8 лістапада Святы Айцец упаўнаважыў Дыкастэрыю па справах кананізацыі абнародаваць дэкрэты адносна цуду, які прыпісваецца заступніцтву Слугі Божага Эдуардо Франсіско Піроньё.
Пра гэта са спасылкай на каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ паведамляе Misyjne.pl
Эдуардо Франсіско Піроньё нарадзіўся 3 снежня 1920 года ў Нуэве-дэ-Хуліа (Аргенціна) у беднай сям’і італьянскіх эмігрантаў як апошняе, дваццаць другое дзіця. Скончыў курс філасофіі і тэалогіі ў духоўнай семінарыі ў Сан-Хасэ-дэ-ла-Плата і ў Папскім універсітэце святога Тамаша Аквінскага (Анджэлікум) у Рыме.
5 снежня 1943 года ў базыліцы Маці Божай Луханскай Франсіско атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне.
Святар працаваў выкладчыкам у духоўнай семінарыі ў дыяцэзіі Мэрсэдэс. У 1958 годзе быў прызначаны генеральным вікарыем гэтай дыяцэзіі. У 1960 годзе ксёндз Эдуардо Піроньё стаў рэктарам Мітрапалітальнай духоўнай семінарыі Віла Дэвота ў Буэнас-Айрэсе.
У наступныя гады ён выконваў абавязкі Апостальскага візітатара каталіцкіх універсітэтаў у Аргенціне і дэкана тэалагічнага факультэта Папскага каталіцкага ўніверсітэта. Удзельнічаў у працы Другога Ватыканскага Сабору.
24 сакавіка 1964 года Папа Павел VI прызначыў яго дапаможным біскупам архідыяцэзіі Ла-Плата. Біскупскае пасвячэнне прыняў 31 мая 1964 года.
У 1967 годзе быў прызначаны Апостальскім адміністратарам дыяцэзіі Авэльянэды. У тым жа годзе ён быў абраны Генеральным сакратаром Лацінаамерыканскай рады біскупаў (CELAM). У 1968 годзе па намінацыі Паўла VI стаў Генеральным сакратаром Другой Генеральнай канферэнцыі Лацінаамерыканскай біскупскай канферэнцыі.
У 1970 годзе быў пераабраны Генеральным сакратаром CELAM, а праз два гады стаў старшынёй рады. 19 красавіка 1972 года быў намінаваны на біскупскую кафедру ў Мар-дэль-Плата.
20 верасня 1975 года Павел VI узвёў Эдуардо Піроньё ў сан арцыбіскупа і даручыў яму пасаду прапрэфекта Кангрэгацыі па справах манаскіх і секулярных інстытутаў.
На Кансісторыі 24 мая 1976 года Павел VI прызначыў яго кардыналам-дыяканам, даручыўшы яму пасаду прэфекта Кангрэгацыі па справах манаскіх і секулярных інстытутаў. Папа таксама прызначыў яго членам некалькіх кангрэгацый і Папскіх камісій. 9 красавіка 1984 года Ян Павел ІІ прызначыў кардынала Піроньё Старшынёй Папскай рады па справах свецкіх.
Кардынал Піроньё быў арганізатарам дзвюх сустрэч моладзі ў Рыме ў 1984 і 1985 гадах і наступных Сусветных дзён моладзі: на плошчы святога Пятра ў Ватыкане (1986), у Буэнас-Айрэсе ў Аргенціне (1987), у Сант’яга дэ Кампастэла ў Іспаніі (1989), у Чэнстахове (1991), у Дэнверы ў ЗША (1993) і ў Маніле на Філіпінах (1995).
11 ліпеня 1995 года Папа Ян Павел ІІ уключыў яго ў групу кардыналаў-біскупаў. Па стане здароўя і па ўзросце Эдуардо Піроньё пакінуў пасаду 20 жніўня 1996 года. У Рыме праз два гады, 5 лютага, ён адышоў у вечнасць і быў пахаваны ў базыліцы Маці Божай у Лухане, дзе 55 гадоў да гэтага атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Беатыфікацыйны працэс вёў Касцёл у Аргенціне.
Яшчэ тры дэкрэты аб гераічнасці цнотаў
Папа Францішак таксама даў згоду Дыкастэрыі па справах кананізацыі на публікацыю яшчэ трох дэкрэтаў аб гераічнасці цнотаў. Яны датычацца:
- Слугі Божага Джузэпэ Мараццо, святара з Кангрэгацыі Рагацыяністаў Найсвяцейшага Сэрца Езуса, які нарадзіўся 5 мая 1917 года ў Сан-Віта-дэі-Нармані (Італія) і памёр 30 лістапада 1992 года ў Месіне (Італія);
- Слугі Божай Элісвы ад Найсвяцейшай Панны Марыі (свецкае імя Элісва Вакіл), заснавальніцы Кангрэгацыі Трэцяга Ордэна Кармэлітак Босых, цяпер Сясцёр Кармэлітак Тэрэзіянак, якая нарадзілася 15 кастрычніка 1831 года ў Очантуруце (Індыя) і памярла 18 ліпеня 1913 года ў Варапужы (Індыя);
- Слугі Божай Марыі Франчэскі Фарэсці (народжаная Элеанора), заснавальніцы Кангрэгацыі Сясцёр Францішканак Адаратарак, якая нарадзілася 17 лютага 1898 года у Балонні (Італія) і памерла 12 лістапада 1953 года ў Оццана-Эмілія (Італія).
У выпадку гэтых трох асоб для беатыфікацыі неабходны дэкрэт аб сапраўднасці цуду, які прыпісваецца іх заступніцтву.