13 кастрычніка падчас традыцыйнай нядзельнай сустрэчы з вернікамі на плошчы святога Пятра ў Ватыкане Папа Францішак падтрымаў малітоўны праект у абарону міра.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец падкрэсліў актуальнасць ініцыятывы пад назвай «Мільён дзяцей моляцца на Ружанцы за мір у свеце», якая традыцыйна пройдзе 18 кастрычніка.
«Дзякую ўсім хлопчыкам і дзяўчынкам, якія возьмуць удзел у малітве! Мы далучаемся да іх і даручаем заступніцтву Багародзіцы лёс народаў, якія пакутуюць», — сказаў Папа.
Асаблівую ўвагу Пантыфік надаў краінам, якія знаходзяцца ў стане канфлікту або перажываюць цяжкія часы. «Мы даручаем заступніцтву Марыі церпячую Украіну, М’янму, Судан і іншыя народы, якія пакутуюць ад вайны і ўсіх форм насілля і галечы», — падкрэсліў Папа Францішак.
Сёлета маленькія вернікі з дыяцэзій Касцёла ў Беларусі ўжо ў пяты раз далучацца да сусветнай малітоўнай акцыі «Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы».
У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі месцам правядзення набажэнства стане санктуарый Маці Божай Фацімскай у Жодзіне (Барысаўскі дэканат). Пачатак — у 18.00.