«Бог жадае ад Марыі не толькі таго, каб Яна стала Маці Яго Адзінароднага Сына, але таксама каб Яна супрацоўнічала з Сынам і праз Сына ў плане збаўлення, каб у Ёй, пакорнай слузе, здзейсніліся вялікія справы Божай міласэрнасці», — адзначыў Пантыфік падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра 1 студзеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Багародзіцы Марыі.
Дарагія браты і сёстры, дзень добры!
У гэтыя дні мы з пакланеннем скіравалі нашыя позіркі на Божага Сына, народжанага ў Бэтлееме, а сёння, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Багародзіцы Марыі, мы скіроўваем нашыя вочы на Маці, але ўспрымаем іх абодвух у іхняй глыбокай сувязі. Гэтая сувязь не вычэрпваецца толькі фактам таго, што Яна нарадзіла, а Ён нарадзіўся; Езус быў «народжаны ад жанчыны» (пар. Гал 4, 4), каб выканаць місію збаўлення, а Ягоная Маці таксама не была пазбаўлена ўдзелу ў гэтай жа місіі; больш за тое, Яна была непарыўна з ёю звязана.
Марыя разумее гэта, таму не абмяжоўваецца толькі сваімі матчынымі адносінамі з Езусам, але застаецца адкрытай і гатовай да ўсіх падзеяў, што адбываюцца вакол Яго: Яна захоўвае і разважае, шукае і ўдумваецца, як нагадвае нам сённяшняе Евангелле (пар. Лк 2, 19). Яна ўжо сказала сваё «так» і выказала згоду на ўдзел у ажыццяўленні Божага плану збаўлення; «Паказаў моц сваёй правіцы, рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам. Скінуў магутных з трона і ўзвысіў пакорных. Дабром галодных насыціў, а багатых ні з чым адправіў» (Лк 1, 51–53). Цяпер, у маўчанні і засяроджанасці, Яна імкнецца ўсвядоміць, што Бог хоча ад Яе дзень пры дні.
Адведзіны пастухоў даюць Ёй магчымасць зразумець пэўны элемент Божай волі, што праяўляецца ў прысутнасці гэтых сціплых і бедных людзей. Евангеліст Лука апавядае нам пра адведзіны пастухоў, паслядоўна выкарыстоўваючы цэлы шэраг дзеясловаў, якія выражаюць дзеянне. Ён кажа, што яны пайшлі, спяшаючыся, знайшлі Дзіцятка з Марыяй і Юзафам, убачылі Яго, расказалі тое, што было абвешчана ім пра гэтае Дзіця, і, нарэшце, праславілі Бога (пар. Лк 2, 16–20).
Марыя ўважліва сочыць за ўсім тым, што кажуць пастухі, што з імі здарылася, бо ў гэтым ужо заўважае дзеянне збаўлення, якое стане вынікам справы Езуса, і рыхтуецца належным чынам прыняць любое патрабаванне Пана. Бог жадае ад Марыі не толькі таго, каб Яна стала Маці Яго Адзінароднага Сына, але таксама каб Яна супрацоўнічала з Сынам і праз Сына ў плане збаўлення, каб у Ёй, пакорнай слузе, здзейсніліся вялікія справы Божай міласэрнасці.
І вось калі мы, падобна да пастухоў, сузіраем вобраз Дзіцятка на руках у Ягонай Маці, мы адчуваем, як у нашым сэрцы расце пачуцце вялізнай удзячнасці да Той, якая дала свету Збаўцу. Таму ў першы дзень новага году мы кажам Ёй:
Дзякуй Табе, о Святая Маці Божага Сына Езуса, Святая Багародзіца!
Дзякуй за Тваю пакору, якая прыцягнула позірк Бога;
дзякуй за веру, з якой Ты прыняла Ягонае слова;
дзякуй за мужнасць, з якой Ты сказала: «Вось Я»,
не памятаючы пра сябе, захопленая Святою Любоўю,
стаўшыся адным са сваёю надзеяй.
Дзякуй, о святая Багародзіца!
Маліся за нас, пілігрымаў у часе,
дапамажы нам ісці шляхам міру.
Амэн.
Пасля малітвы «Анёл Панскі»:
Дарагія браты і сёстры, добрага вам Новага году!
А год будзе добрым настолькі, наколькі кожны з нас будзе з Божаю дапамогаю імкнуцца рабіць дабро кожны дзень. Так будуецца мір, калі мы кажам «не» — на справе — нянавісці і насіллю, і кажам «так» братэрству і паяднанню. Ужо 50 гадоў таму благаслаўлёны Папа Павел VI у гэты дзень распачаў святкаваць Сусветны дзень міру, каб падмацаваць супольныя намаганні, скіраваныя на пабудову мірнага і братэрскага свету. У сёлетнім Пасланні я прапанаваў у якасці тэмы разгледзець ненасілле як стыль палітыкі міру.
На жаль, насілле выбухнула таксама ў гэтую ноч святочных пажаданняў і надзеі. З пачуццем болю я выказваю маю блізкасць турэцкаму народу, малюся за шматлікіх ахвяраў, за параненых, за ўвесь народ у жалобе і прашу Пана Бога падтрымаць усіх людзей добрай волі, якія мужна закасваюць рукавы, рыхтуючыся даць адпор пошасці тэрарызму і гэтай крывавай пляме, якая пакрывае свет ценем страху і разгубленасці.
Я хачу падзякаваць прэзідэнту Італьянскай Рэспублікі за віншаванні, якія ён скіраваў мне ўчора вечарам падчас свайго звароту да народа. Я ад шчырага сэрца віншую яго ўзаемна і прашу Божага благаслаўлення для італьянскага народа, каб дзякуючы адказнаму і салідарнаму ўзаемадзеянню ўсіх ён мог з даверам і надзеяй глядзець у будучыню.
Я вітаю вас усіх, тут прысутных, сем’і, рухі, групы моладзі, і жадаю вам шчаслівага і спакойнага Новага году. Я выказваю маю падзяку за шматлікія малітоўныя ініцыятывы і дзеянні ў падтрымку міру, якія праходзяць ва ўсіх частках свету. Асаблівым чынам хачу ўзгадаць нацыянальны марш, які адбыўся ўчора ўвечары ў Балоньі па ініцыятыве Італьянскай канферэнцыі біскупаў, Карытасу, Каталіцкага дзеяння і арганізацыі Pax Christi пры падтрымцы Балонскай дыяцэзіі і мясцовых уладаў.
Я вітаю ўдзельнікаў дэманстрацыі «Мір на ўсіх землях», якая прайшла па ініцыятыве супольнасці святога Эгідыя. Дзякуй за вашую прысутнасць і сведчанне!
Усім я жадаю года міру ў ласцы Пана і пад матчынаю абаронаю Багародзіцы Марыі.
Вясёлых святаў і, калі ласка, не забывайцеся маліцца за мяне. Смачнага абеду і да пабачэння!
Дк. Мікола Гракаў
Дубляж і агучванне — кс. Аляксандр Улас для «Радыё Марыя»