Пошук

14.06.2024 20:12   Vatican News
Фота: synod.va

14 чэрвеня завяршылася праца групы тэолагаў, якія сабраліся ў Рыме, каб распрацаваць праект Instrumentum laboris (працоўнага дакумента) другой сесіі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у працоўную групу ўвайшлі каля дваццаці тэолагаў з розных куткоў свету: біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі. На працягу дзесяці дзён яны разглядалі справаздачы мясцовых Касцёлаў, якія паступілі ў Генеральны сакратарыят Сіноду перад кастрычніцкай сесіяй.

Было атрымана 107 справаздач Канферэнцый Біскупаў і Усходніх Касцёлаў, а таксама паведамленні Аб’яднанняў генеральных настаяцеляў і настаяцельніц (USG-UISG) і звыш 175-і назіранняў міжнародных рухаў, універсітэтаў, асацыяцый вернікаў, супольнасцяў і прыватных асоб. Яшчэ адной важнай крыніцай інфармацыі сталі справаздачы святароў з 90-а краін свету, якія ў красавіку ўдзельнічалі ў трохдзённай асамблеі «Пробашчы на карысць Сіноду», што праходзіла ў Сакрафана пад Рымам.

Як гаворыцца ў паведамленні Генеральнага сакратарыяту Сіноду Біскупаў, большасць справаздач сведчаць аб значных пераменах у мясцовых супольнасцях.

«Насенне сінадальнага Касцёла ўжо прарастае!» — такімі словамі кардынал Жан-Клод Ольрыш, Генеральны рэлятар Сіноду Біскупаў, ахарактарызаваў працу па актывізацыі сінадальнай місіі Касцёла.

Найбольш часта сустракаюцца такія тэмы, як адукацыйная падрыхтоўка да сінадальнасці, функцыі сінадальных органаў, роля жанчын і моладзі, увага да бедных, інкультурацыя, празрыстасць і справаздачнасць тых, хто нясе служэнне ў Касцёле, катэхізацыя, супрацоўніцтва паміж Касцёламі, роля біскупа і гэтак далей.

Справаздачы багатыя сведчаннямі вернікаў: адны з іх дзеляцца глыбокім асабістым досведам навяртання, іншыя — пачуццём замяшання, трывогі і непакою. «У прыватнасці, некаторыя баяцца, што ідэю сінадальнасці не ўспрымуць сур’ёзна, што ідэалогіі і лобі скарыстаюцца Сінадальным шляхам для таго, каб навязаць свой парадак дня», — зазначыў Генеральны сакратар Сіноду Біскупаў кардынал Марыё Грэк.

Іерарх нагадаў пра тое, што маючая адбыцца асамблея будзе прысвечана не таму ці іншаму пытанню, а сінадальнасці. Кожны ўдзельнік будзе прадстаўляць свой народ Божы і з дапамогай Святога Духа, братоў і сясцёр, будзе імкнуцца распазнаць волю Божую для свайго Касцёла, а не навязваць сваё індывідуальнае бачанне.

Працэс распрацоўкі Instrumentum Laboris будзе працягвацца ў некалькі этапаў, уключаючы разгляд Звычайнай Радай, усебаковыя кансультацыі, зацвярджэнне Звычайнай Радай і канчатковае ўхваленне Святым Айцом.

Instrumentum Laboris для кастрычніцкай сесіі будзе адрознівацца ад папярэдняга. Калі для першай сесіі было важна выявіць шырокія тэмы, то працоўны дакумент другой сесіі будзе скіраваны на рашэнне канкрэтных задач, каб адказаць на пытанне, якім быць Сінадальнаму Касцёлу ў місіі, засноўваючыся на тэалагічна абгрунтаваных аргументах і практычных прапановах.

Абноўлена 14.06.2024 20:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.