Пошук

07.01.2017 15:30  

6 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра папа Францішак заклікаў ісці за зоркаю Езуса, святло якой трывалае і лагоднае, якое сыходзіць з неба і ззяе ў сэрцы.

a Дарагія браты і сёстры, дзень добры!

Сёння мы святкуем урачыстасць Аб’яўлення Пана, гэта значыць з’яўленне Езуса, які, нібы святло, заззяў для ўсіх народаў. Сімвалам гэтага святла, што ззяе ў свеце і жадае асвятліць жыццё кожнага чалавека, з’яўляецца зорка, якая вяла Мудрацоў у Бэтлеем. Яны, як кажа Евангелле, «бачылі зорку Ягоную на ўсходзе» (Мц 2, 2) і вырашылі пайсці за ёю: вырашылі даць зорцы Езуса павесці іх за сабою.


Таксама і ў нашым жыцці ёсць розныя зоркі, агні, якія свецяць і накіроўваюць. І нам вырашаць, за якімі з іх ісці. Так, напрыклад, ёсць агеньчыкі, якія мігцяць, запальваюцца і згасаюць, як маленькія прыемнасці жыцця: нават калі яны і нядрэнныя, іх недастаткова, паколькі яны працягваюцца нядоўга і не даюць супакою, якога мы шукаем. Ёсць таксама асляпляльныя вагні вядомасці, грошай і поспеху, якія абяцаюць усё і адразу: яны вельмі прывабныя, але сваёю сілаю яны асляпляюць і з мараў пра славу занураюць у непраглядную цемру. Мудрацы ж запрашаюць пайсці за трывалым святлом, за святлом лагодным, якое ніколі не заходзіць, паколькі яно не з гэтага свету: яно сыходзіць з неба і ззяе… Дзе? — У сэрцы.

Такое сапраўднае святло — гэта святло Пана, або, дакладней, гэта і ёсць сам Пан Бог. Ён нашае святло: святло, якое не асляпляе, але якое спадарожнічае і дае надзвычайную радасць. Гэтае святло — для ўсіх і заклікае кожнага: мы можам такім чынам успрыняць скіраваны сёння да нас заклік прарока Ісаі: «Устань, свяціся» (Іс 60, 1). Так казаў Ісая, калі прадказваў гэтую сённяшнюю радасць Ерузалему: «Устань, свяціся». На пачатку кожнага дня мы можам прымаць гэты заклік: устань, свяціся, ідзі сёння сярод мноства падаючых зорак свету за светлаю зоркаю Хрыста! Ідучы за ёю, мы знойдзем радасць, як гэта сталася з Мудрацамі, якія, «убачыўшы зорку, вельмі ўзрадаваліся» (пар. Мц 2, 10); таму што там, дзе Бог, там радасць. Той, хто сустрэў Езуса, перажыў цуд святла, якое праганяе цемру, і ведае гэтае святло, якое асвятляе і раз’ясняе. Я хачу з вялікай павагай заклікаць усіх не баяцца гэтага святла і адкрыцца перад Панам. Перадусім я хачу сказаць гэта тым, хто больш не мае сілаў шукаць, хто стаміўся, хто трапіў у палон цемры гэтага свету і ў каго згасла жаданне: падыміся, будзь мужным, святло Хрыстова можа перамагчы самы цёмны змрок; падыміся, будзь мужным!

Як жа знайсці гэтае Божае святло? Пойдзем за прыкладам Мудрацоў, якія ў Евангелі заўсёды знаходзяцца ў руху. Сапраўды, той, хто прагне святла, выходзіць ад сябе і шукае: не застаецца замкнутым, на месцы, сузіраючы, што адбываецца навокал, але ставіць на карту ўласнае жыццё, выходзіць ад сябе. Хрысціянскае жыццё — гэта працяглы шлях, які складаецца з надзеі, з пошукаў; гэта шлях, які, як і шлях Мудрацоў, працягваецца нават тады, калі зорка раптам знікае з поля зроку. На гэтым шляху сустракаюцца таксама і пасткі, якіх трэба пазбягаць: павярхоўнае пустаслоўе гэтага свету, якое стрымлівае крок, паралізуючае свавольства эгаізму, ямы песімізму, у якія правальваецца надзея. Гэтыя перашкоды утрымлівалі кніжнікаў, пра якіх апавядае сённяшняе Евангелле. Яны ведалі, дзе было святло, але не крануліся з месца. Калі Ірад спытаўся ў іх: «Дзе мае нарадзіцца Хрыстус?» — «У Бэтлееме». Яны ведалі, дзе, але не вырушылі ў дарогу. Іх веды засталіся марнымі: яны ведалі шмат, але ўсё надарма. Не дастаткова ведаць, што Бог нарадзіўся, калі не даць Яму нарадзіцца ў сэрцы. Бог нарадзіўся, так, але ці нарадзіўся Ён у тваім сэрцы? Ці нарадзіўся Ён у нашых сэрцах? І так мы знойдзем Яго, як Мудрацы, разам з Марыяй і Юзафам у яслях.

Мудрацы зрабілі гэта: знайшоўшы Дзіця, «упаўшы, пакланіліся Яму» (пар. Мц 2, 11). Яны не проста паглядзелі на Яго, не прамовілі нейкую адпаведную малітву, а потым адышлі; не, яны пакланіліся: асабіста з’ядналіся з Езусам у любові. Потым падаравалі Яму золата, кадзіла і міра, а менавіта набольш каштоўныя свае даброты. Павучымся ў Мудрацоў прысвячаць Езусу не толькі ўрыўкі часу і зрэдку нейкую пабожную думку, бо інакш не будзем мець Ягонага святла. Як і Мудрацы, вырушым у дарогу, апранемся ў святло, ідучы за зоркаю Езуса, і паклонімся Пану ўсёй сваёй істотай.


Пасля малітвы «Анёл Панскі»:

Заўтра царкоўныя супольнасці Ўсходу, якія прытрымліваюцца Юліянскага календара, будуць святкаваць Божае Нараджэнне. У духу радаснага братэрства жадаю, каб новае нараджэнне Пана Езуса напоўніла іх святлом і супакоем.

На Аб’яўленне Пана адзначаецца дзень Дзіцячага місіянерства. Я заахвочваю ўсіх дзяцей і падлеткаў, якія ў многіх частках свету намагаюцца несці Евангелле і дапамагаць сваім аднагодкам у складаных сітуацыях. Я вітаю тых з іх, якія сёння прыбылі з Лацыё, Абруццо і Малізэ, і дзякую Папскаму фонду дзіцячага місіянерства за гэтае адукацыйнае служэнне.

Вітаю ўдзельнікаў гістарычна-фальклорнага шэсця, якое сёлета прысвечана землям паўднёвай Умбрыі і якое служыць распаўсюджванню каштоўнасцяў салідарнасці і братэрства.

Вітаю групы, якія прыбылі з Мальты, Каліфорніі і Польшчы, а таксама дасылаю сваё благаслаўленне ўдзельнікам вялікага шэсця Трох Каралёў, якое праходзіць у Варшаве з удзелам шматлікіх сем’яў і дзяцей.

Вітаю вернікаў з Феррары, Карэджо, Руво дзі Пулья, Рабэко суль Навільё і Куччаго, а таксама канфірмантаў з Разаліны і Рамано дзі Ламбардыя, міністрантаў з дыяцэзіі Асці, юнакоў з Калоньё аль Сэрыё, а таксама сябраў і валанцёраў Fraterna Domus.

Мудрацы дораць Езусу свае дары, але насамрэч Езус сам з’яўляецца сапраўдным дарам Бога: Ён сапраўды з’яўляецца Богам, які дорыць сябе нам, у Ім мы бачым міласэрнае аблічча Айца, які нас чакае, прымае, заўсёды нам прабачае; аблічча Бога, які ніколі не адносіцца да нас паводле нашых справаў або паводле нашых грахоў, але выключна паводле сваёй невычэрпнай міласэрнасці. А гаворачы пра падарункі, таксама і я вырашыў зрабіць вам невялікі падарунак… Няма вярблюдаў, але я зраблю вам падарунак. Гэта брашура «Абразы міласэрнасці». Дар Бога — гэта Езус, міласэрнасць Айца; і дзеля гэтага, дзеля таго, каб нагадаць пра гэты дар Бога, я зраблю вам гэты падарунак, які вам раздадуць бедныя, бяздомныя і бежанцы разам са шматлікімі валанцёрамі і законнікамі, якіх я шчыра вітаю і якім ад усяго сэрца дзякую.

Я жадаю вам, каб гэты год быў годам справядлівасці, прабачэння, спакою, але перадусім годам міласэрнасці. Вам дапаможа чытанне гэтай кніжкі: яна кішэннага фармату, вы можаце насіць яе з сабой.

Калі ласка, таксама і вы не забывайцеся рабіць мне падарунак вашай малітвы. Няхай Пан вас благаславіць. Са святам, смачнага абеду і да пабачэння!

Дк. Мікола Гракаў
Дубляж і агучванне — кс. Аляксандр Улас для «Радыё Марыя»

 

Абноўлена 05.06.2017 13:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця