Пошук

05.03.2024 19:54   Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: youlocalrome.com

Арганізатары Першых Сусветных дзён дзяцей, якія пройдуць у Рыме 25–26 мая, чакаюць, што ў іх возьмуць удзел каля 100 тысяч чалавек. Мерапрыемства адбудзецца па ініцыятыве Папы Францішка.

Як паінфармавала Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, на цяперашні момант пра сваё жаданне паўдзельнічаць у святочных мерапрыемствах заявілі каля 57 тысяч чалавек. Пра гэта паведаміў айцец Энцо Фартуната, каардынатар Дзён дзяцей, падчас іх прэзентацыі, якая адбылася 2 сакавіка ў прэс-цэнтры рымскага Алімпійскага стадыёна. Менавіта тут размесціцца сядзіба Першых Сусветных дхён дзяцей.

Устанаўленне гэтага свята францішканін назваў прарочым учынкам Святога Айца, што пацвярджаюць шматлікія сведчанні людзей з розных куткоў планеты, якія неадкладна адгукнуліся на ініцыятыву і выказалі гатоўнасць узяць у ёй удзел.

Святар згадаў пра прыклад валанцёркі, якая на працягу 54-х гадоў служыць ва Угандзе і выказала радасць ад таго, што зможа прывесці ў Рым чатырох васьмігадовых дзяцей з гэтай краіны.

Такіх прыкладаў шмат: на цяперашні час вядома, што на святкаванне прыбудуць дзеці па меншай меры з шасцідзесяці краін свету, але гэтая лічба павінна вырасці, заўважыла Стэла Чэрвоньі, адказная за міжнародныя адносіны ў аргкамітэце Дзён дзяцей. Яна расказала, што сярод іх удзельнікаў будуць прадстаўнікі краін і рэгіёнаў, ахопленых войнамі і канфліктамі: Украіны, Святой Зямлі, Афганістана, Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Эфіопіі, Эрытрэі, Сірыі, а таксама дэлегацыя з поўначы Мазамбіка, спакутаванага ад нападаў джыхадзістаў.

Дні дзяцей будуць мець адкрыты характар: у іх змогуць удзельнічаць не толькі маленькія хрысціяне, але таксама вызнаўцы іншых рэлігій, — паведаміў Марко Імпальяца, старшыня Супольнасці святога Эгідзія, якая дапамагае ватыканскай Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі ў арганізацыі святкавання. У прэзентацыі падзеі браў удзел легенда італьянскага футбола Джанлуіджы Буфон, які падкрэсліў, што мэта ініцыятывы «даць надзею гэтаму свету».

Святкаванне Першых Сусветных дзён дзяцей распачнецца ў суботу 25 мая на рымскім Алімпійскім стадыёне.

Спачатку ўдзельнікі пачуюць сведчанні, а таксама ўбачаць прадстаўленні ў выкананні папулярных артыстаў з розных краін свету. Між іншым, сваёй гісторыяй з імі падзеліцца Ібрагім Бальдэ — малады мігрант з Гвінеі, які на працягу трох гадоў дабіраўся да Іспаніі і пра якога некалькі разоў згадваў у сваіх прамовах Папа. Раніцай наступнага дня, 26 мая, удзельнікі Дзён дзяцей збяруцца на святой Імшы з Папам Францішкам, якая пройдзе на ватыканскай плошчы Святога Пятра.

Плануецца, што на сустрэчу са Святым Айцом у Рым скіруецца група дзяцей з Беларусі. Група набраная, і запіс ужо завершаны.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа