Пошук

06.03.2024 19:06   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота: Gregorio Borgia / AP

У Ватыкане рыхтуюцца да традыцыйнага адкрыцця Святых дзвярэй падчас Юбілею 2025 года.

Як нагадвае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Юбілейны, або Святы год адзначаецца ў Касцёле кожныя 25 гадоў. З 1423 года афіцыйная ўрачыстасць суправаджаецца абрадам адкрыцця Святых дзвярэй.

У перыяд паміж юбілеямі з унутранага боку базылікі святога Пятра дзверы перакрываюцца мурам з цэглы, які ўзводзіцца адразу пасля заканчэння папярэдняга Святога года і зносіцца перад адкрыццём наступнага.

«Юбілей 2025 года прапануе нам спыніцца на вялікай надзеі — гэта тое, што дазваляе нам глядзець у будучыню з большай упэўненасцю», — адзначыў арцыбіскуп Рыно Фізікела, прапрэфект Дыкастэрыі па справах евангелізацыі.

«Пасланне гэтага Юбілею заключаецца ў разуменні таго, што ўсе мы — пілігрымы, якія знаходзяцца ў падарожжы, каб усё больш і больш адкрываць сябе», — звярнуў увагу арганізатар мерапрыемстваў у межах агульнакасцёльнай падзеі.

Арцыбіскуп зазначыў, што асаблівым знакам кожнага Юбілею з’яўляюцца Святыя дзверы. «Яны хаваюць таямніцы, якія часта трэба адкрываць нанава. Напрыклад, не ўсе ведаюць, што гэтыя дзверы немагчыма адкрыць, таму што ключ ад іх умураваны ў сцяну, якую ўзводзяць кожны раз, калі іх зачыняюць. Таму Святыя дзверы інтрыгуюць, але таксама вельмі хвалююць ад усведамлення сустрэчы з Хрыстом. Ён сам казаў, што з’яўляецца брамай: кожны, хто праходзіць праз Яго, дасягае збаўлення і сустракае Айца», — сказаў ён.

«Таму праход праз Святыя дзверы патрабуе адпаведнай падрыхтоўкі. І невыпадкова Папа Францішак пажадаў, каб 2024 год стаў Годам малітвы. Ён вырашыў так менавіта для таго, каб надаць Святым дзвярам больш глыбокі сэнс», — адзначыў прапрэфект Дыкастэрыі па справах евангелізацыі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця