«Што было б, калі б мы сталі адносіцца да Бібліі так, як адносімся да сваіх мабільных тэлефонаў? ... Калі б мы вярталіся, забыўшыся ўзяць яе з сабою», — адзначыў папа Францішак падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра ў нядзелю 5 сакавіка, указваючы на моц Божага слова ў духоўным змаганні супраць злога духа.
Дарагія браты і сёстры, дзень добры!
У гэтую першую нядзелю Вялікага посту Евангелле ўводзіць нас на шлях, які вядзе да Пасхі, паказваючы Езуса, які сорак дзён праводзіць у пустыні, дзе Яго спакушае д’ябал (пар. Мц 4, 1–11). Дакладна вызначана, калі ў жыцці Езуса адбылася гэтая падзея: адразу ж пасля хросту ў рацэ Ярдан і перад пачаткам Яго публічнага служэння. Ён толькі што атрымаў на гэта ўрачыстае прызначэнне: Божы Дух сышоў на Яго, а Нябесны Айцец абвясціў: «Гэта Сын Мой умілаваны» (Мц 3, 17). Цяпер Езус гатовы да таго, каб распачаць сваю місію; а паколькі ёй адкрыта супраціўляецца сатана, то яны неўзабаве і сутыкаюцца «сам насам». Д’ябал націскае менавіта на тытул «Сын Божы», каб адштурхнуць Езуса ад выканання Ягонай місіі: «Калі ты Сын Божы…», зноў гэта паўтарае (гл. Мц 4, 3. 6) і прапануе Яму здзейсніць цудоўныя справы — стаць «цудатворцам»: ператварыць камяні ў хлеб, каб наталіць голад, кінуцца ўніз са сцяны святыні, каб быць уратаваным анёламі. За двума гэтымі спакушэннямі наступае трэцяе: пакланіцца яму, д’яблу, каб атрымаць панаванне над светам (гл. Мц 4, 9).
Гэтым патройным спакушэннем сатана жадае звесці Езуса са шляху паслухмянасці і пакоры, — бо ведае, што менавіта на гэтым шляху зло будзе пераможана, — і штурхнуць Яго на падманны карацейшы шлях поспеху і славы. Але ўсе атрутныя стрэлы д’ябла Езус «адбівае» з дапамогаю шчыта Божага слова (гл. Мц 4, 7. 10), якое выказвае волю Айца. Езус не вымаўляе ніводнага ўласнага слова: Ёе адказвае толькі Божым Словам. Такім чынам Сын, поўны моцы Святога Духа, выходзіць з пустыні пераможцам.
На працягу сарака дзён Вялікага посту мы як хрысціяне запрошаныя пайсці па слядах Езуса ў духоўным змаганні супраць злога духа моцаю Божага слова. Не з дапамогаю сваіх словаў, ад якіх няма карысці. Божае слова: толькі яно мае моц перамагчы сатану. Дзеля гэтага неабходна мець блізкае знаёмства з Бібліяй: часта яе чытаць, разважаць над ёю, засвойваць яе. Біблія ўтрымлівае ў сабе Божае слова, заўжды актуальнае і дзейснае.
Хтосьці сказаў: што было б, калі б мы сталі адносіцца да Бібліі так, як адносімся да сваіх мабільных тэлефонаў? Калі б заўжды насілі яе з сабою, прынамсі невялікае кішэннае выданне Евангелля, што тады б здарылася? Калі б мы вярталіся, забыўшыся ўзяць яе з сабою: ты пакінуў мабільнік — «Ой, няма!» — вяртаюся па яго; калі б адкрывалі яе шмат разоў на дзень; калі б чыталі паведамленні ад Бога, якія ёсць у Бібліі, як чытаем паведамленні на нашых мабільных, што б адбылося? Вядома, гэта парадаксальнае параўнанне, але яно прымушае задумацца.
Сапраўды, калі б мы заўжды мелі ў сэрцы Божае Слова, ніякая спакуса не змагла б аддаліць нас ад Бога і ніякая перашкода не змагла б прымусіць нас збочыць са шляху дабра; мы былі б у стане перамагаць штодзённыя подступы зла, якое ёсць унутры нас і па-за намі; мы адчулі б сябе больш здольнымі жыць жыццём, адроджаным у Духу, прымаючы і любячы нашых братоў, асабліва найбольш слабых і патрабуючых з іх, а таксама нашых ворагаў.
Няхай Панна Марыя, дасканалы вобраз паслухмянасці Богу і безумоўнага даверу Ягонай волі, падтрымлівае нас на велікапосным шляху, каб мы паслухмяна слухалі Божае слова дзеля сапраўднага навяртання сэрца.
Пасля малітвы «Анёл Панскі»:
Дарагія браты і сёстры,
скіроўваю сардэчнае прывітанне сем’ям, парафіяльным групам, рухам і ўсім пілігрымам, якія прыбылі з Італіі і з розных краінаў.
Вітаю вернікаў з дыяцэзій Мадрыда, Кордавы і Варшавы, а таксама з Белуно і Местрэ. Вітаю моладзь з дэканату Баджо (Мілан) і ўдзельнікаў сустрэчы, якую праводзяць сёстры з супольнасці Пабожных настаўніц св. Лючыі Філіпіні.
Некалькі дзён таму мы распачалі Вялікі пост — шлях Божага народа да Пасхі, шлях навяртання, барацьбы са злом з дапамогаю зброі малітвы, устрымання і ўчынкаў міласэрнасці. Усім жадаю, каб велікапосны шлях быў плённым, і прашу вас памятаць у малітве пра мяне і пра супрацоўнікаў Рымскай курыі, бо на гэтым тыдні мы распачнем духоўныя практыкаванні. Дзякуй вам за гэтую малітву.
І, калі ласка, не забывайцеся, — не забывайцеся! — што магло б здарыцца, калі б мы адносіліся да Бібліі так, як да свайго мабільнага тэлефона. Падумайце пра гэта. Біблія заўсёды з намі, блізка каля нас!
Жадаю вам добрай нядзелі! Смачнага абеду! Да пабачэння!
Дк. Мікола Гракаў