Пошук

19.05.2023 12:58   Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: АР

Увечары 18 мая на тэрыторыю Дзяржавы Ватыкан без дазволу прарваўся аўтамабіль, за рулём якога знаходзіўся 40-гадовы мужчына ў цяжкім псіхафізічным стане. Кіроўца затрыманы.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, аўтамабіль, які рухаўся на вялікай хуткасці, прарваўся ў Ватыкан праз уваход святой Ганны, дзе месцяцца кантрольныя пасты Папскай швейцарскай гвардыі і ватыканскай жандармерыі. Нягледзячы на ўказанні швейцарскіх гвардзейцаў, якія перапынілі яму доступ, паколькі кіроўца не меў адпаведных дазволаў, ён ненадоўга выехаў за браму, каб здзейсніць манеўр, вярнуцца і на вялікай хуткасці прарвацца праз пасты.

Спрабуючы спыніць аўтамабіль, інспектар жандармерыі страляў з пісталета па пярэдніх колах машыны, трапіўшы ў яе, але машына ўсё роўна працягнула рух.

Быў хутка перададзены сігнал трывогі, ахоўнікі зачынілі брамы, якія вядуць у заднюю частку базілікі святога Пятра, Ватыканскія сады і на плошчу святой Марты. Кіроўцы ўдалося даехаць да падворку святога Дамаса каля Апостальскага палаца. Тут ён самастойна выйшаў з машыны і быў затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

«Мужчыну ва ўзросце каля 40-а гадоў неадкладна агледзелі медыкі Упраўлення аховы здароўя і гігіены Дзяржавы Ватыкан, якія канстатавалі сур’ёзны стан псіхафізічных змен. У цяперашні час гэты чалавек утрымліваецца ў турэмнай камеры ў новым памяшканні казармы жандармерыі, якая знаходзіцца ў распараджэнні судовых органаў», — паведаміла Прэс-служба Святога Пасаду.

Абноўлена 19.05.2023 13:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.