«Убогі духам — гэта той, хто засвоіў пачуцці і паводзіны тых бедных, якія ў сваіх умовах не абураюцца, але ўмеюць быць пакорнымі, паслухмянымі, гатовымі прыняць Божую ласку», — адзначыў папа Францішак 29 студзеня на плошчы святога Пятра падчас малітвы «Анёл Панскі».
Дарагія браты і сёстры, дзень добры!
Літургія сённяшняй нядзелі прапануе нам паразважаць над благаслаўленнямі (пар. Мц 5, 1–12а), якімі распачынаецца доўгае казанне, так званае «Нагорнае» — «Вялікая хартыя» Новага Запавету. Езус паказвае Божую волю весці людзей да шчасця. Гэтае пасланне ўжо прысутнічала ў прапаведванні прарокаў: Бог блізкі да бедных і прыгнечаных і вызваляе іх ад крыўдзіцеляў. Але ў гэтым сваім казанні Езус ідзе асаблівым шляхам: Ён распачынае словам «благаслаўлёныя», што значыць «шчаслівыя»; працягвае, акрэсліваючы ўмовы для таго, каб быць такімі, а завяршае пэўным абяцаннем. Прычынаю благаслаўлення, або шчасця, не з’яўляецца вызначаная ўмова, напрыклад «убогія духам», «засмучаныя», «прагнучыя справядлівасці», тыя, «каго пераследуюць»…, а наступнае абяцанне, якое належыць з вераю прыняць як Божы дар. Зыходны пункт — цяжкія ўмовы дзеля таго, каб адкрыцца для Божага дару і наблізіцца да новага свету, да «Валадарства», абвешчанага Хрыстом. Гэта не нейкі аўтаматычны механізм, але гэта шлях жыцця на ўзор Пана, дзякучы чаму на рэчаіснасць цяжкасцяў і ўціску можна глядзець з новай перспектывы і перажыць яе паводле навяртання, якое адбываецца. Немагчыма стаць шчаслівым без навяртання да такой ступені, каб цаніць Божыя дары і жыць імі.
Я спынюся на першым благаслаўленні: «Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае» (пар. Мц 5, 4). Убогі духам — гэта той, хто засвоіў пачуцці і паводзіны тых бедных, якія ў сваіх умовах не абураюцца, але ўмеюць быць пакорнымі, паслухмянымі, гатовымі прыняць Божую ласку. Шчасце бедных — убогіх духам — мае падвойнае вымярэнне: у адносінах да дабротаў і ў адносінах да Бога. У адносінах да дабротаў, да матэрыяльных дабротаў, такое духоўнае ўбоства — гэта цвярозасць: не абавязкова адмаўленне, але здольнасць знаходзіць задавальненне ў асноўным, дзяліцца; здольнасць штодзённа зноў і зноў здзіўляцца таму, наколькі добрыя ўсе рэчы, не абцяжарваючы сябе неўтаймаваным спажывальніцтвам. «Чым больш маю, тым больш хачу; чым больш маю, тым больш хачу»: гэта і ёсць неўтаймаванае спажывальніцтва. А гэта забівае душу. Мужчына ці жанчына, якія паводзяць сябе паводле прынцыпу «чым больш маю, тым больш хачу», нешчаслівыя і ніколі не будуць шчаслівымі. У адносінах да Бога гэта праслаўленне і прызнанне таго, што свет — гэта благаслаўленне і што ён заснаваны на творчай любові Айца. Але гэта таксама адкрытасць перад Ім, паслухмянасць Ягонай уладзе: Ён — Пан, Ён — вялікі, не я вялікі ад таго, што маю шмат рэчаў! Гэта Ён: Ён, які пажадаў гэты свет для ўсіх людзей і пажадаў яго дзеля таго, каб усе людзі былі шчаслівымі.
Убогі духам — гэта хрысціянін, які не пакладаецца на самога сябе, на матэрыяльныя багацці, не настойвае на ўласных поглядах, а з павагаю слухае і ахвотна падпарадкоўваецца рашэнням іншых. Калі б у нашых супольнасцях было больш убогіх духам, тады было б менш падзелаў, супярэчнасцяў і спрэчак! Пакора, як і любоў, — гэта асноўная цнота для сумеснага жыцця ў хрысціянскіх супольнасцях. Убогія, у гэтым евангельскім сэнсе, становяцца тымі, хто ні на хвіліну не забываецца пра мэту Нябеснага Валадарства, дапамагаючы ўбачыць, што яно ўжо дае парасткі ў братняй супольнасці, дзе на першым месцы дзяленне маёмасцю. Менавіта гэта я хацеў бы падкрэсліць: ставіць на першае месца дзяленне маёмасцю. Заўжды мець адкрытае сэрца і адкрытыя рукі, не закрываць іх. Закрытае сэрца — гэта маленькае сэрца: яно нават не ўмее любіць. Калі ж сэрца адкрытае, яно ідзе шляхам любові.
Панна Марыя, узор убогіх духам і першая з іх, таму што была ва ўсім паслухмяная волі Пана, няхай дапаможа нам цалкам даручыць сябе Богу, багатаму міласэрнасцю, каб Ён напоўніў нас сваімі дарамі, асабліва сваім шчодрым прабачэннем.
Пасля малітвы «Анёл Панскі»:
Дарагія браты і сёстры,
вы бачыце, што прыбылі захопнікі… яны тут! Сёння адзначаецца Сусветны дзень хворых на праказу. Гэтая хвароба, хоць цяпер і зменшылася, усё яшчэ сярод найбольш небяспечных і паражае самых бедных і адкінутых. Вельмі важна змагацца з гэтаю пошасцю, але таксама з дыскрымінацыяй, што ўзнікае з-за яе. Я падтрымліваю людзей, якія займаюцца дапамогаю тым, каго закранула хвароба Гансэна, і іх сацыяльнай рэабілітацыяй, запэўніваючы іх у нашай малітве.
Я з любоўю вітаю ўсіх вас, якія прыбылі з розных парафій Італіі і з іншых краінаў, а таксама рухі і групы. Асаблівым чынам вітаю студэнтаў з Мурсіі і Бадахоса, моладзь з Більбао і вернікаў з Кастэльёна. Я вітаю пілігрымаў з Рэджо Калабрыя, Кастэлліры і сіцылійскую групу Нацыянальнага бацькоўскага аб’яднання. Я яшчэ раз хачу нагадаць пра маю блізкасць да жыхароў Цэнтральнай Італіі, якія ўсё яшчэ пакутуюць ад наступстваў землятрусу і цяжкіх умоваў надвор’я. Няхай у гэтых нашых братоў і сясцёр не будзе недахопу ў пастаяннай дапамозе ўстановаў і ў супольнай салідарнасці. Вельмі прашу, каб ніякая бюракратыя не прымушала іх чакаць, а потым пакутваць!
Цяпер я звяртаюся да вас, юнакі і дзяўчаты з Каталіцкага дзеяння, з парафій і каталіцкіх школаў Рыма. Сёлета, разам з кардыналам Вікарыем, вы завяршаеце «Караван міру», дэвіз якога — «Ахопленыя мірам» — прыгожы дэвіз! Дзякую за вашую прысутнасць і за вашыя адданыя намаганні дзеля пабудовы грамадства міру. Цяпер жа ўсе разам паслухаем пасланне, якое вашыя сябры, тут, побач са мною, нам прачытаюць.
[Чытаецца пасланне]
А цяпер будуць выпушчаныя паветраныя шарыкі, сімвал міру. Сімвал міру…
Усім жадаю добрай нядзелі, жадаю міру, пакоры, згоды ў вашых сем’ях. Калі ласка, не забывайцеся маліцца за мяне. Смачнага абеду і да пабачэння!
Дк. Мікола Гракаў
Дубляж і агучванне — кс. Аляксандр Улас для «Радыё Марыя»