Пошук

08.02.2024 13:35   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота: Vatican Media

Раніцай 8 лютага Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Дыкастэрыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў на тэму літургічнай фармацыі духавенства і вернікаў.

Як паведамляе Польская рэдакцця парталу Vatican News, звяртаючыся да сабраных на аўдыенцыі, Святы Айцец падкрэсліў, што прыгожа падрыхтаваная літургія становіцца шляхам да адкрыцця таямніцы збаўлення.

Пантыфік зазначыў, што праз шэсцьдзесят гадоў пасля абвяшчэння Канстытуцыі Другога Ватыканскага Сабору пра святую Літургію Sacrosanctum Concilium па-ранейшаму актуальным застаецца заклік да працы дзеля духоўнага, душпастырскага, экуменічнага і місійнага аднаўлення. Папа падкрэсліў, што без літургічнай рэформы няма аднаўлення Касцёла.

«Касцёл, які не адчувае імкнення да духоўнага ўзрастання, які не стараецца прамаўляць зразумелай для людзей свайго часу мовай, які не адчувае болю з прычыны падзелаў паміж хрысціянамі, якога не ажыўляе жаданне абвяшчаць Хрыста ўсім народам, — такі Касцёл хворы», — сцвердзіў Святы Айцец.

Ён нагадаў, што кожная рэформа Касцёла заўсёды звязана з абранніцкай вернасцю: Касцёл-Абранніца будзе заўсёды тым прыгажэйшым, чым больш будзе любіць Хрыста-Абранніка, ажно да непадзельнай прыналежнасці і поўнага прыпадабнення да Яго. «Без адноўленай сустрэчы з Хрыстом не можа быць гаворкі пра рэформу Касцёла», — сцвердзіў Папа Францішак.

Ён дадаў, што менавіта таму Айцы Сабору ўсведамлялі, што яны павінны змясціць літургію ў цэнтры, паколькі яна з’яўляецца прыярытэтнай прасторай, дзе можна сустрэць жывога Хрыста.

Пастыр паўсюднага Касцёла звярнуў увагу на значэнне літургічнай фармацыі святароў, а таксама на патрэбу належнага суправаджэння вернікаў у глыбейшым спасціжэнні таямніцы сакрамэнтаў. У духу сінадальнасці Папа заахвоціў да больш шырокага супрацоўніцтва ў гэтай сферы розных ватыканскіх дыкастэрый: па культуры і адукацыі, па справах духавенства, інстытутаў кансэкраванага жыцця. Святы Айцец заахвоціў выкарыстоўваць у добрай літургічнай фармацыі разнастайныя звычайныя падзеі на працягу года, такія як нядзельныя Імшы, адпустовыя ўрачыстасці ці сакрамэнты хрысціянскага ўтаямнічання.

«Падрыхтаваныя з душпастырскім клопатам, яны становяцца спрыяльнымі нагодамі для новага адкрыцця і глыбейшага спасціжэння значэння цэлебрацыі таямніцы збаўлення сёння», — сказаў Папа Францішак падчас аўдыенцыі дзя ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Дыкастэрыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў.

Абноўлена 08.02.2024 13:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця