Пошук

28.01.2025 15:08   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: CNS photo/Vatican Media

У пасланні на XXXIII Сусветны дзень хворых, які Касцёл адзначыць 11 лютага, у літургічны ўспамін Маці Божай з Люрда, Папа Францішак разважае пра надзею, якая ўмацоўвае ў выпрабаваннях і заклікае да салідарнасці з тымі, хто пакутуе.

Як адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, сёлета менавіта тэма надзеі набывае асаблівае значэнне ў кантэксце Юбілейнага года, калі Касцёл заклікае вернікаў стаць «пілігрымамі надзеі».

У сваім пасланні Пантыфік засяроджваецца на словах святога Паўла «Надзея не асароміць» (Рым 5, 5), падкрэсліваючы, што менавіта надзея робіць нас моцнымі ў выпрабаваннях. Папа Францішак разважае над пытаннямі, якія часта ўзнікаюць у хворых: як заставацца моцнымі, калі нас закранаюць сур’ёзныя хваробы, лячэнне якіх часта перавышае нашыя магчымасці?

Святы Айцец падкрэслівае, што ў момант хваробы чалавек адкрывае не толькі сваю слабасць, але і прысутнасць Бога.

«У час хваробы мы спазнаём блізкасць і спагаду Бога, які ў Езусе падзяліў нашыя пакуты. Ён не пакідае нас і часта здзіўляе дарам стойкасці, якой мы ніколі не чакалі ад сябе», — піша пастыр паўсюднага Касцёла.

Папа Францішак звяртае асаблівую ўвагу на значэнне салідарнасці ў месцах, дзе знаходзяцца хворыя. «У бальніцах і клініках мы становімся анёламі надзеі, пасланцамі Бога адзін для аднаго, усе разам: хворыя, урачы, медсёстры, сваякі, сябры, святары, манаскія асобы», — падкрэслівае Святы Айцец.

Папа заахвочвае захоўваць у памяці ўсе моманты дабрыні і спагады, якія адбываюцца ў месцах пакуты:

«Важна ўмець заўважаць прыгажосць гэтых сустрэч ласкі і вучыцца запісваць іх у душы, каб не забыць: захоўваць у сэрцы ласкавую ўсмешку медработніка, удзячны і давяральны позірк пацыента, разумеючы і клапатлівы твар доктара ці валанцёра», — заўважае Пантыфік.

На заканчэнне свайго паслання Папа Францішак звяртаецца да Маці Божай, якая ўшаноўваецца пад тытулам Аздараўлення хворых, з малітвай «Тваёй абароне», просячы Яе заступніцтва за ўсіх хворых і тых, хто пра іх клапоціцца. Папа таксама просіць малітвы за яго самога.

Сусветны дзень хворых быў устаноўлены святым Янам Паўлам II у 1992 годзе і з тых часоў штогод становіцца нагодай для асаблівай увагі да праблем хворых і медыцынскіх работнікаў ва ўсім свеце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця