Пошук

26.10.2023 14:38   Vatican News

Удзельнікі XVI Звычайнай генеральнай асамблеі Сіноду Біскупаў, першая сесія якой праходзіць у Ватыкане, скіравалі Ліст да народа Божага.

Са зместам дакумента, які быў абнародаваны ўвечары 25 кастрычніка пасля ўхвалення яго зместу шляхам галасавання ўдзельнікаў сінадальнага сходу, знаёміць Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

«Дарагія сёстры, дарагія браты, завяршаючы працу першай сесіі XVI Звычайнай генеральнай асамблеі Сіноду Біскупаў, мы хочам разам з вамі падзякаваць Богу за цудоўны і багаты досвед, які толькі што атрымалі. Гэты благаслаўлёны час мы перажылі ў глыбокай еднасці з вамі. Мы былі падтрыманыя вашымі малітвамі, несучы з сабой вашыя чаканні, вашыя пытанні, а таксама вашыя страхі», — такім словамі пачынаецца Ліст да народа Божага.

У дакуменце згадваецца, што мінула ўжо два гады пасля таго, як Святы Айцец ініцыяваў «працэс слухання і распазнавання, адкрыты на ўвесь Божы народ», а ватыканская сесія стала яго важным этапам. «Шмат у чым гэта быў беспрэцэдэнтны досвед. Упершыню на заклік Папы Францішка мужчыны і жанчыны былі запрошаныя, у сілу свайго хросту, сесці за адзін стол, каб узяць удзел не толькі ў дыскусіях, але і ў галасаванні на гэтай Асамблеі Сінода Біскупаў», — гаворыцца ў лісце.

«Карыстаючыся метадам размоў у Духу, мы з пакорай дзяліліся багаццем і нястачамі нашых супольнасцяў, спрабуючы распазнаць тое, што Святы Дух хоча сказаць Касцёлу сёння. Мы спазналі таксама важнасць падтрымкі ўзаемнага абмену паміж лацінскай традыцыяй і традыцыямі хрысціянскага Усходу. Удзел братэрскіх дэлегатаў іншых Цэркваў і касцёльных супольнасцяў глыбока ўзбагаціў нашыя дэбаты», — адзначылі ўдзельнікі Сіноду.

У пасланні падкрэсліваецца, што асамблея праходзіць у кантэксце крызісу, які перажывае свет, і што некаторыя яе ўдзельнікі прыбылі з краін, дзе ідзе вайна. «Мы маліліся за ахвяр чалавеказабойчага гвалту, не забываючы пра ўсіх тых, каго галеча і карупцыя падштурхнулі на небяспечныя шляхі міграцыі. Мы запэўнілі ў нашай салідарнасці і падтрымцы намаганняў людзей, якія ва ўсіх частках свету працуюць як рамеснікі справядлівасці і міру», — гаворыцца ў лісце.

Удзельнікі Сінода Біскупаў звярнулі ўвагу на духоўны аспект асамблеі. Яны нагадалі, што «значны час быў вылучаны на маўчанне», каб спрыяць «паважліваму слуханню адзін аднаго і жаданню адзінства ў Духу». «Дзень пры дні мы адчувалі настойлівы заклік да пастырскага і місійнага навяртання. Бо пакліканне Касцёла — абвяшчаць Евангелле, не засяроджваючыся на саміх сябе, але служачы бясконцай любові, якой Бог любіць свет», — напісалі яны.

У дакуменце выказваецца спадзяванне на тое, што час да другой сесіі Сінода аб сінадальнасці, якая пройдзе ў кастрычніку 2024 года, дазволіць усім канкрэтным чынам паўдзельнічаць у дынаміцы місійнай еднасці, акрэсленай словам «сінод». Удзельнікі сходу заклікалі ўсіх далучацца да працэсу касцёльнага распазнавання, падкрэсліўшы, што гаворка ідзе не пра ідэалогію, а пра «досвед, укаранёны ў Апостальскай Традыцыі». «Выклікі разнастайныя і пытанні шматлікія: падагульняючая справаздача першай сесіі праясніць пункты, па якіх была дасягнута згода, пакажа адкрытыя пытанні і ўкажа, як працягваць шлях», — гаворыцца ў лісце.

«Для таго, каб узрастаць у сваім распазнаванні, Касцёлу абсалютна неабходна слухаць усіх, пачынаючы ад самых бедных», — напісалі ўдзельнікі Сіноду, заклікаючы прыслухоўвацца да голасу тых, хто пазбаўлены яго ў грамадстве, хто адчувае сябе адчужаным, у тым ліку ў Касцёле; да голасу ахвяр расізму ва ўсіх яго формах, і голасу ахвяр злоўжыванняў.

Касцёл таксама мае патрэбу ў тым, каб слухаць свецкіх вернікаў: «сведчанне катэхетаў, якія ў многіх сітуацыях першымі абвяшчаюць Евангелле»; «прастату і жвавасць дзяцей, энтузіязм маладых людзей, іх пытанні і заклікі»; «мары пажылых людзей, іх мудрасць і іх памяць», — гаворыцца ў лісце. Падкрэсліваецца, што Касцёл павінен прыслухоўвацца да сем’яў з іх трывогамі і сведчаннем; пачуць голас тых, хто прагне прымаць удзел у свецкім служэнні, у працы структур, якія займаюцца распазнаваннем і прыняццем рашэнняў.

«Каб узрастаць у сінадальным распазнаванні, Касцёлу асабліва неабходна яшчэ лепш пачуць словы і досвед пасвячоных служыцеляў: святароў, першых супрацоўнікаў біскупаў, сакрамэнтальная паслуга якіх з’яўляецца неабходнай для жыцця ўсяго Цела; дыяканаў, якія праз сваё служэнне выражаюць клопат усяго Касцёла аб служэнні найбольш уразлівым», — падкрэслілі ўдзельнікі Сіноду, адзначыўшы таксама важнасць «прарочага голасу кансэкраванага жыцця». У дакуменце сцяврджаецца, што Касцёл «павінен быць уважлівым да тых, хто не падзяляе яго веру, але шукае праўду, і ў якіх прысутнічае і дзейнічае Святы Дух».

На завяршэнне паслання ўдзельнікі ватыканскага сходу нагадалі словы Святога Айца пра важнасць умацавання супрацоўніцтва ва ўсіх сферах місіі Касцёла і пра тое, што шлях сінадальнасці — гэта шлях, якога Бог чакае ад Касцёла трэцяга тысячагоддзя.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.