Пошук

11.08.2023 10:10   Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: Vatican Media

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая адбылася ў зале Паўла VI у Ватыкане 9 жніўня і стала першай пасля перыяду летняга адпачынку Пантыфіка, Папа Францішак падвёў вынікі свайго Апостальскага падарожжа ў Партугалію, здзейсненага ім з 2 па 6 жніўня з нагоды 37-х Сусветных дзён моладзі, што праходзілі ў Лісабоне.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, перадусім Святы Айцец нагадаў, што дні моладзі ў Партугаліі сталі першымі пасля перажытай пандэміі каранавірусу і ўспрымаліся многімі як дар Бога. «Мы добра ведаем, што пандэмія сур’ёзна паўплывала на сацыяльныя паводзіны: ізаляцыя часта выраджалася ў закрытасць, а моладзь адчула гэта асаблівым чынам. З дапамогай Сусветных дзён моладзі Бог даў „штуршок“ у адваротным кірунку: яны пазначылі новы пачатак вялікага пілігрымавання моладзі па ўсіх кантынентах у імя Езуса Хрыста», — падкрэсліў Пантыфік.

Ён заўважыў, што ўдзельнікам форума было прапанавана паглядзець на прыклад Багародзіцы, якая ў самы крытычны для Яе момант паспяшалася з дапамогай да сваёй сваячкі Альжбеты.

Папа адзначыў, што Марыя ўказвае шлях наследавання Езуса юнакам і дзяўчатам трэцяга тысячагоддзя, «як зрабіла гэта амаль стагоддзе таму ў Партугаліі, у Фаціме, калі звярнулася да трох дзяцей, давяраючы ім пасланне веры і надзеі для Касцёла і свету».

«Таму падчас СДМ я вярнуўся ў Фаціму, у месца аб’яўленняў, і разам з некаторымі хворымі маладымі людзьмі маліўся Богу, каб Ён аздаравіў свет ад хвароб духа: пыхі, хлусні, варожасці, насілля: усё гэта хваробы духа, і свет хварэе на іх. Мы аднавілі наша прысвячэнне Еўропы і свету Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Я маліўся за мір, бо шмат войнаў ідзе ва ўсіх частках свету», — сказаў Святы Айцец.

Пастыр паўсюднага Касцёла адзначыў, што на Сусветныя дні моладзі прыбылі юнакі і дзяўчаты з розных частак свету, у тым ліку з Украіны, якія прывезлі разам з сабой вельмі балючыя гісторыі.

«Гэта не былі канікулы, турыстычнае падарожжа і нават не духоўная падзея дзеля самой сябе: Сусветныя дні моладзі — гэта сустрэча з жывым Хрыстом праз Касцёл; моладзь прыехала, каб сустрэць Хрыста», — дадаў Францішак.

Папа падзякаваў Касцёлу ў Партугаліі за арганізацыю форуму і гасціннасць, выказаўшы ўпэўненасць, што падзея дасць яму новыя сілы і дапаможа ў апостальскай дзейнасці.

«У той час, як ідзе змаганне ва Украіне і іншых частках свету, а ў пэўных схаваных кабінетах плануецца вайна, Сусветныя дні моладзі паказалі ўсім, што магчымы іншы свет: свет братоў і сясцёр, дзе сцягі ўсіх народаў лунаюць разам, побач, без нянавісці, без страху, без закрытасці, без зброі!

Пасланне моладзі было ясным; я пытаюся ў сябе: ці пачуюць яго моцныя гэтага свету? Ці пачуюць гэты юнацкі энтузіязм, які прагне міру? Гэта прыпавесць для нашага часу, і цяпер Езус кажа зноў: „Хто мае вушы, няхай слухае! Хто мае вочы, няхай бачыць!“ Будзем спадзявацца, што ўвесь свет пачуе гэтыя Сусветныя дні моладзі і будзе глядзець на прыгажосць моладзі, рухаючыся наперад», — выказаў перакананне Святы Айцец.

Абноўлена 11.08.2023 10:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа