![](/3/images/news/2023/08/2022-03-15-san-pietro_630.jpg)
8 жніўня быў абнародаваны Апостальскі ліст Святога Айца Францішка ў форме motu proprio аб змене двух канонаў кананічнага права, якія датычацца персанальных прэлатур.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, з гэтага часу персанальныя прэлатуры прыраўноўвацца да публічных святарскіх аб’яднанняў папскага права.
Новы Апостальскі ліст Папы Францішка ўносіць змены ў каноны 295 і 296, якія рэгулююць дзейнасць персанальных прэлатур. На актуальны момант у Касцёле існуе адзіная персанальная прэлатура — Opus Dei, створаная 40 гадоў таму Апостальскай канстытуцыяй Яна Паўла II Ut sit. Дзейнасць прэлатуры ўжо была скарэктавана ў ліпені 2022 года Апостальскім лістом Папы Францішка Ad charisma tuendum — «Каб захаваць харызму».
Згодна з новым motu proprio, персанальныя прэлатуры прыраўноўваюцца да «публічных святарскіх аб’яднанняў папскага права з паўнамоцтвамі інкардынаваць духоўных асоб».
Статуты персанальных прэлатур могуць быць «ухвалены або выдадзены Апостальскай Сталіцай». Прэлат выконвае ролю «мадэратара, надзеленага паўнамоцтвамі ардынарыя» (кан. 295, § 1). Ён павінен забяспечваць як духоўную адукацыю тых асоб, якіх ён прызначае, так і годныя сродкі для іх існавання (кан. 295, § 2).
Акрамя таго, новы ліст motu proprio уносіць змены ў 296-ы канон, звязаны з удзелам свецкіх у апостальскай дзейнасці персанальных прэлатур, са спасылкай на 107-ы канон. Згодна з 296-м канонам, свецкія могуць прысвяціць сябе апостальскай дзейнасці персанальнай прэлатуры, але спосабы супрацоўніцтва і звязаныя з ім асноўныя абавязкі і правы павінны быць адпаведным чынам вызначаны ў статуце, гаворыцца ў Апостальскім лісце motu proprio, які ўступіў у сілу з моманту публікацыі.