Гістарычным назвалі рымскія англікане візіт папы Францішка ў іх святыню. 26 лютага Пантыфік наведаў англіканскую супольнасць у рымскім касцёле Усіх святых з нагоды яе 200-ых угодкаў. У межах гэтай падзеі Святы Айцец даў інтэрв’ю пра адносіны паміж католікамі і англіканамі сёння.
— Падчас набажэнстваў шмат хто заходзіць у наш касцёл і здзіўляецца, што ён «выглядае зусім як каталіцкі касцёл!» Многія каталікі чулі пра Генрыха VIII, але не ведаюць англіканскіх традыцый і прагрэсу, дасягнутага ў экуменічных адносінах за мінулыя паўстагоддзі. Што варта было б ім сказаць пра адносіны паміж католікамі і англіканамі сёння?
— Сапраўды, сёння існуюць добрыя адносіны паміж католікамі і англіканамі, мы любім адно аднаго як браты! Вядома, што ў гісторыі заўсёды прысутнічаюць непрыемныя моманты, і «вырваць кавалак» з гісторыі і несці яго, як «ікону» [нашых] узаемадносінаў, было б няправільна. Нейкі гістарычны факт неабходна інтэрпрэтаваць у кантэксце таго моманту, не ў іншым кантэксце. А сённяшнія адносіны, як я ўжо сказаў, добрыя. Яны пайшлі далей, з часу візіту арцыбіскупа Майкла Рамсэя, і яшчэ больш…
Таксама і ў тым, што датычыцца святых, мы маем супольную традыцыю святых, што хацеў падкрэсліць ваш пробашч. І ніколі, ніколі абодва Касцёлы, абедзве традыцыі не адмаўлялі святых, хрысціянаў, якія жылі хрысціянскім сведчаннем ажно да такой ступені. І гэта важна. Але былі братэрскія адносіны таксама і ў горшыя часы, у часы цяжкія, калі былі так моцна перамешаныя палітычная ўлада, эканоміка, рэлігія, калі дзейнічала правіла cuius regio eius religio (чыя ўлада, таго і рэлігія), але і ў тыя часы таксама існавалі ўзаемаадносіны.
У Аргенціне я ведаў аднаго старога езуіта, — я быў маладым, а ён ужо пажылым чалавекам — айца Гіллермо Фурлонга Кардыфа, які нарадзіўся ў горадзе Расарыё, у сям’і англічанаў; хлопчыкам ён быў міністрантам, ён быў католікам, з сям’і англічанаў-католікаў, ён быў міністрантам у Расарыё ў дзень пахавання каралевы Вікторыі, у англіканскім касцёле. Нават у тыя часы былі такія адносіны. І адносіны паміж католікамі і англіканамі гэта такія адносіны (не ведаю, ці можна так сказаць з гістарычнага пункту гледжання, але гэты вобраз дапаможа нам задумацца): два крокі наперад, паўкрокі назад, два крокі наперад, паўкрокі назад… Вось так. Гэта па-чалавечы. І мы павінны ісці далей.
Ёсць яшчэ адна рэч, якая моцна падтрымала сувязь паміж дзвюмя нашымі рэлігійнымі традыцыямі: у нас ёсць манахі і кляштары. Манахі, як каталіцкія, так і англіканскія, гэта вялікая духоўная моц нашых традыцый.
Адносіны, хачу вам сказаць, яшчэ больш палепшыліся, і гэта мне падабаецца, гэта добра. «Але ж мы не робім аднаго і таго ж…» Аднак ідзем разам, ідзем разам. На гэты момант добра і так. Хопіць кожнаму дню свайго клопату. Не ведаю, гэта мне прыйшло ў галаву, каб табе сказаць. Дзякуй!
— Ваш папярэднік, папа Бэнэдыкт XVI, перасцерагаў ад небяспекі ў экуменічным дыялогу паставіць на першае месца супрацоўніцтва у грамадскай дзейнасці, а не ісці больш патрабавальным шляхам тэалагічнага пагаднення. Як здаецца, Вы аддаяце перавагу адваротнаму, а менавіта «ісці і працаваць» разам дзеля дасягнення мэты адзінства хрысціянаў. Гэта праўда?
— Я не ведаю кантэксту, у якім папа Бэнэдыкт гэта сказаў, я не ведаю, таму мне крыху цяжка, мне складана даць адказ… Ці ён хацеў сказаць менавіта гэта, або не… Магчыма, гэта было падчас размовы з багасловамі… Але я не ўпэўнены. Абедзве гэтыя рэчы важныя. Гэта дакладна. Якая з дзвюх павінна быць на першым месцы?.. З другога боку, ёсць вядомы жарт патрыярха Атэнагора — і гэта праўда, таму што я пытаўся ў патрыярха Барталамея, і ён скзаў мне: «Гэта праўда», — калі ён сказаў благаслаўлёнаму папу Паўлу VI: «Мы аб’яднаемся паміж сабою, а ўсіх тэолагаў вышлем на выспу, каб там думалі!» Гэта быў жарт, але гэта было, гэта гістарычна пацверджаны факт; я сумняваўся, але патрыярх Барталамей мне сказаў, што гэта праўда.
Але ў чым сутнасць, таму што я лічу, што тое, што сказаў папа Бэнэдыкт, гэта праўда: неабходна імкнуцца да багаслоўскага дыялогу, каб шукаць таксама карані…, адносна сакрамэнтаў…, адносна многіх рэчаў, па якіх мы яшчэ не маем згоды… Але гэтага немагчыма зрабіць у закрытай лабараторыі: гэтым трэба займацца ідучы, па дарозе. Мы знаходзімся ў дарозе і па дарозе вядзем таксама гэтыя абмеркаванні. Іх вядуць тэолагі. Але ў той жа час мы дапамагаем адны другім, мы, адны і другія, у нашых патрэбах, у нашым жыцці, таксама і духоўна дапамагаем адно аднаму. Напрыклад, у пабрацімстве было сумеснае вывучэнне Пісання, мы дапамагаем адно аднаму ў харытатыўным служэнні, у служэнні бедным, у шпіталях, падчас войнаў… Вельмі важна, гэта вельмі важна. Немагчыма весці экуменічны дыялог, стоячы на адным месцы. Не. Экуменічны дыялог адбываецца па дарозе, таму што экуменічны дыялог — гэта шлях, і тэалагічныя пытанні абмяркоўваюцца па адрозе. Мяркую, што я такім чынам не супярэчу думцы папы Бэнэдыкта, а таксама рэчаіснасці экуменічнага дыялогу. Я так яго разумею. Калі б я ведаў кантэкст, у якім было прамоўлена гэтае выказванне, магчыма, я сказаў бы інакш, але менавіта гэта прыйшло мне цяпер у галаву.
— Касцёл Усіх Святых пачынаўся з групы вернікаў з Брытаніі, а цяпер гэта ўжо міжнародная супольнасць, што ахоплівае людзей, якія паходзяць з розных краінаў. У некаторых частках Афрыкі, Азіі і Ціхаакеанскага рэгіёну экуменічныя адносіны паміж Касцёламі лепшыя і больш творчыя, чым у Еўропе. Чаму мы можам павучыцца на прыкладзе Касцёлаў Поўдня зямнога шару?
— Дзякуй. Гэта праўда. Маладыя Касцёлы маюць іншую жыццёвую сілу, таму што яны маладыя. І шукаюць спосаб інакш сябе праяўляць. Напрыклад, нейкае набажэнства тут, у Рыме, або, уяві сабе, у Лондане ці ў Парыжы, выглядае не так, як у тваёй краіне, дзе рэлігійныя абрады, у тым ліку і каталіцкія, суправаджаюцца радасцю, танцамі і іншымі адрознымі формамі, уласцівымі менавіта гэтым маладым Касцёлам. Маладыя Касцёлы маюць большы творчы патэнцыял; напачатку тое самае было і ў Еўропе: ішоў пошук… Калі ты пачытаеш, напрыклад, у Дзідахэ, як адбывалася Эўхарыстыя, сустрэча хрысціянаў, тады была вялікая крэатыўнасць. Потым, узрастаючы, Касцёл стаў больш трывалым, дасягнуў сталага ўзросту. Але маладыя Касцёлы маюць большую жыццёвую моц і таксама маюць патрэбу ў супрацоўніцтве, моцную патрэбу.
Я, напрыклад разглядаю, і мае супрацоўнкі разглядаюць магчымасць падарожжа ў Паўднёвы Судан. Чаму? Таму што прыехалі біскупы, англіканскі, прэсбітэрыянскі і каталіцкі, трое разам, і сказалі мне: «Калі ласка, прыязджайце ў Паўднёвы Судан, хоць на адзін дзень, але прыязджайце не адзін, а разам з Джасцінам Уэлбі», арцыбіскупам Кэнтэрбэрыйскім. Ад іх, ад маладога Касцёла, паступіла гэтая творчая прапанова. І мы думаем, ці магчыма гэта зрабіць, ці занадта складанае там становішча… Але мы павінны гэта зрабіць, таму што яны, усе трое разам, жадаюць міру і разам супрацоўнічаюць дзеля міру… Ёсць адна вельмі цікавая гісторыя. Калі благаслаўлёны Павел VI праводзіў беатыфікацыю мучанікаў з Уганды, з маладога Касцёла, сярод гэтых мучанікаў былі катэхеты, усе, маладыя, некаторыя былі католікамі, іншыя — англіканамі, але ўсе былі закатаваныя адным каралём, з нянавісці да веры і з-за таго, што яны не пажадалі згадзіцца на брудныя прапановы караля. І тады Павел VI апынуўся ў складаным становішчы, таму што казаў: «Я павінен беатыфікаваць адных і другіх, яны мучанікі, як адны, так і другія». Аднак у той час у Каталіцкім Касцёле было немагчымым гэта зрабіць. Толькі што адбыўся Сабор… Але сёння гэты малады Касцёл ушаноўвае разам адных і другіх; таксама Павел VI у гаміліі, у прамове падчас беатыфікацыйнай Імшы пажадаў назваць англіканскіх катэхетаў мучанікамі за веру на тым жа ўзроўні, што і катэхетаў-католікаў. Гэта робіць малады Касцёл. Маладыя Касцёлы маюць смеласць, таму што яны маладыя: як усе маладыя людзі больш смелыя за нас… не такіх маладых!
Акрамя таго, мой асабісты вопыт. Я быў у вельмі сяброўскіх адносінах з англіканамі Буэнас-Айрэса, таму што задняя частка базылікі Маці Божай Міласэрнай была спалучана з англіканскай катэдрай. Мы былі сябрамі з біскупам Грэгары Вэнэйблсам, добрымі сябрамі. А вось яшчэ адзін вопыт: на поўначы Аргенціны існуюць англіканскія місіі для мясцовага насельніцтва і каталіцкія місіі для мясцовага насельніцтва, а англіканскі біскуп і каталіцкі біскуп у гэтай мясцовасці працуюць разам, разам навучаюць. І калі людзі ў нядзелю не могуць удзельнічаць у каталіцкім набажэнстве, яны ідуць на англіканскае, а англікане ідуць на каталіцкае, таму што не хочуць у нядзелю застацца без набажэнства; яны працуюць разам. І тут Кангрэгацыя веравучэння пра гэта ведае. Яны разам займаюцца дабрачыннай дзейнасцю. І абодва біскупы сябруюць паміж сабою, і дзве супольнасці сябруюць паміж сабою.
Я лічу, што гэтае багацце нашыя маладыя Касцёлы маглі б прынесці ў Еўропу, Касцёлам, якія маюць вялікую традыцыю. А яны даць нам трываласць традыцыі вельмі, вельмі распрацаванай і вельмі прадуманай. Так, гэта праўда, што экуменізм лягчэй развіваецца ў маладых Касцёлах. Гэта праўда. Але я веру, і вяртаюся да другога пытання, што, магчыма, больш моцным у тэалагічным пошуку будзе экуменізм у Касцёле больш сталым, больш дасведчаным у даследваннях, у вывучэнні гісторыі, тэалогіі, літургіі, як Касцёл у Еўропе. Я лічу, што для нас было б карысным, для абодвух Касцёлаў: адсюль, з Еўропы, высылаць некаторых семінарыстаў на душпастырскую практыку ў маладыя Касцёлы, яны маглі б многаму навучыцца. Яны ж з маладых Касцёлаў прыязджаюць вучыцца ў Рым, прынамсі католікі, мы гэта ведаем. А высылаць іх паглядзець, павучыцца ў маладых Касцёлаў, было б вялікім багаццем у тым сэнсе, пра што Вы сказалі. Там экуменізм ідзе прасцей, ён больш просты, што не азначае больш павярхоўны; не, ён не павярхоўны. Яны не гандлююць верай і сваёй тоеснасцю. Гэты мясцовы жыхар з поўначы Аргенціны кажа табе: «Я — англіканін». Але няма біскупа, няма душпастыра, няма святара… «Я хачу ў нядзелю праслаўляць Бога і іду ў каталіцкую катэдру», і наадварот. Гэта багацці маладых Касцёлаў. Не ведаю, гэта мне прыйшло ў галаву, каб табе адказаць.
Дк. Мікола Гракаў