9 красавіка Святы Айцец Францішак на плошчы Святога Пятра ў Рыме ўзначаліў урачыстую літургічную цэлебрацыю Пальмовай нядзелі Мукі Пана. У цэнтры плошчы, каля абеліска, Папа паблагаславіў пальмы і аліўкі, а пасля працэсіі цэлебраваў святую Імшу Мукі Пана.
З нагоды ХХХІІ Сусветнага дня моладзі на тэму «Вялікае ўчыніў мне Усемагутны» (пар. Лк 1, 49) у цэлебрацыі ўзяла ўдзел моладзь з Рыма і з іншых дыяцэзій.
Прапануем пераклад гаміліі, якую Святы Айцец прамовіў пасля чытання Мукі Пана паводле святога Мацвея.
Гэтая цэлебрацыя мае нібы падвойны смак: салодкі і горкі; яна і радасная, і балесная, таму што ў ёй мы святкуем уваход Пана ў Ерузалем, дзе ягоныя вучні вітаюць Яго як караля, і ў той жа час урачыста абвяшчаецца евангельскае апісанне Яго Мукі. З-за гэтага наша сэрца адчувае пякучы кантраст і ў нейкай мінімальнай ступені перажывае тое, што павінен быў адчуваць у сваім сэрцы Езус у гэты дзень: у дзень, калі Ён радаваўся разам са сваімі сябрамі і плакаў над Ерузалемам.
32 гады таму радаснае вымярэнне гэтай нядзелі было ўзбагачана святам моладзі: Сусветным днём моладзі, які сёлета праходзіць на дыяцэзіяльным узроўні, але на гэтай плошчы неўзабаве будзе перажыты заўсёды хвалюючы момант гэтага дня, момант адкрытага далягляду, з перадачай крыжа кракаўскай моладдзю моладзі Панамы.
Евангелле, прачытанае перад працэсіяй (пар. Мц 21, 1–11), апісвае Езуса, які спускаецца з Аліўнай гары, седзячы вярхом на асляняці, на якое ніхто яшчэ ніколі не сядаў; у ім падкрэсліваецца энтузіязм вучняў, якія суправаджаюць Настаўніка святочнымі воклічамі; можна ўявіць сабе, як гэта перадалося падлеткам і юнакам горада, якія з крыкамі далучыліся да працэсіі. Сам Езус бачыць у такім радасным прыёме нястрыманую моц, якую хацеў Бог, і адказвае скандалізаваным фарысеям: «Кажу вам, калі яны змоўкнуць, дык камяні закрычаць!» (пар. Лк 19, 40).
Але наш Езус, які згодна з Пісаннем менавіта такім чынам уваходзіць у святы Горад, — гэта не нейкі фантазёр, які распаўсюджвае свае фантазіі, не нейкі прарок «новай эры» (new age), не прадавец паветра, а цалкам наадварот: гэта несумніўны Месія, з канкрэтным абліччам слугі, слугі Бога і чалавека, які ідзе на муку; гэта вялікі Пакутнік чалавечага болю.
Таму і мы, адзначаючы свята нашага Караля, задумаемся над мукаю, якую Ён павінен будзе выцерпець на гэтым Тыдні. Задумаемся над паклёпамі, над абразамі, над пасткамі, над пакінутасцю, над несправядлівым судом, над поўхамі, над бічаваннем, над цярнёвым вянком…, нарэшце задумаемся над крыжовым шляхам, ажно да ўкрыжавання.
Ён ясна сказаў сваім вучням: «Калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною» (пар. Мц 16, 24). Ён ніколі не абяцаў пашаны і поспехаў. Евангеллі гавораць ясна. Ён заўсёды папярэджваў сваіх сяброў, што такі Яго шлях і што канчатковая перамога павінна быць дасягнута праз цярпенне і крыж. Гэта адносіцца таксама да нас. Каб верна ісці за Езусам, папросім ласкі зрабіць гэта не на словах, а на справе і мець цярплівасць для нясення нашага крыжа: каб не адмовіцца ад яго, не адкінуць, але, гледзячы на Яго, прыняць яго і несці дзень пры дні.
І наш Езус, які дазваляе крычаць Яму «Гасанна!», хоць і ведае, што Яго чакае «Укрыжуй!», не патрабуе ад нас углядацца на Яго толькі на карцінах або фатаграфіях, або на відэа, якіх шмат у сеціве. Не. Ён прысутны у шматлікіх нашых братах і сёстрах, якія сёння, сёння церпяць мукі, як і Ён: пакутуюць ад нявольніцкай працы, пакутуюць ад сямейных драмаў, пакутуюць ад хваробаў… Пакутуюць з-за войнаў і тэрарызму, з-за інтарэсаў, якія прыводзяць у дзеянне зброю і прымушаюць яе паражаць. Падманутыя мужчыны і жанчыны, растаптаныя ў сваёй годнасці, адкінутыя… Езус у іх, у кожным з іх, і з гэтым знявечаным абліччам, з гэтым надарваным голасам просіць — нас просіць, — каб мы на Яго паглядзелі, каб мы Яго пазналі, каб мы Яго палюбілі.
Няма іншага Езуса: гэта Ён, той самы, які ўвайшоў у Ерузалем, сярод узмахаў галінак пальмаў і алівак. Той самы, які быў прыбіты цвікамі да крыжа і памёр сярод двух злачынцаў. Мы не маем іншага Пана, акрамя Яго: Езуса, пакорнага Караля справядлівасці, міласэрнасці і супакою.
Дк. Мікола Гракаў