5-7 лютага у Ватыкане прайшло пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам. Зала Друку Апостальскай Сталіцы паінфармавала пра дэталі сустрэчы.
Як паведамляе Беларуская рэдакцыя Vatican News, тэма ролі жанчын ў Касцёле знаходзілася ў цэнтры ўвагі 5 лютага, у першы дзень пасяджэння Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам.
Акрамя іерархаў, якія ўваходзяць у склад гэтай структуры, у сустрэчы з Папам Францішкам удзел узялі сястра Лінда Почар, з кангрэгацыі Дачкі Марыі Успамогі Хрысціянаў, прафесар хрысталогіі і марыялогіі на Папскім факультэце педагагічных навук Auxilium у Рыме; Джуліва дзі Берардзіна, кансэкраваная свецкая верніца з дыяцэзіі Верона, выкладчыца і кіраўніца курсаў духоўнасці і духоўных практыкаванняў; а таксама доктар Джо Бэйлі Уэлс, епіскап Англіканскай Царквы і намесніца Генеральнага сакратара Англіканскай супольнасці.
Затым удзельнікі пасяджэння працягнулі дыскусіі аб бягучых сінадальных працэсах, у прыватнасці аб паўсюдным Касцёле.
6 лютага галоўнай тэмай была евангелізацыя. Удзельнікі сустрэчы выслухалі даклады прапрэфектаў Дыкастэрыі па справах евангелізацыі: арцыбіскупа Рыно Фізікелы і кардынала Луіса Антоніа Тагле. У другой палове дня 7 лютага ў прысутнасці Святога Айца былі абмеркаваны іншыя тэмы.
Чарговае пасяджэнне Рады кардыналаў адбудзецца ў красавіку 2024 года.
Адна з удзельнікаў першага дня пасяджэння, сястра Лінда Почар, апублікавала свае разважанні пра ролю жанчын ў новай кнізе «Дэмаскулінізаваць Касцёл», якая нядаўна выйшла ў выдавецтве Paoline і была прысвечана крытычнаму агляду прынцыпаў Ганса Урса фон Бальтазара. Выданне змяшчае разважанні таксама тэолагаў Лючыі Ванціні і айца Лукі Кастыльёні.
Як напісаў Папа Францішак у прадмове да кнігі, «прысутнасць і ўдзел жанчын у жыцці і развіцці касцёльных супольнасцей праз малітву, разважанні і дзеянні – гэта рэаліі, якія заўсёды ўзбагачалі Касцёл і, па сутнасці, складаюць яго ідэнтычнасць». Аднак, асабліва падчас падрыхтоўкі і правядзення Сінода Біскупаў, прыйшло ўсведамленне таго, што да голасу жанчын прыслухоўваліся недастаткова і што Касцёлу ёсць чаму ў іх павучыцца, адзначыў Папа.
Каб зрабіць Касцёл менш маскулінным, дэмаскулінізаваць яго, неабходна прыслухоўвацца адзін да аднаго.
«Касцёл – гэта супольнасць мужчын і жанчын, якія падзяляюць адну веру і адну годнасць хросту. Па-сапраўднаму прыслухоўваючыся да жанчын, мы, мужчыны, прыслухоўваемся да тых, хто бачыць рэальнасць з іншага пункту гледжання, і гэта прымушае нас пераглядаць нашы планы і прыярытэты. Часам гэта бянтэжыць.
Часам тое, што мы чуем, настолькі новае і настолькі адрозніваецца ад нашага ладу мыслення і бачання, што гэта здаецца абсурдным, і мы палохаемся. Але такая разгубленасць карысная, яна прымушае нас расці», — гаворыцца ў прадмове Святога Айца.
«Патрабуецца цярпенне, узаемапавага, уменне слухаць і адкрытасць, каб па-сапраўднаму вучыцца адзін у аднаго і рухацца наперад як адзіны Народ Божы», адзначыў Францішак, дадаючы, што менавіта таму ён запрасіў тэолагаў прапанаваць Радзе кардыналаў разважанні аб прысутнасці і ролі жанчын у Касцёле. Адпраўной кропкай гэтага падарожжа стануць прынцыпы Ганса Урса фон Бальтазара, а «канчатковы пункт прызначэння знаходзіцца ў руках Бога», які дапаможа знайсці шляхі ўключэння сучасных жанчын і мужчын у Касцёл і свет.
Папа Францішак напісаў, што дзякуючы гэтай публікацыі з разважаннямі трох тэолагаў змогуць пазнаёміцца тыя, хто жадае прыняць удзел у Сінадальным дыялогу і «паглыбіць тэму касцёльных адносін паміж мужчынамі і жанчынамі, якая вельмі блізкая майму сэрцу».
«Гэта тое, чаго я жадаю на дадзеным этапе Сінадальнага працэсу: каб мы не стамляліся ісці разам, таму што толькі ў падарожжы мы становімся тымі, кім павінны быць – жывым целам Уваскрослага Пана, якое ідзе наперад, без страху сустракаючы братоў і сясцёр на вуліцах усяго свету. Няхай Марыя, Маці веры, суправаджае нас у гэтым падарожжы!» — пажадаў Пантыфік.