Ad theologiam promovendam — «Для развіцця тэалогіі» — такую назву атрымаў Апостальскі ліст Папы Францішка ў форме motu proprio, якім ён зацвердзіў новы статут Папскай тэалагічнай акадэміі.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, дакумент быў абнародаваны ў Ватыкане 1 лістапада.
«Развіццё тэалогіі ў будучыні не можа абмяжоўвацца абстрактным паўторам формул і схем мінулага», — напісаў Папа Францішак напачатку, тлумачачы прычыны ўвядзення зменаў. Пасля амаль пяці дзесяцігоддзяў ад зацвяржэння папярэдніх нормаў надышоў час перагляду і дастасавання да «місіі, якую наш час ускладае на тэалогію».
«Сінадальны, місійны і выходзячы вонкі Касцёл можа адпавядаць толькі выходзячай тэалогіі», — лічыць Пантыфік. На яго думку, адкрытасць на свет, на чалавека ў канкрэтнасці яго экзістэнцыяльнай сітуацыі «не можа быць зведзена да тактычнага стаўлення, знешняга прыстасавання ўжо выкрышталізаванага зместу да новых сітуацый, але павінна заахвочваць тэалогію да эпістэмалагічнага і метадалагічнага пераасэнсавання».
Папская тэалагічная акадэмія, паводле Папы Францішка, павінна практыкаваць «трансдысцыплінарны падыход».
«Дыялог з іншымі формамі ведаў, безумоўна, прадугледжвае дыялог унутры касцёльнай супольнасці і ўсведамленне істотнага сінадальнага і камунійнага вымярэння тэалогіі: тэолаг не можа не жыць братэрствам і камуніяй ад першай асобы, на службе евангелізацыі і для таго, каб дасягнуць сэрца кожнага», — напісаў Святы Айцец.
Нарэшце, перакананы ён, «неабходная ўвага да навуковага статусу тэалогіі не павінна засланяць яе вымярэнне мудрасці» — «навуковы розум павінен пашырыць свае межы ў кірунку мудрасці, каб не дэгуманізаваць і не збядніць сябе». Тут тэалогія можа зрабіць свой унёсак у актуальную дыскусію, прычым не абстрактным і ідэалагічным, але духоўным чынам; яна павінна «развівацца на каленях, праз адарацыю і малітву», быць уважлівай да голасу народа, становячыся «тэалогіяй народнай, міласэрна звернутай да адкрытых ран чалавецтва і стварэння».
«Ва ўмовах абноўленай місіі тэалогіі, Папская тэалагічная акадэмія заклікана развіваць, пастаянна звяртаючы ўвагу на навуковы характар тэалагічнага разважання, трансдысцыплінарны дыялог з іншымі навуковымі, філасофскімі, гуманістычнымі і мастацкімі ведамі, з вернікамі і няверуючымі, з мужчынамі і жанчынамі розных хрысціянскіх канфесій і рэлігій», — заўважыў Папа Францішак.
На думку Пантыфіка, «гэта можа адбыцца шляхам стварэння акадэмічнай супольнасці для абмену верай і вывучэннем, якая сплятае сетку адносін з іншымі навучальнымі, адукацыйнымі і культурнымі ўстановамі і якая ведае, як з арыгінальнасцю і духам уяўлення пранікаць у экзістэнцыяльныя месцы развіцця ведаў, прафесій і хрысціянскіх супольнасцяў».
«Дзякуючы новаму статуту Папская тэалагічная акадэмія зможа лягчэй рэалізаваць мэты, якіх патрабуе час», — такое пераканне Папа Францішак выказаў у завяршэнне свайго апостальскага ліста.