2 кастрычніка ў Ватыкане распачалася праца другой сесіі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў на тэму сінадальнасці, на якой Касцёл у Беларусі прадстаўляе біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
Звяртаючыся да сабраных на Сінод удзельнікаў, Святы Айцец Папа Францішак перадусім падкрэсліў ключавую ролю сінадальнасці і місіянерскай скіраванасці Каталіцкага Касцёла ў сучасным свеце.
Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік нагадаў прысутным, што з моманту, калі Касцёл быў «скліканы на Сінод» у кастрычніку 2021 года, ён прайшоў значную частку доўгага шляху, на які Бог Айцец заўсёды заклікае свой народ. Папа Францішак падкрэсліў, што гэтая Асамблея, кіраваная Духам Святым, павінна зрабіць істотны ўнёсак у стварэнне сапраўды сінадальнага Касцёла ў місіі.
«Дух Святы суправаджае нас заўсёды. Ён з’яўляецца суцяшэннем у смутку і плачы, асабліва калі — менавіта ў імя любові, якую мы адчуваем да чалавецтва, — перад абліччам несправядлівасці, цяжкасці дараваць, адсутнасці мужнасці ў пошуках міру, мы адчуваем роспач», — адзначыў Папа.
Пантыфік заклікаў удзельнікаў Сіноду да глыбокай пакоры і бязмежнай любові. Ён падкрэсліў, што хрысціяне павінны быць салідарнымі і спачувальнымі, адчуваючы сябе братамі і сёстрамі ўсіх людзей, падзяляючы іх боль і прызнаючы ў ранах і пакутах кожнага чалавека раны і пакуты самога Хрыста.
«Сінадальны працэс — гэта таксама працэс навучання, падчас якога Касцёл вучыцца лепш пазнаваць сябе і вызначаць найбольш адпаведныя формы душпастырскай дзейнасці на карысць місіі, якую даручае яму Пан», — падкрэсліў Святы Айцец.
Ён дадаў, што яго рашэнне ўключыць у склад XVI Асамблеі значную колькасць свецкіх асоб і кансэкраваных мужчын і жанчын, дыяканаў і прэзбітэраў як паўнапраўных членаў, з’яўляецца лагічным развіццём разумення біскупскага служэння, выказанага Другім Ватыканскім Саборам. Ён падкрэсліў, што біскуп як бачны прынцып і падмурак адзінства мясцовага Касцёла не можа ажыццяўляць сваё служэнне інакш, як толькі ў Божым народзе, з Божым народам і перад Божым народам.
Папа Францішак адзначыў, што прысутнасць на агульным сінадальным сходзе людзей, якія не з’яўляюцца біскупамі, не змяншае біскупскага вымярэння Асамблеі. Наадварот, гэта паказвае на новую форму, якую павінна прыняць ажыццяўленне біскупскай улады ў Касцёле, што ўсведамляе сябе па сваёй сутнасці рэляцыйным і таму сінадальным.
У заключэнні свайго выступлення пастыр паўсюднага Касцёла заклікаў усіх удзельнікаў Сіноду адкрыцца дзеянню Духа Святога, які з’яўляецца надзейным правадніком і суцяшэннем.
Папа Францішак выказаў надзею і ўпэўненасць у тым, што Асамблея дапаможа Касцёлу стаць больш сінадальным і місіянерскім, здольным выйсці па-за межы сябе і дасягнуць геаграфічных і экзістэнцыяльных перыферый, усталёўваючы сувязі з усімі ў Хрысце, нашым Браце і Пану.
Да прысутных на адкрыццё другой сесіі Сіноду на тэму сінадальнасці звярнуўся таксама Генеральны сакратар Сіноду Біскупаў кардынал Марыё Грэк, падкрэсліўшы яго ролю як школы распазнавання і заклікаўшы да еднасці і міру ў свеце. Кардынал акцэнтаваў увагу на важнасці сінадальнасці як стылю і метаду Касцёла.
Як адзначае Vatican News, Генеральны сакратар выступіў з прывітальным словам, у якім акрэсліў галоўныя тэмы і выклікі, што стаяць перад удзельнікамі.
Іерарх падкрэсліў, што Сінод з’яўляецца прыкладам для ўсяго грамадства ў пошуку ісціны і агульнага дабра праз узаемнае слуханне. Ён адзначыў, што Касцёл сінадальны можа стаць прапановай для сучаснага грамадства, дзе распазнаванне з’яўляецца плёнам сталага ажыццяўлення сінадальнасці як стылю і метаду.
«Сінод — гэта, па сутнасці, школа распазнавання: Касцёл, сабраны разам з Пятром, каб разам распазнаваць. Касцельнае распазнаванне можа быць выклікам і прыкладам для любога тыпу сходу», — заўважыў Генеральны сакратар Сіноду Біскупаў.
Ён нагадаў, што галоўная мэта гэтага працэсу — не проста структурныя змены ў Касцёле, а сапраўдная рэформа, якая павінна адбывацца пад кіраўніцтвам Духа Святога. Ён падкрэсліў важнасць прыярытэту Духа Святога ў працы Сіноду, без якога мэта была б толькі адміністрацыйнай, юрыдычнай ці палітычнай, а не касцёльнай.
Кардынал Грэк таксама закрануў тэму войнаў і канфліктаў у свеце, заклікаўшы да малітвы і працы на карысць міру. Ён выказаў салідарнасць з удзельнікамі Сіноду, якія прыбылі з зон ваенных дзеянняў або краін, дзе парушаюцца асноўныя свабоды.
«Мы салідарныя з сёстрамі і братамі, прысутнымі ў зале, якія паходзяць з зон вайны або з краін, дзе парушаюцца асноўныя свабоды народаў. Праз іх голас мы можам пачуць крык і плач тых, хто пакутуе пад бомбамі, асабліва дзяцей, якія дыхаюць гэтай атмасферай нянавісці», — сказаў кардынал.
Галоўны арганізатар сходу падкрэсліў важнасць працэсу сінадальнасці, які ўключае ў сябе ўсе ўзроўні Касцёла. Ён адзначыў, што гэты працэс пачынаецца з кансультацый з Божым народам у мясцовых Касцёлах, працягваецца праз распазнаванне пастырамі ў біскупскіх канферэнцыях і кантынентальных асамблеях, і завяршаецца двума сесіямі Асамблеі вакол Святога Айца.
Асаблівую ўвагу кардынал Грэк надаў ролі біскупа ў Касцёле сінадальным, адзначыўшы, што ўзровень сінадальнасці Касцёла ў значнай ступені залежыць ад узроўню сінадальнасці біскупа.
Ён нагадаў, што галоўная задача іерархаў — быць настаўнікамі і гарантамі касцёльнага распазнавання.
У заключэнне іерарх падкрэсліў, што працэс Сіноду не завяршаецца толькі фінальным дакументам, але павінен весці да канкрэтнага жыцця Касцёла, які жыве Евангеллем і крочыць разам у сіле Духа да рэалізацыі Валадарства.
Выступ кардынала Грэка, у якім была падкрэслена неабходнасць узаемнага слухання, адкрытасці да дзеяння Духа Святога і імкнення да еднасці ў Касцёле і свеце, задаў тон для далейшай працы Сіноду.
Другая сесія Сіноду Біскупаў працягнецца да 27 кастрычніка і стане важным этапам у жыцці Каталіцкага Касцёла, вызначаючы яго шлях да больш сінадальнай будучыні.