Пошук

13.03.2024 13:03   Паводле: КАІ / Catholic.by
Фота: Reuters / Tony Gentile / File Photo

11 гадоў таму, 13 сакавіка 2013 года, аргентынскі кардынал Хорхэ Марыё Бэргольё быў выбраным Папам, прыняўшы імя Францішак.

Да гадавіны абрання Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ зрабіла выбарку з 10-і яскравых фактаў пантыфікату Папы Францішка.

1. «Добры вечар!» — гэтымі простымі словамі Папа Францішак прывітаў людзей, сабраных на плошчы Святога Пятра, а таксама ўвесь свет адразу пасля свайго абрання ўвечары 13 сакавіка 2013 года.

Апрануты толькі ў белую папскую сутану, без традыцыйнай чырвонай пелерыны, ён з’явіўся на балконе базылікі святога Пятра як пастыр «з іншага свету».

Перад тым, як удзяліць папскае благаслаўленне, ён папрасіў благаслаўлення ў вернікаў.

2. Сустрэча двух Папаў: свет абляцелі нябачаныя дагэтуль фотаздымкі: на іх былі Папа эмэрыт Бэнэдыкт XVI, які адрокся ад папскага пасаду, і новаабраны Папа Францішак. Два іерархі Касцёла ў белых сутанах, хоць усе прызвычаіліся да таго, што «можа быць толькі адзін». Многія тады задаваліся пытаннем, як складуцца іх адносіны. Насуперак, а можа акурат дзякуючы ўзаемаразуменню, абодва прапусцілі непаўторны шанц разам паглядзець фінал Чэмпіянату свету па футболе 2014 года, у якім згулялі зборныя з родных краін Пантыфікаў, Аргентыны і Германіі (0:1).

Фота: Getty Images

3. Перадусім бежанцы: аднадзённы візіт Папы Францішка на італьянскі востраў Лампедуза ў ліпені 2013 года атрымаў вялікі рэзананс у свеце. Гэты візіт стаў доказам таго, што новы Папа ўсур’ёз адносіцца да свайго абяцання пайсці «на перыферыі» і да тых, хто апынуўся на ўзбоччы жыцця.

4. Падчас пілігрымкі на Святую Зямлю ў маі 2014 года, якая праходзіла ў Ярданіі, Ізраілі і на тэрыторыі Палестыны, Папа заклікаў да міру на Блізкім Усходзе.

Святы Айцец зрабіў шэраг выразных жэстаў дзеля міру, сярод якіх малітва каля ізраільскай абарончай сцяны і сімвалічны поціск рук з прадстаўнікамі трох рэлігій каля Сцяны Плачу ў Ерузалеме.

5. У людзей выклікаў страх адзін выгляд цалкам знявечанага Вінічыё Рывы, 53-гадовага мужчыны з італьянскай Вічэнцы, хворага на нэйрафібраматоз — цяжкое генетычнае захворванне, калі цела пакрываецца падскурнымі гузамі, якія свярбяць і крывавяць, прычыняючы вялікія пакуты. Мужчыну ўсе пазбягалі, баючыся заразіцца. Падчас агульнай аўдыенцыі Папа Франіцшак падышоў да Вінічыё, прытуліў яго да сябе і пацалаваў яго знявечаны твар.

Фота: Claudio Peri

6. Сказ з праграмнай Апостальскай адгартацыі Evangelii gaudium — «Радасць Евангелля», — апублікаванай у 2013 годзе, стаў адной з найбольш часта цытаваных фраз Святога Айца:

«Я аддаю перавагу Касцёлу пабітаму, зраненаму і бруднаму, бо ён выйшаў на вуліцу, чым Касцёлу хвораму ад замкнёнасці і камфорту, засяроджанаму на ўласнай бяспецы. Не хачу Касцёла, які заклапочаны быць цэнтрам, які ўрэшце замыкаецца ў гушчары дакучлівых ідэй і працэсаў» (EG 49).

7. Акрамя новых душавых, бяздомныя ў ваколіцах Ватыкана з 2015 года могуць карыстацца ўласнымі цырульніцкімі паслугамі. Апостальскі элемазінарый зрабіў для іх даступным салон-цырульню пры каланадзе плошчы Святога Пятра. Там рымскія цырульнікі добраахвотна голяць і стрыгуць патрабуючых.

8. У лютым 2016 года Папа Францішак сустрэўся на Кубе з патрыярхам Маскоўскім Кірылам. Гэта была першая ў гісторыі сустрэча Пантыфіка з кіраўніком Рускай Праваслаўнай Царквы, падчас якой быў падпісаны супольны дакумент.

Фота: christianunity.va

9. Пандэмія каранавірусу на пачатку 2000 года на некалькі месяцаў ахапіла ўвесь свет, у тым ліку і Ватыкан.

Папа Францішак, які так любіць быць сярод людзей, быў вымушаны адзін цэлебраваць пасхальныя ўрачыстасці на пустой плошчы Святога Пятра і ў ватыканскай базыліцы.

10. Апублікаваная ў чэрвені 2015 года экалагічна-сацыяльная энцыкліка Laudato si’ трапіла на першыя старонкі СМІ ва ўсім свеце. У дакуменце Святы Айцец заахвочвае людзей змяніць сваё спажывальніцкае стаўленне да навакольнага асяроддзя і да тых, хто ў ім жыве. Гэтай энцыклікай Папа Францішак распачаў пісаць новую старонку ў сацыяльным вучэнні Касцёла.

Yara Nardi/Pool Photo via AP

 

Абноўлена 13.03.2024 13:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа