Каля 300 удзельнікаў сабралася ў Рыме на надзвычайны агульны кангрэс прэлатуры Opus Dei («Справа Божая»), які праходзіць з 12 па 16 красавіка.
Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, удзельнікі прыбылі на кангрэс з пяці кантынентаў: Азіі (6,2%), Акеаніі (1,1%), Амерыкі (36%), Афрыкі (6,6%) і Еўропы (50%). У кангрэсе бяруць удзел 126 жанчын і 148 мужчын, 90 з якіх — святары.
Сабраныя ў Рыме разгледзяць Статут гэтай касцёльнай структуры з мэтаю дастасаваць яго паводле дакумента ў форме motu proprio Папы Францішка «Ad charisma tuendum» («З клопатам пра харызму») ад 14 ліпеня мінулага года, які акрэслівае арганізацыю прэлатуры ў адпаведнасці са сведчаннем яе заснавальніка святога Хосэмарыі Эскрывы дэ Балагера, а таксама з палажэннямі саборнай эклезіялогіі адносна персанальных прэлатур.
Кангрэс быў скліканы прэлатам, біскупам Фэрнандо Акарысам Бранья з мэтаю «выканання таго, пра што папрасіў нас Папа ў справе дастасавання Статуту Opus Dei да палажэнняў motu proprio „Ad charisma tuendum“».
6 кастрычніка мінулага года ў лісце вернікам Opus Dei прэлат, абвяшчаючы скліканне кангрэсу, папрасіў іх прадумаць канкрэтныя прапановы адносна дастасавання Статуту, каб прадставіць іх на надзвычайным кангрэсе.
Кангрэс распачаўся святой Імшой, на якой удзельнікі даручылі сваю справу Пану Богу. Для працы яны падзяліліся на дыскусійныя групы для абмеркавання прапаноў адносна адаптацыі некаторых пунктаў Статуту Opus Deі.
Як паведаміў 30 сакавіка біскуп прэлат, вынікі гэтай працы не будуць адразу ж апублікаваныя, паколькі напачатку іх неабходна прадставіць Дыкастэрыі па справах духавенства, у падпарадкаванні якой з мінулага лета знаходзяцца персанальныя прэлатуры.
Пасля азнаямлення з вынікамі працы, «Святы Пасад перадасць канчатковыя дастасаванні Статуту, зацверджаныя Папам, які з’яўляецца заканадаўцам у гэтай сферы».
У цяперашні час у склад прэлатуры Opus Dei уваходзяць 93 тыс. 600 асоб, з якіх 60% складаюць жанчыны. Большасць членаў Opus Dei таксама цалкам належаць сваім дыяцэзіям і жывуць у паслухмянасці свайму дыяцэзіяльнаму біскупу. Значна большая колькасць людзей, супрацоўнікаў і сяброў прэлатуры, удзельнічае дзейнасці хрысціянскага выхавання або атаясамлівае сябе з харызмай Opus Dei.