Пошук

15.12.2023 16:30   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Аляксандра Шпілеўская / Catholic.by
Ян Гаўлік. Фотакалаж: hnonline.sk

14 снежня, падчас аўдыенцыі для кардынала Марчэло Сэмэрара, прэфекта Дыкастэрыі па справах кананізацыі, Папа Францішак зацвердзіў чатырнаццаць новых дэкрэтаў.

Пра гэта паведамляе Польская рэдакцыя парталу Vatican News. 

Адзін з дэкрэтаў датычыцца Яна Гаўліка, славацкага семінарыста  з Таварыства Місіянераў святога Вінцэнта дэ Поля, які быў арыштаваны ў 1950 годзе спецслужбамі камуністычнай Чэхаславакіі і высланы на прымусовыя працы. Праз год яго зноў арыштавалі. Пасля 15-і месяцаў катаванняў і допытаў ён быў асуджаны на 10 гадоў зняволення нібы «за здраду радзіме». Будучы вязнем, працаваў ва ўранавых шахтах. У 1958 годзе яго зноў судзілі за місіянерскую дзейнасць сярод зняволеных. Знаходзячыся пад вартай, ён падвяргаўся жорсткім псіхалагічным катаванням. Суд падоўжыў яму тэрмін зняволення яшчэ на год. З 1960 года адбываў пакаранне ў турэмных шпіталях, а ў 1962 годзе быў вызвалены.

Памёр у 1965 годзе ва ўзросце 37-і гадоў у выніку катаванняў, перанесеных у турме.

Іншымі афіцыйна прызнанымі мучанікамі сталі ксёндз Джузэпэ Россі, які ў 1945 годзе быў забіты фашысцкім апалчэннем, так званымі «Чорнымі брыгадамі», а таксама чатыры місіянеры, забітыя ў 1964 годзе камуністычнымі паўстанцамі на тэрыторыі цяперашняй Дэмакратычнай Рэспублікі Конга.

Папа Францішак таксама зацвердзіў дэкрэт аб гераічнасці цнотаў айца Альбэрто Бэрэты, брата святой Джаны Берэты. Сваё пакліканне будучы капуцын адкрыў пасля атрымання медыцынскай адукацыі. На працягу 33-х гадоў быў місіянерам у Бразіліі. Пасля перанесенага інсульту апошнія 19 гадоў жыў у Італіі. Удзельнічаў таксама ў беатыфікацыі сваёй сястры ў 1994 годзе. Памёр у 2001 годзе.

Яшчэ адзін дэкрэт аб гераічнасці цнотаў датычыцца Франчэскі Ланчэлоцці. Яна памерла 15 гадоў таму ў Рыме, была свецкім містыкам, якой Арханёл Міхал загадаў пераехаць з сям’ёй з Базылікаты ў Рым, дзе, як ён абвясціў, яна наблізіць многіх людзей да Бога. Яна пасялілася ў самым цэнтры горада, каля Калізея, дзе на працягу 40-а гадоў выконвала даручаную ёй Богам місію сярод хворых і людзей, далёкіх ад веры. Дзякуючы сваёй малітве і ахвярам яна дасягнула іх навяртання і аздараўлення цела і душы.

Франчэска Ланчэлоцці была вельмі простай жанчынай, яна скончыла ўсяго два класы пачатковай школы, лічыла сябе непісьменнай, і тым не менш многія звярталіся да яе па параду і дапамогу.

Яна не брала за гэта ніякай платы, скіроўвала ўсіх да Бога і казала шукаць дапамогі ў Яго.

Іншым свецкім, дэкрэт аб гераічнасці цнотаў якога зацвердзіў Пантыфік, стаў гватэмалец Эрнэсто Гульельмо Кафіньё Убіка. Ён быў лекарам і на працягу 24 гадоў узначальваў кафедру педыятрыі на медыцынскім факультэце Універсітэта Сан-Карлас. Быў жанаты, меў пяцёра дзяцей. У 1956 годзе ён далучыўся да прэлатуры Opus Dei («Справа Божая») і з гэтага моманту яшчэ больш умацаваў свае адносіны з Богам праз глыбокае сакрамэнтальнае жыццё і Марыйную пабожнасць. Памёр у 1991 годзе.

Астатнія пастановы Дыкастэрыі па справах кананізацыі датычацца цудаў, якія прыпісваюцца заступніцтву мексіканскага святара Мойзэса Ліра Сэрафіна, заснавальніка Кангрэгацыі Місіянерак Любові Найсвяцейшай Панны Марыі, і іспанскай манахіні кармэліткі сястры Ганны ад Езуса, якія жылі на мяжы XVI i XVII стагоддзяў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця