4 мая Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі кіраўнікоў руху Équipes Notre-Dame. Гэта міжнародны рух сужэнскай духоўнасці, які ўзнік у Францыі.
Як паведаміла Польская рэдакцыя парталу Vatican News, падчас сустрэчы Святы Айцец заўважыў, што сёння хрысціянская сям’я знаходзіцца пад пагрозай і мае шмат спакусаў з розных бакоў, а таму ёй патрэбна асаблівая дапамога Касцёла
Папа звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць працы з маладымі пакаленнямі, пачынаючы ад сведчання ўласным дзецям, каб і яны зразумелі, што Бог стварыў іх для любові і што аднойчы і яны створаць сваю сям’ю беручы прыклад з любові сваіх бацькоў.
Пастыр паўсюднага Касцёла таксама звярнуў увагу на неабходнасць адкрыцця звышнатуральнага вымярэння сужэнства, бо яго поспех залежыць не толькі ад саміх сужэнцаў, ад іх сілы волі, але і ад прысутнасці Хрыста. Гэтаму трэба вучыць заручаных і маладых сужэнцы.
«Важна, — сказаў Папа Францішак, — каб маладыя сужэнцы маглі адчуць містатогію сужэнства, што дапаможа ім жыць прыгажосцю свайго сакрамэнту і сужэнскай духоўнасці. У першыя гады сужэнства перш за ўсё трэба адкрыць веру ў жыцці сужэнскай пары, культываваць яе і атрымліваць асалоду ад яе, вучыцца супольнай малітве. Многія сёння ўступаюць у шлюб, не ведаючы, якую ролю адыгрывае вера ў іх сужэнскім жыцці. Магчыма, таму, што да шлюбу ім пра гэта ніхто не казаў.
Я заахвочваю вас дапамагчы маладым сужэнцам праз катэхуменальны працэс нанава адкрыць як асабістую, так і сужэнскую веру, навучыцца з самага пачатку даваць месца Езусу і разам з Ім клапаціцца пра сваё сужэнства», — падкрэсліў Святы Айцец.
Ён адзначыў, што сёння існуе вялікая патрэба ў такіх рухах, як Équipes Notre-Dame, якія дапамагаюць сужэнствам і даюць падтрымку сем’ям у супольнасці. Папа Францішак сцвердзіў, што плоднасць Касцёла залежыць ад працы з маладым пакаленнем, каб дапамагчы ім стварыць малыя хатнія Касцёлы, у якіх жывуць верай.
Рух сужэнскай духоўнасці Équipes Notre-Dame (Суполкі Маці Божай) дзейнічае таксама ў Беларусі. Пазнаёміцца з яго дзейнасцю можна на сайце руху end.of.by>>>