17 снежня, у дзень свайго нараджэння, Папа Францішак сустрэўся з дзецьмі, якія праходзяць лячэнне ў ватыканскім дыспансеры святой Марты.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, павіншаваць Папу Францішка прыйшлі каля 200 сем’яў маленькіх пацыентаў з педыятрычнага дыспансера святой Марты. Сустрэча прайшла ў Зале Паўла VI перад нядзельнай малітвай Анёл Панскі.
Пантыфіка сустрэлі спевамі і танцамі, а таксама невялікім цыркавым прадстаўленнем, пачастункам і святочным тортам. Як заўсёды, было мноства поціскаў рук, усмешак і абдымкаў. Дзеці атрымалі калядныя падарункі ад дабрачынцаў дыспансера.
Традыцыя адзначаць дзень нараджэння Папы Францішка з пацыентамі ватыканскай педыятрычнай установы нарадзілася ў снежні 2013 года — у першы год яго абрання на катэдру святога Пятра.
У мінулым годзе ў святкаваннях узялі ўдзел некалькі ўкраінскіх сем’яў, якія жывуць у Рыме. Звяртаючыся тады да прысутных, Папа заклікаў не забывацца пра ўкраінскіх дзяцей і ўсіх дзяцей, якія пакутуюць з-за вайны.
Сёлета ў сваім прывітанні Пантыфік нагадаў дзяўчынкам і хлопчыкам пра надыходзячае свята Божага Нараджэння. Ён запрасіў гасцей заплюшчыць вочы і ў цішыні падумаць над тым, аб чым бы яны жадалі папрасіць Езуса на Каляды.
«Падумалі? Добра. Папрасіце аб гэтым потым. А я жадаю вам шчаслівага Божага Нараджэння! Шчаслівага Божага Нараджэння ўсім вам! Заўсёды ўсміхайцеся, і няхай Пан дасць вам усё тое, чаго вы жадаеце»,
— пажадаў дзецям Святы Айцец.
Педыятрычны дыспансер святой Марты быў створаны Піем XI у 1922 годзе. Ужо больш за стагоддзе ён штодня аказвае дапамогу маці і дзецям, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Гэта магчыма дзякуючы дапамозе дзясяткаў добраахвотнікаў, як медыцынскіх, так і іншых спецыяльнасцяў. Шпіталем апякуюцца сёстры міласэрнасці святога Вінцэнта дэ Поля. Узначальвае дыспансер папскі элемазінарый, кардынал Конрад Краеўскі, прэфект Дыкастэрыі па служэнні міласэрнасці.