
Маці Святога Айца, Мілдрэд Марцінэс, мела добрую адукацыю, была пабожнай каталічкай, бібліятэкаркай і таленавітай спявачкай духоўнай музыкі. Створаная ёю сямейная абстаноўка дапамагла яе малодшаму сыну, Роберту Прэвосту, распазнаць пакліканне.
У сваёй кнізе «Ад Роберта да Льва» («De Roberto a León») Арманда Лавэра, ураджэнец Перу, прыводзіць дадзеныя і факты, якія паказваюць уплыў асобы маці на жыццё Папы Льва XIV. EWTN News выбрала самыя цікавыя.
1. Дзве сястры Мілдрэд былі законнымі сёстрамі.
Сведчаннем важнасці каталіцкай веры ў сям'і Мілдрэд з'яўляецца тое, што дзве яе сястры, Луіза і Хільда, вырашылі прысвяціць сваё жыццё Богу, уступіўшы ў манаскія супольнасці. Луіза Эжэні, якая нарадзілася ў 1903 годзе ў Новым Арлеане, першай зрабіла гэты крок: ва ўзросце 19 гадоў яна ўступіла ў Кангрэгацыю сясцёр Міласэрнасці. Праз некалькі гадоў, у 1928 годзе, ва ўзросце 21 года, Хільда паўтарыла яе прыклад, прыняўшы шлюбы ў Кангрэгацыі сясцёр Міласэрнасці Найсвяцейшай Панны Марыі.
2. У падлеткавым узросце Мілдрэд страціла бацьку.
Дзяцінства Мілдрэд было азмрочана стратай бацькі, Джозэфа Марцінэса, які памёр 31 ліпеня 1926 года, калі ёй было ўсяго 14 гадоў. Яго смерць пакінула яе маці, Луізу, удавой, якая была вымушаная пайсці працаваць. Маці Мілдрэд, бабуля Папы па мацярынскай лініі, уладкавалася на працу на фабрыку па вытворчасці арэхаў і цукерак, дзе працавала дэгустатарам, ацэньваючы якасць прадукцыі. У той жа час старэйшыя сёстры Мілдрэд, Ірма і Маргарэт, таксама ўзялі на сябе адказнасць за фінансавую падтрымку сям'і, што дазволіла ўсім пратрымацца ў перыяд выключных цяжкасцяў.
3. Мілдрэд атрымала адукацыю, якая дазволіла ёй стаць незалежнай жанчынай.
У 1920-х гадах Мілдрэд распачала навучанне ў сярэдняй школе Immaculata — каталіцкай школе для дзяўчынак, заснаванай кангрэгацыяй, да якой належала Хільда. Атрыманая ёю адукацыя не абмяжоўвалася акадэмічнымі ведамі. Навучальная ўстанова імкнулася падрыхтаваць жанчын, здольных арыентавацца ў грамадскім і прафесійным жыцці, спрыяючы як інтэлектуальнаму развіццю, так і выхаванню ў хрысціянскім духу з выразнай прыхільнасцю да незалежнасці жанчын.
4. Яна прысвяціла сваё жыццё кнігам і адукацыі.
Ва ўзросце 27 гадоў Мілдрэд пачала працаваць у грамадскай бібліятэцы, выконваючы адміністрацыйныя задачы. Праз тры гады яна паступіла ва ўніверсітэт Дэ Поля (прыватны каталіцкі ўніверсітэт у Чыкага — заўв. пер.), каб вывучаць бібліятэчную справу. У 1949 годзе атрымала ступень магістра адукацыі. Яе запал да кніг не абмяжоўваўся прафесійнай сферай. Шмат гадоў яна працавала валанцёрам у парафіяльнай бібліятэцы: займалася сістэматызацыяй фондаў, каталагізацыяй кніг і арганізацыяй публічных чытанняў для папулярызацыі культуры.
5. Яна была выканаўцай духоўнай музыкі і выбітнай салісткай.
Мілдрэд валодала глыбокім і моцным кантральта. Гэта было не проста хобі: яна выступала ў якасці салісткі на шматлікіх канцэртах духоўнай музыкі. У 1941 годзе Мілдрэд нават выступіла на прэстыжным Чыкагскім музычным фестывалі, які праходзіў на стадыёне «Солджэр Філд» перад аўдыторыяй больш за 100 000 чалавек. Яе рэпертуар складаўся з духоўных твораў, а сярод яе выступленняў асабліва вылучалася выкананне «Ave Maria», твора, складанага нават для прафесіяналаў.
6. Першая сустрэча яе будучага мужа з яе сям'ёй ледзь не скончылася катастрофай.
Сямейная хроніка таксама захоўвае некалькі цікавых гісторый. Мілдрэд пазнаёмілася з Луі, які пасля стаў яе мужам і бацькам будучага Папы, ва ўніверсітэце Дэ Поля ў 1948 годзе. Аднак яго першая сустрэча з яе сям'ёй ледзь не скончылася катастрофай. Запрошаны да іх дадому, Луі прыйшоў, адчуваючы сябе дрэнна; ён прыняў лекі і неўзабаве пасля гэтага страціў прытомнасць на вачах ва ўсіх. Жартам адна з сясцёр заявіла, што ён больш не вернецца. Але ён вярнуўся. Праз некалькі месяцаў, 25 студзеня 1949 года, маладыя ўзялі шлюб у катэдры Найсвяцейшага Імя ў Чыкага і пачалі сумеснае жыццё ў Долтане ў штаце Ілінойс.
7. Яе электраарган апынуўся ў Трухільё ў Перу.
Акрамя спеваў, Мілдрэд яшчэ грала на фартэпіяна і актыўна ўдзельнічала ў музычным служэнні сваёй парафіі. Праз шмат гадоў яе электрычны арган быў перавезены сынам, тагачасным айцом Робертам Прэвостам, на адлегласць каля 3500 міль (больш за 5600 км — заўв. пер.) у аўгустынскі кляштар у Трухільё, горад, дзе сённяшні Папа нёс служэнне з 1988 па 1999 год.
8. Мілдрэд адыграла вырашальную ролю ў выбары паклікання сваім сынам.
Мілдрэд была апораю у духоўным жыцці сям'і Прэвостаў. Яна жыла парафіяльным жыццём як працягам уласнага дома. Іх дом служыў пастаянным месцам збору для сяброў-святароў, якіх яна часта запрашала на абед. Гэтыя сустрэчы са святарамі, якія адрозніваліся прастатой і цеплынёй, дапамаглі запаліць у сэрцы малодшага з яе трох сыноў жаданне быць падобным да іх.






