У адказ на пытанне філіпінскага біскупа Картэса Дыкастэрыя веравучэння пацвердзіла несумяшчальнасць каталіцкай веры і ўступлення ў масонскія ложы.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у дакуменце, падпісаным прэфектам Дыкастэрыі веравучэння арцыбіскупам Віктарам Фэрнандэсам і ўхваленым Папам Францішкам, Святы Пасад пацвердзіў, што католікам па-ранейшаму забаронена ўступаць у масонства.
15 лістапада ў адказ на пытанне філіпінскага біскупа Хуліто Картэса, заклапочанага пастаянным павелічэннем колькасці масонаў сярод вернікаў яго дыяцэзіі (Думагэтэ), Дыкастэрыя веравучэння падкрэсліла важнасць прыцягнення да ўдзелу ў гэтым пытанні Канферэнцыі біскупаў Філіпінаў. Філіпінскі епіскапат трэба «праінфармаваць пра неабходнасць рэалізацыі асобнымі біскупамі ўзгодненай стратэгіі, якая б уключала два падыходы».
Першы падыход разглядае пытанне на дактрынальным узроўні.
Дыкастэрыя веравучэння яшчэ раз пацвердзіла забарону членства вернікаў у масонскіх ложах з-за несумяшчальнасці масонства з касцёльным вучэннем (пар. Дэкларацыя Кангрэгацыі Веравучэння аб масонскіх аб’яднаннях, 1983 год), а таксама з кіруючымі прынцыпамі, апублікаванымі Канферэнцыяй біскупаў Філіпінаў у 2003 годзе.
«Тыя, хто фармальна і свядома з’яўляюцца членамі масонскай ложы і прымаюць масонскія прынцыпы, падпадаюць пад палажэнні вышэйзгаданай дэкларацыі. Гэтыя меры таксама датычацца ўсіх святароў, якія ўступілі ў масонства», — тлумачыцца ў дакуменце.
Другі падыход разглядае пытанне з пастырскага пункту гледжання. Дыкастэрыя веравучэння прапануе філіпінскім біскупам правесці «ва ўсіх парафіях катэхізацыю аб прычынах несумяшчальнасці каталіцкага веравызнання і масонства». Філіпінскіх іерархаў просяць таксама разгледзець магчымасць выступіць з публічнай заявай на гэтую тэму.
Дэкларацыя 1983 года была апублікаваная незадоўга да ўступлення ў сілу новага Кодэкса кананічнага права, які замяніў Кодэкс 1917 года. Сярод асаблівасцяў новага Кодэкса была адсутнасць адкрытага асуджэння масонства і адлучэння масонаў ад Касцёла, якія прысутнічалі ў ранейшым тэксце.
Дэкларацыя, падпісаная тагачасным кардыналам Ёзафам Ратцынгерам і сакратаром Кангрэгацыі арцыбіскупам Жэромам Амерам і ўхваленая Янам Паўлам II, пацвердзіла, што католікі, звязаныя з масонскімі ложамі, знаходзяцца «ў стане цяжкага граху».