Пошук

17.03.2017 09:25  

Быць пільнымі, каб не пайсці шляхам, які ад граху вядзе да амаральнасці, заклікаў папа Францішак 16 сакавіка  падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане.

У сваёй гаміліі Папа спаслаўся на евангельскую прыпавесць пра багатага чалавека і жабрака па імені Лазар, які ляжаў каля ягонай брамы ў струпах і хацеў насыціцца тым, што падала са стала багацея (Лк 16, 19-31).

Калі чалавек жыве ў сваім закрытым асяроддзі, клапоціцца толькі пра ўласны дабрабыт, шукае задавальненняў, адчувае сябе ў бяспецы і давярае выключна самому сабе, тады губляе арыентацыю і не ведае меры, перакананы Пантыфік.

Менавіта гэта адбылося з багацеем з Евангелля, які ўсё жыццё баляваў і не клапаціўся пра жабрака побач са сваім домам.

Багацея не турбавала беднасць Лазара. Гэта, паводле папы Францішка, азначае, што той быў не проста грэшнікам, бо з грэшнага шляху ёсць магчымасць вярнуцца назад, папрасіўшы прабачэння ў Бога. Багацей, на думку Пантыфіка, дайшоў да такога стану, з якога амаль немагчыма вярнуцца.

«Ёсць кропка, ёсць момант, ёсць мяжа, з-за якой вельмі цяжка вярнуцца назад: калі грэх пераўтраваецца ў амаральнасць. Гэты чалавек не быў грэшнікам, а быў маральна сапсаваным, бо ведаў пра існаванне вялікай беднасці, але яго нішто не турбавала», — сцведзіў Святы Айцец.

Ён заклікаў вернікаў паразважаць над тым, што яны адчуваюць, калі бачаць на вуліцы бяздомных або дзяцей, якія просяць міласціну. Многія спісваюць усё на іх паходжанне і мінаюць іх: маўляў, гэтыя належаць да народнасці, прадстаўнікі якой заўсёды крадуць, заўважыў Папа.

Паводле яго слоў, беднякі, беспрытульныя, людзі, якія не маюць грошай, каб плаціць за арэнду жылля, беспрацоўныя, ужо сталі часткай гарадскіх краявідаў, разам са статуямі, аўтобуснымі прыпынкамі і паштовымі аддзяленнямі. Папа Францішак лічыць нядобрым, калі людзі пачынаюць адносіцца да іх сітуацыі, як да нечага нармальнага і супакойваюць сумленне толькі маленькай ахвярай.

На заканчэнне гаміліі ён заклікаў вернікаў быць пільнымі, каб не стаць сапсаванымі амаральнасцю, а таксама прасіць Бога аб сардэчнай скрусе і ласцы разумення таго, ці не знаходзяцца на шляху, што вядзе ад граху да амаральнасці.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

Абноўлена 05.06.2017 13:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.