Пошук

28.05.2024 16:58   Паводле: Vatican News BY
Арцыбіскуп Рыно Фізікела з сімвалам Юбілею 2025 года. Фота: Siciliani-Gennari/SIR

Святы Пасад чакае, што мерапрыемствы, звязаныя з Юбілеем Святога 2025 года, наведае на 45 працэнтаў больш людзей, чым у рэкордным дагэтуль 2000 годзе.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, адказны за арганізацыю Юбілею арцыбіскуп Рыно Фізікела на прэс-канферэнцыі ў Рыме заявіў, што, паводле прагнозаў дзяржаўнага ўніверсітэта Roma Tre, чакаецца прыкладна на дзесяць мільёнаў больш пілігрымаў, чым 25 гадоў таму. Тады, па звестках іерарха, праз Святыя дзверы ў ватыканскай базіліцы прайшлі 22,5 мільёны асобаў. У надыходзячым Святым годзе чакаецца 32 мільёны пілігрымаў. Паводле прагнозу, сярод краін з найбольшай магчымай колькасцю вернікаў, якія збіраюцца ў Рым, наперадзе са значным адрывам ідуць ЗША (2,5 мільёны) і Германія (амаль 1,5 мільёны).

Арцыбіскуп Фізікела патлумачыў, што з такімі лічбамі мяжа паміж пілігрымамі і турыстамі сціраецца.

«Мы таксама хочам ператварыць турыстаў у пілігрымаў, а пілігрымаў — у турыстаў, якія адкрыюць для сябе прыгажосць гэтага горада», — падзяліўся ватыканскі іерарх. Аргкамітэт спадзяецца, што пераважная большасць людзей зарэгіструецца праз адмысловы мабільны дадатак і атрымае картку пілігрыма.

Каляндар на Святы 2025 год, які прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі прадставіў 27 мая года на сустрэчы са СМІ, уключае 35 асноўных падзей. Па яго словах, у цяперашні час рыхтуюцца дадатковыя мерапрыемствы, пра якія будзе абвешчана ў чэрвені. Святы год распачынаецца 24 снежня 2024 года з урачыстага адкрыцця Папам Святых дзвярэй у ватыканскай базыліцы. Пасля гэтага адчыняцца Святыя дзверы трох іншых папскіх базылік Рыма.

У наступныя месяцы Рым прыме вялікія групы вернікаў, разбітыя па тэмах, прафесіях, служэнні, грамадскім профілі. Чакаецца, што найбольшую колькасць удзельнікаў у 2025 годзе збяруць: 5–6 красавіка Юбілей хворых, 1–4 мая Юбілей рабочых, 30 мая – 1 чэрвеня Юбілей сем’яў, 28 ліпеня – 3 жніўня Юбілей моладзі, 22–23 лістапада Юбілей хораў.

Самай палітычна цікавай падзеяй можа стаць Юбілей палітыкаў. З гэтай нагоды ў Ватыкане чакаюць шматлікіх кіраўнікоў дзяржаў з усіх куткоў свету.

Акрамя цэнтральных мерапрыемстваў з сусветным удзелам, адбудзецца мноства дыяцэзіяльных пілігрымак з больш чым чатырох тысяч каталіцкіх дыяцэзій па ўсім свеце. Паводле арцыбіскупа Фізікелы, запланаваны таксама дзясяткі культурных падзей.

Адносна пытання аб тэрарыстычных пагрозах падчас буйных мерапрыемстваў, іерарх адзначыў, што Рым з’яўляецца бяспечным горадам, а Ватыкан добра ахоўваецца. Тым не менш, важна захоўваць пільнасць.

Кожныя 25 гадоў Каталіцкі Касцёл абвяшчае Святы год. Цэнтральнымі элементамі Юбілеяў з’яўляюцца пілігрымка ў Рым, праход праз Святыя дзверы і атрыманне адпустаў.

Абноўлена 28.05.2024 17:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа