Пошук

07.08.2026 14:48   Кс. Аляксандр Амяльчэня / Vatican News BY

Фота: Vatican Media

6 жніўня Леў XIV узначаліў святую Імшу для ўдзельнікаў францішканскай сустрэчы моладзі «Go! Franciscan Youth Meeting 2026!» у італьянскім Асізі.

У свята Перамянення Пана Святы Айцец звярнуўся з гаміліяй да юнакоў і дзяўчат у святыні Маці Божай Анёльскай. Ён падкрэсліў, што Асізі гэта месца, дзе кожнае жыццё можа змяніць сваю форму і выпраменьваць святло.

Разважаючы пра адкрыццё Божай славы на гары, Святы Айцец нагадаў, што Касцёл існуе для ўвядзення чалавека ў дынаміку слухання і прыняцця рашэнняў. Спасылаючыся на сваю першую энцыкліку, Папа падкрэсліў: «Кожнае пакаленне атрымлівае ў спадчыну заданне надаць форму свайму часу: узгадаваць гісторыю як месца, дзе ахоўваецца годнасць кожнага чалавека, спрыяюць справядлівасці і робіцца магчымым братэрства». Ён перасцярог ад рызыкі пабудовы бесчалавечнага свету і заклікаў скіраваць вочы на Хрыста Уцелаўлёнае Слова.

Звяртаючыся да юнакоў і дзяўчат, Леў XIV адзначыў, што сённяшняя Еўропа і ўвесь свет шукаюць новых святых, здольных верыць у евангельскае слова і адважна прыняць беднасць.

Нагадваючы заклік Папы Францішка, Пантыфік засцярог ад спакусы трымацца на бяспечнай адлегласці ад ран Збаўцы. «Езус хоча, каб мы дакраналіся да чалавечай беднасці, каб дакраналіся да пакутнага цела іншых», — цытаваў Святы Айцец, заклікаючы адмовіцца ад пошуку асабістых ці супольных сховішчаў.

Назва сустрэчы «Go!» з'яўляецца сапраўднай місіяй, якая скіроўвае моладзь на дарогі без картаў, да тых перыферый, дзе несправядлівасць перашкаджае годнасці дзяцей Божых. Папа заклікаў адмовіцца ад культуры сілы і разбураць муры, якія падзяляюць людзей.

«Давяраць Богу — гэта знайсці, як Францішак і Клара, свет братоў і сясцёр, якіх трэба цаніць і служыць ім, а не эксплуатаваць і панаваць», — падкрэсліў Пантыфік, заахвочваючы маладых людзей прысвяціць сябе будаўніцтву цывілізацыі любові без абыякавасці.

Леў XIV заахвоціў моладзь аб'яднаць свае найлепшыя сілы дзеля дабра і нагадаў пра словы вядомай малітвы аб міры: «Пане, учыні мяне прыладай Твайго супакою». Святы Айцец выказаў спадзяванне на тое, што дні ў Асізі назаўжды застануцца ў памяці ўдзельнікаў, а іх вяртанне дадому будзе падобным да спуску апосталаў з гары Перамянення адкрытым будучыні, поўным радасці і вернасці Хрысту, Які ніколі не пакідае тых, хто да Яго імкнецца.

Абноўлена 07.08.2026 15:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця