “ўсю праўду” і вучыць піць па глытку. Дух у кожны момант кажа нам, што мы павінны сказаць праціўнікам. Гэтая маўклівая цэласнасць дае радасць бедным, ажыўляе грэшных, дае ўздыхнуць тым, каго прыгнятае злы дух, — заключыў Пантыфік. — Будзем жа сузіраць гэтыя тры новыя мяхі і піць з іх, каб радасная Вестка дасягнула ў нас паўнаты».

Дк. Мікола Гракаў

Абноўлена 12.09.2017 12:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця