Пошук

13.06.2024 15:45   Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: Freepik.com

13 чэрвеня ў Ватыкане быў апублікаваны дакумент Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству «Біскуп Рыма. Першынство і сінадальнасць у экуменічных дыялогах і адказах на энцыкліку Ut unum sint».

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, дакумент абагульняе вынікі экуменічнага дыялогу пра ролю Папы і ажыццяўленне першынства святога Пятра. Ён пачаўся каля трыццаці гадоў таму ў адказ на заклік Яна Паўла ІІ знайсці такую форму ажыццяўлення першынства Біскупа Рыма, якую б падзялялі іншыя Касцёлы.

У дакуменце адзначаецца, што не з усімі бакамі тэалагічнага дыялогу «тэма разглядалася на адным узроўні і з аднолькавай глыбінёй», але, тым не менш, можна адзначыць некаторыя «новыя падыходы» да найбольш спрэчных тэалагічных пытанняў.

Сярод спрэчных пытанняў згадваецца каталіцкае разуменне першынства Біскупа Рыма як інстытута, устаноўленага Богам, у той час як большасць іншых хрысціянаў разумее яго толькі як інстытут, устаноўлены людзьмі. «Герменеўтычныя ўдакладненні дапамаглі прадставіць гэту традыцыйную дыхатамію ў новай перспектыве», разглядаючы першынство Біскупа Рыма як інстытут, які адносіцца і да боскага, і да чалавечага права, гэта значыць «як частку Божай волі для Касцёла, апасродкаванай чалавечай гісторыяй».

Іншая сур’ёзная перашкода для ўзаемаразумення тычыцца дагматычных вызначэнняў Першага Ватыканскага Сабору. У межах дыялогу быў дасягнуты «шматабяцальны прагрэс» у «новым прачытанні» гэтага Сабору, што дазволіла акрэсліць межы ажыццяўлення першынства Біскупа Рыма, удакладніць «фармулёўку догмату аб беспамылковасці і нават прыйсці да згоды адносна некаторых аспектаў яго мэты». Нягледзячы на гэтыя ўдакладненні, у межах экуменічнага дыялогу застаецца праблема, якая датычыцца «адносін паміж беспамылковасцю і першынством Евангелля, беспамылковасцю ўсяго Касцёла, ажыццяўленнем біскупскай сінадальнасці і неабходнасцю прыняцця».

У дакуменце адзначаецца, што ў тэалагічным дыялогу з многімі канфесіямі прызнаецца «неабходнасць першынства на паўсюдным узроўні».

Са спасылкай на апостальскую традыцыю сцвярджаецца, што ад самага ўзнікнення Касцёла хрысціянства было заснавана на апостальскіх пасадах, сярод якіх Рымскі пасад быў першым».

У некаторых дыскусіях было падкрэслена таксама існаванне «ўзаемазалежнасці паміж прыматам і сінадальнасцю на кожным узроўні Касцёла». Было прапанавана па-новаму інтэрпрэтаваць вучэнне Першага Ватыканскага Сабору і правесці больш выразнае адрозненне паміж рознымі абавязкамі Біскупа Рыма, «асабліва паміж яго патрыяршым служэннем у Касцёле на Захадзе і яго першасным служэннем еднасці ў адзінстве Касцёлаў». Асаблівы акцэнт павінен быць зроблены на ажыццяўленні служэння Папы ў яго партыкулярным Касцёле — у Рымскай дыяцэзіі, а таксама на развіцці сінадальнасці ў Каталіцкім Касцёле.

У ходзе міжканфесійнага дыялогу былі названыя некаторыя прынцыпы, якія могуць быць выкарыстаны для ажыццяўлення прымата Біскупа Рыма ў XXI стагоддзі:

«Першае, у чым была дасягнута агульная згода — гэта ўзаемная залежнасць паміж першынством і сінадальнасцю на кожным узроўні Касцёла і неабходнасць сінадальнага ажыццяўленні першынства, якая вынікае з гэтага». Яшчэ адзін аспект, па якім была дасягнута згода, гэта суадносіны паміж супольнасным вымярэннем, заснаваным на sensus fidei усіх ахрышчаных, калегіяльным вымярэннем, выяўленым перш за ўсё ў біскупскай калегіяльнасці, і асабістым вымярэннем, выяўленым функцыяй першынства.

Прагучаў таксама заклік да дэцэнтралізацыі, натхнёнай мадэллю старажытных патрыярхатаў. Была падкрэслена важнасць прынцыпу субсідыярнасці: «Ніводнае пытанне, якое можа належным чынам вырашацца на ніжэйшым узроўні, не павінна перадавацца на больш высокі ўзровень».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа