На прэс-канферэнцыі адносна падрыхтоўкі, што вядзецца ў Рыме да Юбілею 2025 года, была агучана прыблізная лічба пілігрымаў і турыстаў, якія з гэтай нагоды наведаюць Вечны горад.
Як паведаміла Польская рэдакцыя парталу Vatican News, пра-прэфект Дыкастэрыі па справах Еванелізацыі арцыбіскуп Рыно Фізікела, якому Папа Францішак даручыў падрыхтоўку да Юбілею, заўважыў, што ў наступныя месяцы жыхароў Рыма і турыстаў, якія наведваюць адзін з найбольш прыцягальных гарадоў у свеце, чакае нямала цяжкасцяў з-за падрыхтоўчых прац, што вядуцца да Юбілею 2025 года. Паводле арцыбіскупа, у правядзенні гэтых прац Ватыкан шчыльна супрацоўнічае з уладамі Італіі і Рыма. Іх мэта ў тым, каб забяспечыць адпаведны прыём пілігрымаў, падрыхтаваць транспарт і запэўніць бяспеку, а таксама арганізаваць валанцёраў.
«Спадзяемся, што плёнам стане больш прыгожы, больш сяброўскі і гасцінны горад», — сказаў арцыбіскуп Фізікела. Чакаецца, што Юбілей 2025 года прыцягне ў Рым больш за 32 млн асоб з усяго свету.
З 10 мая ў сеціве распачаў працу новы інфармацыйны сайт, прысвечаны Юбілею: www.iubilaeum2025.va. Рэсурс даступны ў васьмі моўных версіях, у тым ліку па-кітайску. У верасні таксама з’явіцца спецыяльны мабільны дадатак для пілігрымаў, з дапамогай якога можна будзе атрымаць карту пілігрыма, што будзе дзейнічаць у гарадской камунікацыі, некаторых рэстаранах і месцах начлегу.