20 чэрвеня ў Ватыкане быў абнародаваны і прадстаўлены працоўны дакумент і метадалогія першай сесіі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў, якая пройдзе ў кастрычніку 2023 года.
Як адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Instrumentum laboris, які складаецца з дзвюх галоўных частак, з’яўляецца плёнам дыяцэзіяльнага і кантынентальнага этапаў сінадальнага шляху Касцёла. Ён стане асновай для дыскусій удзельнікаў кастрычніцкага сходу.
Адзначаецца, што тэкст з’яўляецца ўсяго толькі зыходным, а не канчатковым пунктам. Таксама падкрэсліваецца, што «мэта сінадальнага працэсу — не выдаваць дакументы, а адкрываць гарызонт надзеі».
Першая частка дакумента — секцыя А — называецца «На карысць Касцёла сінадальнага. Цэласны досвед». У ёй абагульняецца сінадальны досвед апошніх двух гадоў і гаворыцца пра спосабы ператварэння ва ўсё больш сінадальны Касцёл.
Другая частка — секцыя В — называецца «Камунія, місія, удзел. Тры прыярытэтныя пытанні». Яна ўтрымлівае ў сабе пятнаццаць падпунктаў, прысвечаных тром галоўным праблемам, якія будуць знаходзіцца ў цэнтры ўвагі падчас першай сесіі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў.
У першую чаргу гаворка ідзе пра ўмацаванне «камуніі, якая выпраменьваецца».
Удзельнікі Сіноду будуць разважаць над тым, як міласэрнае служэнне і праца на карысць справядлівасці і клопату пра супольны дом могуць умацаваць камунію ў сінадальным Касцёле; як сінадальны Касцёл можа зрабіць больш пераканаўчым абяцанне, згодна з якім «любоў і праўда сустрэнуцца» (Пс 85, 11); як сінадальны Касцёл можа лепш спаўняць сваю місію праз абноўленую экуменічную дзейнасць; як распазнаць і сабраць багацці культур і развіць дыялог паміж рэлігіямі ў святле Евангелля.
Наступная серыя пытанняў, якая ўтрымліваецца ў другой секцыі дакумента, датычыцца «суадказнасці ў місіі». Удзельнікі Асамблеі будуць разважаць пра тое, «як ісці разам да агульнага ўсведамлення значэння і зместу місій»; што рабіць, каб сінадальны Касцёл быў таксама «місійным Касцёлам», які служыць; якім чынам Касцёл у наш час можа лепш спаўняць сваю місію праз большае прызнанне і пашырэнне годнасці жанчыны, якая атрымліваецца з хростам; якую ролю ў місійнай перспектыве мае служэнне пасвячаных асоб у яго адносінах да служэнняў усіх ахрышчаных; як абнавіць і развіваць служэнне біскупа ў сінадальнай місійнай перспектыве.
Нарэшце, апошняя частка пытанняў датычыцца «ўдзелу, заданняў, адказнасці і ўлады». Тут у цэнтры ўвагі знаходзяцца пытанні пра тое, як абнавіць служэнне людзей, надзеленых уладай і адказнасцю ў сінадальным місійным Касцёле; якім чынам зрабіць практыкі распазнавання і прыняцця рашэнняў па-сапраўднаму сінадальнымі і адкрытымі на дзеянне Святога Духа; якія структуры могуць быць развітыя, каб умацаваць сінадальны місійны Касцёл; якім чынам наладзіць моманты сінадальнасці і калегіяльнасці ў мясцовых Касцёлах; як умацаваць інстытут Сіноду, каб ён быў выразам біскупскай калегіяльнасці ўнутры сінадальнага Касцёла.
У дакуменце звяртаецца ўвага на вялікае мноства актуальных праблем, якія стаяць перад светам і Касцёлам, а таксама гучыць прапанова ўключыцца ў пошук пераадолення гэтых крызісаў у духу камуніі, місіі і ўдзелу.