2 кастрычніка споўнілася 90 гадоў Прэлатуры Святога Крыжа і Opus Dei (Божая справа) — каталіцкай арганізацыі, якую заснаваў у 1928 г. іспанскі святар св. Хасэмарыя Эскрыва.
Opus Dei дзейнічае ў 80 краінах свету і налічвае ў сваіх шэрагах больш за 90 тыс. чалавек. Пераважную большасць яе членаў — амаль 98 працэнтаў — складаюць свецкія вернікі, якія, жывучы паводле вучэння Каталіцкага Касцёла, імкнуцца да святасці праз сумленнае выкананне сваіх штодзённых, сямейных і прафесійных абавязкаў, ствараючы «высокую паэзію з прозы будзённасці», як казаў св. Хасэмарыя Эскрыва.
Заснавальнік Прэлатуры быў кананізаваны ў 2002 г. Ён з’яўляецца аўтарам кніг «Сябры Божыя», «Шлях», «Кузня», «Баразна», «Крыжовы шлях», «Ружанец», «Хрыстос праходзіць побач», у якіх у форме кароткіх і трапных выказванняў дае каштоўныя духоўныя парады хрысціянам, якія жывуць у свеце.
«Рабі дабро, практыкуйся ў справядлівасці — асабліва дома, у коле сваіх бліжніх. Нават калі ты падаеш ад стомы, заражай радасцю тых, хто побач: калегаў па працы, служачы іншым з задавальненнем, з усмешкай і ўдзелам, выконваючы даручэнні на мяжы магчымасцяў, з максімальнай дасканаласцю. І ўсё гэта — у імя Божай любові, на хвалу Божую, з позіркам, скіраваным увышыню, да вечнай радзімы. Толькі гэтая мэта і вартая намаганняў», — пісаў ён.
Opus Dei ажыццяўляе сваю працу праз выхаваўчыя, дабрачынныя і культурныя цэнтры. Ёй належаць школы, шпіталі, універсітэты і цэнтры прафесійнай падрыхтоўкі.
Сёння Прэлатурай кіруе трэці наступнік св. Хасэмарыі Эскрывы іспанскі святар кс. Фэрнандо Акарыс Бранья.