Пошук

23.05.2023 15:37   Vatican News
Фота: Сhiesacattolica.it

Папа Францішак прысутнічаў на адкрыцці 77-й Генеральнай асамблеі Канферэнцыі епіскапату Італіі, якая праходзіць у Ватыкане з 22 па 25 мая.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец каля трох гадзін адказваў на пытанні біскупаў на такія тэмы, як мір, фінансы, навакольнае асяроддзе, ідэалогіі, служэнне біскупаў і святароў, міласэрнасць да бедных і бежанцаў.

У панядзелак у другой палове дня ў ватыканскай зале Сіноду распачалася Генеральная асамблея Канферэнцыі епіскапату Італіі на тэму: «Слухаючы тое, што Святы Дух гаворыць Касцёлам. Крокі да распазнавання».

У пасяджэнні бяруць удзел больш за 200 біскупаў з усіх рэгіёнаў Італіі.

Сустрэча іерархаў з Пантыфікам прайшла за зачыненымі дзвярыма, распачаўшыся сумеснай малітвай. Потым, па традыцыі, Папа Францішак адказаў на пытанні ўдзельнікаў асамблеі. Як паведамілі некаторыя біскупы ў кулуарах сустрэчы, сярод асноўных тэм было змяншэнне пакліканняў і магчымыя аб’яднанні семінарый. Гэтая тэма ўжо закраналася ў сакавіку на аўдыенцыі з біскупамі Калабрыі. Пантыфік таксама звярнуў увагу на служэнне святароў, да якіх, як заўсёды, прасіў біскупаў праяўляць блізкасць.

Сярод іншых актуальных праблем, пра якія ўзгадаў Папа, былі мір ва Украіне і ва ўсім свеце, сучасныя ідэалогіі, культурныя праблемы і фінансавыя пытанні, якія часта выклікаюць цяжкасці для Касцёла.

У цэнтры ўвагі былі таксама і экалагічныя праблемы, для вырашэння якіх неабходна змяніць лад мыслення. Некаторыя пытанні датычыліся новага стылю, запатрабаванага Сінадальным шляхам з удзелам Касцёлаў пяці кантынентаў. Папа заклікаў удзельнікаў асамблеі ніколі не выпускаць з-пад увагі праблему беднасці, старой і новай, і з павагай адзначыў дабрачынны аспект дзейнасці італьянскага епіскапату, які цягам гадоў прымае мігрантаў і бежанцаў.

Менавіта тэме міграцыі прысвечана кніга пад назвай Fratellino — «Mалодшы брат», якую напрыканцы сустрэчы атрымалі ў падарунак ад Папы італьянскія біскупы. У ёй паэт Аметс Арзалус Антыя распавядае драму маладога мігранта Ібрагіма Балдэ, які пакінуў сваю краіну, Гвінею, каб знайсці малодшага брата. Той, у сваю чаргу, выправіўся ў Еўропу, але не дасягнуў яе. Кніга распавядае аб перасячэнні пустыні, гандлі людзьмі, зняволеннях, катаваннях, марскім падарожжы, смерці. Папа Францішак неаднаразова ўзгадваў гэты твор падчас некаторых прэс-канферэнцый і аўдыенцый.

На адной такой сустрэчы з мігрантамі, якія прыбылі ў Еўропу па гуманітарных калідорах, арганізаваных супольнасцю святога Эгідыя, Федэрацыяй евангелічных Цэркваў, Вальдэнскай Царквой і італьянскім Касцёлам, якая прайшла ў Ватыкане 18 сакавіка, Папа назваў гэтую кнігу лібрэта, якое акрэслівае крыжовы шлях многіх братоў і сясцёр у свеце.

Біскуп Рыма асабліва прывітаў іерархаў з рэгіёнаў, пацярпелых ад разбуральнай паводкі ў Эміліі-Раманьі, і папрасіў іх запэўніць супольнасці ў яго асабістых малітвах.

Біскупы Эміліі-Раманьі выказалі Святому Айцу падзяку за пасланне салідарнасці. «Мы нагадалі яму, — адзначылі іерархі, — што жыхары Раманьі стойкія, але выпрабаванні здараюцца занадта часта, і нам патрэбна яго малітва і блізкасць».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця