23 студзеня ў Ватыкане Дыкастэрыя па справах Евангелізацыі правяла прэзентацыю ініцыятыў і інструментаў, якія рыхтуе для Касцёлаў, дыяцэзій і вернікаў па ўсім свеце для плённай духоўнай падрыхтоўкі падчас 2024 Года малітвы.
Як паведамляе інтэрнэт-выданне Aleteia.org, афіцыйна Год малітвы Папа Францішак распачаў падчас нядзельнай малітвы «Анёл Панскі» 21 студзеня, але раней ужо згадваў пра яго.
«Няхай гэта будзе інтэнсіўны год малітвы, які адкрые сэрцы на прыняцце Божай ласкі», — так у лісце ад 11 лютага 2022 года Пантыфік ахарактарызаваў Год малітвы, які стане падрыхтоўчым перыядам да Юбілею 2025 года. Гэтыя словы Святога Айца нагадалі падчас прэс-канферэнцыі ў Ватыкане.
«Год малітвы — гэта прывілеяваны час, каб нанава адкрыць каштоўнасць малітвы і неабходнасць штодзённай малітвы ў хрысціянскім жыцці»,
— падкрэсліў арцыбіскуп Рыно Фізікела, прапрэфект Дыкастэрыі па справах Евангелізацыі, якая арганізуе мерапрыемства. «Гэта нібы аазіс, абаронены ад штодзённага стрэсу, дзе малітва становіцца падсілкоўваннем хрысціянскага жыцця веры, надзеі і любові».
Каб падрыхтавацца да Юбілею 2025 года, арцыбіскуп Фізікела патлумачыў, што для мясцовых супольнасцяў важна развіваць і ўдзельнічаць у малітоўных ініцыятывах, асабліва ў сучасным свеце.
«Чым мацнейшы крык тэхналогій, які, здаецца, адпавядае ўсім нашым жаданням, тым глыбей мы прыглядаемся да пошуку сапраўднай духоўнасці, якая вяртае кожнага чалавека да сустрэчы з самім сабой у праўдзе свайго існавання і, такім чынам, у паслядоўныя адносіны з Богам», — растлумачыў іерарх.
Гэты год — «час, каб даведацца, як маліцца, і перш за ўсё, як выхоўваць сучасных людзей у малітве ў эпоху лічбавай культуры».
Папская школа малітвы і некалькі кніг
Адной з новых ініцыятыў, якую згадаў арцыбіскуп Фізікела, будзе «Школа малітвы», заснаваная самім Папам. Нягледзячы на тое, што ён не змог раскрыць падрабязнасці аб тым, калі і як будзе развівацца гэтая ініцыятыва, арцыбіскуп Фізікела патлумачыў, што яна будзе падобная да «Пятніц Міласэрнасці», якія адбыліся падчас Юбілею Міласэрнасці ў 2016 года. У межах гэтай ініцыятывы Папа Францішак наведваў, часта знянацку, месцы па ўсёй Рымскай дыяцэзіі.
«Гэта будзе серыя сустрэч з пэўнымі групамі людзей, каб разам маліцца і лепш разумець розныя формы малітвы: ад падзякі да заступніцтва; ад сузіральнай малітвы да малітвы суцяшэння; ад адарацыі да малітвы просьбы», — падзяліўся арцыбіскуп Фізікела.
Яшчэ адзін праект, на якім засяроджваюцца арганізатары Юбілею — гэта выданне васьмі тамоў у серыі пад назвай «Нататкі пра малітву».
Першы том, «Малітва сёння: выклік, які трэба пераадолець», напісаны італьянскім кардыналам Анджэло Камастры з прадмовай Папы Францішка, выйшаў 23 студзеня.
Іншыя тамы, якія будуць апублікаваны ў бліжэйшы часе, маюць назвы: «Малітва псальмамі» Джанфранко Равазі (люты 2024 года); «Малітва Езуса» Хуана Лопэса Вэргары (люты 2024 года); «Малітва са святымі і грэшнікамі» Пола Мюрэя OP (сакавік 2024 года); Антоніа Піта «Прытчы пра малітву» (сакавік 2024 года); «Касцёл у малітве» манахаў-картэзіянцаў (сакавік 2024 года); «Малітва Марыі і святых» Кэтрын Абэн (красавік 2024 года); і «Малітва, якой навучыў нас Езус: „Ойча наш“» Уго Вані (красавік 2024 года).
Заахвочванне Касцёлаў да дзеяння на мясцовым узроўні
У сваім лісце за 2022 год Папа Францішак заклікаў, каб 2024 год стаў «вялікай „сімфоніяй“ малітвы».
У адказ арганізатары Юбілею таксама падрыхтавалі пастырскія брашуры, якія будуць разасланыя ў дыяцэзіі па ўсім свеце з указаннямі і прапановамі аб спосабах малітвы, якія таксама могуць быць дастасаваныя для мясцовай аўдыторыі.
Яны будуць уключаць узоры малітваў для розных літургічных перыядаў або месцаў, такіх як санктуарыі, або катэгорый людзей, такіх як моладзь ці сем'і. Арцыбіскуп Фізікела падкрэсліў, што арганізатары Юбілею не жадаюць прапаноўваць «асаблівыя ініцыятывы», а хутчэй «на дыбачках уваходзяць у мясцовы Касцёл, прапануючы інструменты і заахвочваючы да інтэнсіўнага малітоўнага жыцця».
Каб Юбілей 2025 года быў «падзеяй, якая духоўна ўзбагачае жыццё Касцёла і ўсяго народа Божага, становіцца канкрэтным знакам надзеі, да яе неабходна рыхтавацца і жыць у паасобных супольнасцях», — патлумачыў ён.
Іх прапановы скіраваныя на тое, «каб малітва Касцёла зноў ажыла і пакінула свой след у жыцці кожнага ахрышчанага чалавека».
Нарэшце, арганізатары Юбілею збяруць разам 38 катэхез Папы Францішка на тэму малітвы, якія ён прамовіў падчас агульных аўдыенцый з 6 мая 2020 год па 16 чэрвеня 2021 года.
Чакаецца 32 мільёны пілігрымаў
Падчас прэс-канферэнцыі арцыбіскуп Фізікела таксама прывёў некаторыя лічбы, якія датычацца практычных аспектаў падрыхтоўкі да Юбілею 2025 года.
Паводле ацэнак арганізатараў, каля 32 мільёнаў пілігрымаў прыбудуць у Рым на мерапрыемствы, а Святы Пасад мае ў распараджэнні 723 чалавекі, якія працуюць на розных узроўнях, каб гэта адбылося.
Іерарх паведаміў, што дагэтуль у іх было больш за 200 сустрэч і інспекцый, паколькі горад Рым прыняў на сябе розныя праекты, каб прымеркаваць да гэтай падзеі, у тым ліку абнаўленне дарог вакол Ватыкана. Ён таксама дадаў, што ў іх ёсць 208 кантактных асобаў у італьянскіх дыяцэзіях і яшчэ 90 — для біскупскіх канферэнцый па ўсім свеце.
Арцыбіскуп Фізікела таксама нагадаў, што була Папы Францішка, якая афіцыйна абвяшчае Юбілей, будзе апублікаваная 9 мая.