Пошук

25.10.2024 11:22   Паводле: Vatican News PL / Catholic.by
Фота: Vatican News ІТ

23 кастрычніка на брыфінгу для прэсы ўдзельнікаў Сіноду Біскупаў на тэму сінадальнасці зноў была падкрэслена неабходнасць пастаяннага клопату аб тым, каб абвяшчэнне Евангелля было адаптавана да мясцовых рэалій. Было таксама абвергнута, што гэта прывядзе да аўтаноміі епіскапатаў, якая заключаецца ў адвольных зменах веравучэння паўсюднага Касцёла.

Як паведаміла Польская рэдакцыя парталу Vatican News, падчас сустрэчы з журналістамі ў сераду прафесар Мірыям Вайленс, спецыяліст у галіне кананічнага права, заахвоціла разглядаць Сінод як час для таго, каб, карыстаючыся камп’ютарнай мовай, «абнавіць налады» Касцёла, каб у святле вучэння Другога Ватыканскага Сабору ён мог яшчэ лепш выконваць сваю місію абвяшчэння Хрыста ў сучасным свеце.

Яна нагадала, між іншым, не раз выказаную падчас сінадальных абмеркаванняў прапанову замацаваць звычай кантынентальных сустрэч, што аказалася важным і плённым этапам кансультацый у межах Сіноду па сінадальнасці.

Кананіст патлумачыла, што яны могуць дазволіць правільна разумець дэцэнтралізацыю, улічваючы асаблівасці асобных рэгіёнаў свету, дзе абвяшчаецца Евангелле.

Ксёндз Жыль Руцье, тэолаг, эксперт па Другім Ватыканскім Саборы, казаў пра дактрынальны аўтарытэт біскупскіх канферэнцый. Ён нагадаў, што гэтая тэма не новая. Ён звярнуў увагу на тое, як трэба разумець, што значыць гэтая ўлада і што яна мае свае абмежаванні. «Яна заўсёды [ажыццяўляецца] у еднасці з Касцёлам, і канферэнцыі біскупаў не з’яўляюцца аўтаномнымі», — сказаў ён, патлумачыўшы, што кампетэнцыя мясцовых Касцёлаў датычыцца «аўтэнтычнага навучання агульнай веры», каб адказаць на сучасныя выклікі асобных людзей і рэгіёнаў, а не «ствараць новыя праўды веры». У якасці прыкладу ён прывёў ліст ірландскіх біскупаў на мінулым тыдні аб прыёме мігрантаў, які, з аднаго боку, датычыўся агульнага навучання ўсяго Касцёла аб прыняцці патрабуючых, а з другога боку, быў укладзены ў спецыфічныя рэаліі ірландскага грамадства. Ён падкрэсліў, што такая «кантэкстуалізацыя» разважанняў на дактрынальныя тэмы робіць іх больш канкрэтнымі і лепш зразумелымі.

Ксёндз Руцье таксама адзначыў, што напружанасць унутры Касцёла з’яўляецца адлюстраваннем напружанасці, якую адчувае сучаснае грамадства ў іншых жыццёвых сітуацыях, і скептычна паставіўся да чаканняў таго, што выніковы дакумент Сіноду абярэ адзін з бакоў.

«Не думаю, што мы можам чакаць неадкладных адказаў», — сказаў ён. Ён падкрэсліў, што «значная частка сустрэчы» была прысвечана духоўнасці і пошуку новых спосабаў прапаведвання, і што менавіта пагружэнне ў духоўнасць і дыялог могуць дапамагчы ў пошуку адказаў на напружанасці і палярызацыі.

У сваю чаргу кардынал Робэрт Прэвост OSA, прэфект Дыкастэрыі па справах Біскупаў, разважаў пра ролю біскупа ў дыяцэзіі і спосаб яго абрання, які шырока абмяркоўваўся падчас Сіноду. Ён падкрэсліў важную ролю Апостальскага нунцыя ў выбары кандыдатаў, але таксама звярнуў увагу на пытанне, якое часта ўзнікае, ці можа працэс выбару кандыдатаў ажыццяўляцца больш сінадальным спосабам, таксама з удзелам свецкіх.

Ён запэўніў, што інструкцыі, якія цяпер атрымліваюць Апостальскія нунцыі, заахвочваюць іх да больш шырокіх кансультацый адносна магчымых кандыдатаў, таксама ў дыялогу са свецкімі людзьмі.

Як паведаміла сакратар Камісіі па інфармацыі Шэйла Леакадыя Пірэс, першая палова дня ў сераду на Сінодзе была прысвечана ўнясенню паправак у праект выніковага дакумента. Агулам па асобных моўных групах быў прадстаўлены 951 каментар і каля 100 індывідуальных каментароў. Усяго гэта прыкладна на 200 каментароў менш, чым падчас леташніх слуханняў. Чацвер і пятніца будуць прысвечаны рэдагаванню дакумента, а ў суботу ўдзельнікі Сіноду сустрэнуцца на дзвюх апошніх агульных сходах. Спачатку яны заслухаюць змест дакумента, а потым яго вынесуць на галасаванне.

Абноўлена 25.10.2024 11:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.