Пошук

07.05.2024 10:50   Паводле: КАІ / Фота: giornatamondialedeibambini.org / Catholic.by

На Сусветныя дні дзіцяці, якія ўпершыню ў гісторыі пройдуць 25–26 мая, працягваецца запіс новых груп.

Ініцыятарам іх правядзення стаў Папа Францішак, які хацеў стварыць «малодшы» варыянт Сусветных дзён моладзі. Мерапрыемства адбудзецца на Алімпійскім стадыёне ў Рыме і на плошчы перад ватыканскай базылікай святога Пятра. У абедзвюх сустрэчах возьме ўдзел Святы Айцец. На актуальны момант заяўкі на ўдзел паступілі ад 64 тыс. чалавек: гэта дзеці разам з апекунамі, па патрабаванні арганізатараў. Яны прадставяць 85 краін, у тым ліку і Беларусь.

Дзеці з трушчоб і краін, пацярпелых ад вайны

«Гэта прарочая інтуіцыя Папы Францішка, якая ажывіць Касцёл», — сказаў айцец Энцо Фартуната, апавядаючы пра апошнія прыгатаванні да майскай сустрэчы. Італьянскі францішканін, які з’яўляецца каардынатарам Сусветных дзён дзіцяці, адзначае велізарную салідарнасць, якой суправаджаецца гэтая падзея.

«У нас ёсць інфармацыя пра дзяцей з розных еўрапейскіх краін, якія прадалі свае любімыя цацкі, каб прафінансаваць прыезд аднагодкаў з больш бедных краін. Гэта адбываецца ў сем’яў, звязаных, між іншым, з рухам факаляраў», — сказаў айцец Фартуната.

Удзел малых з краін, ахопленых узброенымі канфліктамі, стане магчымым дзякуючы ўдзелу Супольнасці святога Эгідыя.

«Сярод іншых будуць прысутнічаць дзеці з Украіны і са Святой Зямлі, ад Ерузалема да Бэтлеема і Газы», — паведаміў манах. Дзякуючы спецыяльнаму фонду салідарнасці, які можа падтрымаць кожны, удзел могуць узяць дзеці, якія жывуць у бразільскіх фавэлах або трушчобах Буэнас-Айрэса і Гаіці. Францішканін прызнаўся, што для яго самога стала вялікай нечаканасцю адкрыццё шматнацыянальнай палітры Вечнага горада. «На сустрэчу запісаліся прадстаўнікі 37-і нацыянальнасцяў, якія пражываюць у Рыме. Яны сказалі, што прыйдуць у сваіх традыцыйных нацыянальных строях», — дадаў айцец Фартуната.

Праграма Сусветных дзён дзіцяці

Кардынал Хасэ Таленціна дэ Мэндонса паведаміў, што, хоць абвяшчэнне Папам Францішкам Сусветных дзён дзіцяці стала вялікай нечаканасцю, удалося запусціць эфектыўны арганізацыйны механізм. «На стадыён могуць трапіць максімум 72 тысячы чалавек, і гэта з’яўляецца для нас колькасным абмежаваннем. Аднак на святую Імшу ў Ватыкан можа прыйсці значна больш людзей», — сказаў прэфэкт Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі, якая рыхтуе гэтае мерапрыемства.

У суботу 25 мая на Алімпійскім стадыёне будзе створаны дзіцячы гарадок, у які можна будзе трапіць з 12.30. Запланаваныя спартовыя і мастацкія мерапрыемствы. У 17.00 прыедзе Папа Францішак, які адкажа на пытанні малых.

«Мы атрымліваем мора пытанняў, а таксама малюнкі, у якіх дзеці жадаюць расказаць Папу Францішку пра свае клопаты і мары аб будучыні», — сказаў айцец Фартуната. У акцыі ўзялі ўдзел больш за 2 тыс. школ. Напрыклад, з Бразіліі прыйшла пасылка з 2345 малюнкамі, сабранымі рыцарамі Беззаганнай». Як адзначае каардынатар СДД, пераважаюць тры тэмы — усе яны блізкія Папу Францішку: імкненне да міру, неабходнасць братэрства і ўзаемапавагі, а таксама ахова навакольнага асяроддзя і Зямлі як нашага «агульнага дома».

У нядзелю Папа Францішак запрашае ўдзельнікаў Сусветных дзён дзіцяці ў Ватыкан. На плошчы святога Пятра ён будзе цэлебраваць для іх Эўхарыстыю, пасля чаго прывітае ўсіх дзяцей. Музычнае суправаджэнне літургіі забяспечыць знакаміты дзіцячы хор з Балонні — Coro dello Zecchino d’oro, — які з 1963 года дзейнічае пры Францішканскім інстытуце Antonianum.

Дні дзіцяці ў дыяцэзіях

Кардынал Хасэ Таленціна дэ Мэндонса нагадаў, што ідэя новай ініцыятывы ўзнікла ў Папы пасля сустрэчы з васьмю тысячамі дзяцей, якая прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI у лістападзе мінулага года. У свята Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ён абвясціў гэтае мерапрыемства.

Яно будзе адбывацца пад дэвізам: «Вось, ствараю ўсё новае» і, па просьбе Папы Францішка, пройдзе адначасова ў Рыме і ў дыяцэзіях па ўсім свеце.

У сустрэчы могуць узяць удзел дзеці ад 6 да 12 гадоў. На групу з сямі чалавек будзе два дарослых апекуна.

У мерапрыемстве будуць задзейнічаны больш за тысячу валанцёраў, у тым ліку шмат студэнтаў з усёй Італіі і іншых краін. Было акрэдытавана больш за 300 журналістаў. Многія групы прыбудуць на гэтую сустрэчу цягніком. З гэтай нагоды Папа Францішак даў кароткае інтэрв’ю часопісу Італьянскіх дзяржаўных чыгунак. У ім ён прызнаўся, што з дзяцінства любіў карыстацца грамадскім транспартам, каб быць бліжэй да людзей, і што як Папу яму гэтага не хапае. На пытанне аб маючай адбыцца сустрэчы ён заўважыў: «Малыя захоўваюць у сабе непарушанае пачуццё прыгожага. Давайце назіраць за імі і слухаць іх: калі мы гэта зробім, яны таксама зробяць нас, дарослых, больш чулымі», — сказаў Святы Айцец.

У Беларусі святкаванне Сусветнага дня дзіцяці з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага адбудзецца 1 чэрвеня ў Будславе. На яго запрошаны дзеці з усіх дыяцэзій Беларусі.

Рэгістрацыя працягваецца да 15 мая>>>

Таксама 1 чэрвеня ў Гродне пройдзе X Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці пад дэвізам «З малітвай праз жыццё».

Абноўлена 07.05.2024 10:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця