Пошук

27.02.2017 14:51  

«Мы аддаляемся ад любові Бога, калі ўтрапёна імкнемся да зямных дабротаў і багацця, праяўляючы такім чынам нездаровую прывязанасць да гэтых рэчаў», — адзначыў папа Францішак падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра ў нядзелю 26 лютага.


Дарагія браты і сёстры, дзень добры!

Сённяшні фрагмент Евангелля (гл. Мц 6, 24–34) — гэта моцны заклік да таго, каб давяраць Богу — добра гэта запамятайма: давяраць Богу, — які клапоціцца пра ўсе жывыя стварэнні. Ён забяспечвае ежаю ўсіх жывёлаў, клапоціцца пра лілеі і пра палявую траву (пар. Мц 6, 26–28); Яго ласкавы і клапатлівы позірк штодня чувае над нашым жыццём. А яно праходзіць пад гнётам шматлікіх турботаў, якія пагражаюць пазбавіць нас спакою і раўнавагі; але ж гэтая заклапочанасць часта бывае бескарыснай, таму што не ў стане перамяніць ход падзеяў.

Езус настойліва заклікае нас не клапаціцца пра заўтрашні дзень (пар. Мц 6, 25. 28. 31), нагадваючы, што па-над усім гэтым ёсць любячы Айцец, які ніколі не забываецца пра сваіх дзяцей: давер Яму не вырашае цудоўным чынам усіх праблемаў, але дазваляе падысці да іх з адпаведным духоўным настроем і мужнасцю; я мужны, таму што давяраю майму Айцу, які клапоціцца пра ўсё і які мяне так моцна любіць.

Бог — гэта не нейкая недасяжная і невядомая істота: гэта наш прытулак, крыніца нашага спакою і міру. Ён — скала нашага збаўлення, за якую мы можам трымацца з упэўненасцю, што не павалімся; той, хто трымаецца за Бога, ніколі не падае! Ён — нашая абарона ад зла, якое заўжды падсцерагае. Бог — наш вялікі Сябра, Прыяцель, Айцец, але мы не заўсёды гэта сабе ўсведамляем. Не ўсведамляем, што маем Сябра, Прыяцеля, Айца, які нас любіць, і больш ахвотна трымаемся за імгненныя даброты, да якіх можам дакрануцца, за даброты выпадковыя, забываючыся пры гэтым і адначасова адмаўляючыся ад Найвышэйшага Дабра, ад айцоўскай любові Бога. А так важна ў гэтыя часы сіроцтва адчуваць Яго Айцом! У гэтым сірочым свеце адчуваць Яго Айцом. Мы аддаляемся ад любові Бога, калі ўтрапёна імкнемся да зямных дабротаў і багацця, праяўляючы такім чынам нездаровую прывязанасць да гэтых рэчаў.

Езус кажа нам, што гэтае шалёнае імкненне — нязбытнае і робіць чалавека нешчаслівым. Ён дае сваім вучням асноватворнае правіла жыцця: «Шукайце найперш Валадарства Божага» (пар. Мц 6, 33). Маецца на ўвазе ажыццяўляць план, які Езус абвясціў у Нагорным казанні, з даверам да Бога, які не падманвае, — а многія сябры або тыя, каго мы лічылі сябрамі, нас падманулі; Бог ніколі не падманвае! — паступаць як верныя распарадчыкі дабротаў, якія Ён нам даў, таксама і зямных, але без «надрыву», як быццам бы ўсё, у тым ліку і нашае збаўленне, залежыць толькі ад нас. Такія евангельскія адносіны патрабуюць яснага выбару, які сённяшні тэкст дакладна паказвае: «Не можаце служыць Богу і мамоне» (пар. Мц 6, 24). Або Пан Бог, або ідалы: захапляльныя, але падманлівыя. Гэты выбар, які мы пакліканыя зрабіць, пасля адлюстроўваецца ў шматлікіх нашых учынках, намерах і абаваязках. Гэта выбар, які неабходна зрабіць адназначна і ўвесь час яго прытрымлівацца, таму што спакусы ўсё звесці да грошай, задавальнення і ўлады вельмі моцныя. Вельмі шмат такіх спакусаў.

Калі служэнне гэтым ідалам нясе намацальныя вынікі, няхай сабе і хуткапрамінальныя, дык пры выбары Бога і Ягонага Валадарства не заўсёды адразу ж можна ўбачыць плён. Гэта рашэнне, якое прымаецца ў надзеі, і якое пакідае Богу канчатковае здзяйсненне. Хрысціянская надзея скіравана да ажыццяўлення ў будучыні абяцання Бога, які ніколі не падводзіць. Ён верны, Ён — верны Айцец, верны Сябра, верны Прыяцель.

Няхай Панна Марыя дапаможа нам даверыцца любові і дабрыні Нябеснага Айца, жыць у Ім і з Ім. Гэта перадумова для пераадолення жыццёвых турботаў і клопатаў, а таксама пераследу, як сведчыць пра гэта прыклад шматлікіх нашых братоў і сясцёр.

Пасля малітвы «Анёл Панскі»:

Дарагія браты і сёстры,
я скіроўваю маё сардэчнае прывітанне ўсім вам, пілігрымам з Рыма, з Італіі і з розных краінаў.

Вітаю польскіх вернікаў з Варшавы і іншых мясцовасцяў, якія прыбылі у марыйнай пілігрымцы, а таксама вернікаў з Іспаніі са Сьюдад-Рэал і моладзь з Формэнтэра.

Вітаю юнакоў з Кунэо, Дзэлярыно, Матарэлло і Мальчэзінэ, Фіно-Морнаско і Монтэалімпіно; новаканфірмаваных з Кавэнаго-д’Адда, Альмэнно-Сан-Сальваторэ і Сэравалле-Скрывія; вернікаў з Ферары, Лаціны, Соры, Разэто-дэльі-Абруццы, Крэаццо і Рывальта-суль-Мінчо.

Я вітаю групу, якая прыбыла з нагоды «Дня рэдкіх захворванняў» —дзякуй, дзякуй вам за ўсё, што вы робіце, — і спадзяюся, што хворыя і іх сем’і будуць належным чынам падтрыманыя на іх нялёгкім шляху, як на медыцынскім, так і на заканадаўчым узроўнях.

Усім жадаю добрай нядзелі. Калі ласка, не забывайцеся маліцца за мяне. Смачнага абеду і да пабачэння!

Дк. Мікола Гракаў

Абноўлена 05.06.2017 13:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця