Пошук

13.07.2023 13:27   Паводле: Vatican News

7 ліпеня Святы Пасад апублікаваў поўны спіс асоб, якія прымуць удзел у XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў. Першая сесія пройдзе ў Ватыкане з 4 па 29 кастрычніка 2023 года.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, спіс пачынаецца з Папы Францішка як старшыні Асамблеі, за якім ідзе генеральны сакратар Сіноду кардынал Марыё Грэк. Далей пералічваюцца дзевяць дэлегаваных старшынь, якія па чарзе ад імя Святога Айца будуць старшынстваваць падчас пасяджэнняў. Тут два кардыналы, сярод якіх адзін усходні Патрыярх, тры арцыбіскупы, два біскупы, святар, законніца і свецкая верніца.

Галоўны рэлятар (дакладчык) — кардынал Жан-Клод Ольрыш, арцыбіскуп Люксембуржскі, спецыяльныя сакратары — ксёндз Джакамо Коста і кіраўнік Італьянскага тэалагічнага таварыства ксёндз Рыкардо Баток’ё. У рамках Сінода таксама будзе працаваць Камісія па камунікацыі, якую ўзначаліць прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паоло Руфіні.

Ніжэй прыведзены спіс Айцоў Сінода, якія прадстаўляюць Сіноды і Рады Усходніх Каталіцкіх Цэркваў і Канферэнцыі Біскупаў.

Як паведамлялася раней, Каталіцкі епіскапат Беларусі скіраваў на Асамблею дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага.

Акрамя таго, у спісе ўдзельнікаў ёсць прадстаўнікі рэгіянальных біскупскіх аб’яднанняў, у прыватнасці, Раду Біскупскіх Канферэнцый Еўропы будзе прадстаўляць яе Старшыня арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас.

Далей называюцца асобы, дэлегаваныя аб’яднаннямі вышэйшых абатаў і настаяцеляў манаскіх ордэнаў і кангрэгацый, кіраўнікі дыкастэрый Рымскай курыі, а таксама тыя, каго асабіста прызначыў Папа.

Спіс завяршаецца іерархамі, якія ўваходзяць у склад Звычайнай рады Генеральнага сакратарыята Сіноду.

Акрамя таго, называюцца імёны спецыяльных гасцей, духоўных асістэнтаў, экспертаў і фасілітатараў.

«Сінод застанецца Сінодам Біскупаў», — гарантаваў кардынал Марыё Грэк на прэзентацыі спісу ўдзельнікаў XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі.

«Сіноду без біскупа не бывае, таму што біскупы маюць асноватворнае служэнне, менавіта іх Пан паставіў у Касцёле, каб яны вялі даручаны ім народ», — адзначыў кіраўнік Генеральнага сакратарыята Сіноду, адказваючы на пытанне журналістаў аб магчымым правядзенні ў будучыні Сіноду народа Божага, арыентаванага на большую прысутнасць і ўдзел свецкіх вернікаў.

«Нават кантынентальныя сустрэчы былі сінадальнымі асамблеямі, — адзначыў кардынал. — Калі будзе іншы сінадальны досвед, то Дух Святы скажа пра гэта. Няхай Дух працягвае асвятляць Касцёл. Усё пачынаецца з хросту, як мы чытаем у Instrumentum laboris, потым ідуць розныя служэнні на службе Касцёла».

«Сінод — гэта працэс, які пачаўся ў 2021 годзе з нізоў», — нагадаў біскуп Луіс Марын дэ Сан Марцін, намеснік кіраўніка Генеральнага сакратарыята Сіноду, падкрэсліўшы, што «адзінства і разнастайнасць Касцёла як сям’і вынікае з кантынентальных сходаў. Сінод — гэта вельмі важны момант для Касцёла, мэта якога — стварэнне гармоніі, а не палярызацыі».

Сінод, скліканы Папам Францішкам на тэму «На карысць Касцёла сінадальнага: камунія, удзел і місія», пройдзе ў дзве сесіі: першая з іх — з 4 па 29 кастрычніка 2023 года, другая ў 2024 годзе, прычым абедзве Асамблеі адбудуцца ў Ватыкане. Іх удзельнікі абмяркуюць вынікі глабальнага кансультацыйнага працэсу.

Упершыню па рашэнні Папы сярод больш чым 360-і удзельнікаў кастрычніцкай асамблеі ажно чвэрць не будуць біскупамі — гэта святары, дыяканы, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі. Упершыню ў гісторыі сярод іх аказаліся жанчыны. Іх будзе 52, што складае 14 працэнтаў удзельнікаў з правам голасу.

Высновы і прапановы Сіноду не з’яўляюцца абавязковымі: яны служаць дарадчым голасам для Пантыфіка.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця